СК расследаваў крымінальныя справы Валерыя Цапкалы і Уладзіміра Астапенкі за 10 дзён


Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальных справаў, заведзеных у межах так званага «спецыяльнага вядзення» на палітыка Валерыя Цапкалу і экс-амбасадара Беларусі ў Аргентыне Уладзіміра Астапенку, паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Праваабаронцы зазначаюць, што расследаванне справы ў дачыненні Валерыя Цапкалы заняло ўсяго 10 дзён, а «спецвядзенне» Уладзіміра Астапенкі – толькі тыдзень.

СК перадаў крымінальныя справы генеральнаму пракурору для накіравання ў суд, паведамляе «Вясна».

Інфармацыя пра тое, што СК пачаў «спецыяльнае вядзенне» ў дачыненні Валерыя Цапкалы, з’явілася 19 снежня. Палітыка вінавацяць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Экс-амбасадару Беларусі ў Аргентыне Уладзіміру Астапенку інкрымінуюць злачынства паводле ч. 3 арт. 210 КК («Завалоданне маёмасцю ў буйным памеры, учыненае службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў»). «Спецвядзенне» на дыпламата распачалі 21 снежня.

Як тлумачыў раней СК, «спецыяльнае вядзенне – гэта вядзенне ў крымінальнай справе ў дачыненні абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». Суды ў такіх выпадках праходзяць у завочным рэжыме. Адзін з першых завочных судоў адбыўся над спартоўцамі Аляксандрай Герасіменяй і Аляксандрам Апейкіным. 26 снежня іх прысудзілі завочна да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў