У Рады Еўропы ёсць план, як дапамагчы беларусам. Што ён уключае?


Рада Еўропы запускае план дзеянняў для падтрымання беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці на 2023 год. Пра гэта паведамілі ў Офісе Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская і Марыя Пэйчынавіч-Бурыч.
Фота: coe.int

1 лютага на пасяджэнні Камітэту міністраў Рады Еўропы абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і генеральная сакратарка РЕ Марыя Пэйчынавіч-Бурыч прэзентавалі план з 15 канкрэтных крокаў для падтрымання прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў, які быў распрацаваны з прадстаўнікамі кантактнай групы.

Гэтыя захады будуць скіраваныя на падтрыманне незалежных журналістаў, дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў, садзейнічанне ўцягванню моладзі ў дэмакратычныя працэсы і працу над пытаннямі недыскрымінацыі і гендарнай роўнасці. Больш падрабязна план распісаны на сайце Рады Еўропы.

Аналітыка
«Мы на гэтым узроўні ніколі не былі». Як беларускія дэмсілы замянілі рэжым у стасунках з Радай Еўропы
2022.11.09 07:00

Рада Еўропы ўключае 46 дзяржаваў еўрапейскага рэгіёну, ад Скандынавіі і да Каўказу. Мэта арганізацыі – садзейнічаць супрацы паміж краінамі Еўропы ў галіне стандартаў права, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна, дэмакратычнага развіцця, законнасці і культурнага ўзаемадзеяння.

Беларусь ніколі не была чальцом Рады Еўропы, але актыўна з ёй супрацоўнічала. У 1993 годзе Менск падаў заяўку на ўступленне ў арганізацыю, але пасля дзяржаўнага перавароту 1996 года разгляд беларускай заяўкі адклалі. Адной з галоўных умоваў для ўступлення нашай краіны ў Раду Еўропу было ўвядзенне мараторыю на смяротнае пакаранне, якое і дагэтуль працягвае здзяйсняцца.

26 лістапада 2020 года міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей выставіў Радзе Еўропы ўмовы для далейшай супрацы – узаемадзеяць толькі з прадстаўнікамі рэжыму. Замест гэтага 7 верасня 2022 года рашэннем Камітэту міністраў Рады міністраў была створаная Кантактная група для Беларусі. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі, а таксама Рады Еўропы. Першая сустрэча кантактнай групы адбылася 7 лістапада, а другая – 25 студзеня 2023 года ў Страсбуры.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў