«На тысячу платоў ёсць дзве тысячы рашэнняў». Як мігранты ідуць у Еўропу праз Беларусь


Польская памежная служба фіксуе рост спробаў нерэгулярнай міграцыі з боку Беларусі ў разы. Польскі бок нават абвясціў, што частку працаўнікоў з памежных пунктаў скіравалі патруляваць мяжу, таму на пераходах з Беларуссю рэгулярна назіраюцца вялікія чэргі. Аднак ні плот, ні ўзмацненне персаналам не дапамагае. Мігранты дзясяткамі прарываюцца ў Польшчу і публікуюць відэа пра гэта. «Белсат» даведаўся, як гэта адбываецца.

Мяжа Польшчы з Беларуссю.
Фота: Straż Graniczna / X

Яшчэ 5 красавіка польская памежная служба пісала, што плынь мігрантаў расце. На той момант спробаў незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу з пачатку года былі 4,5 тысячы. Аднак у другой палове траўня толькі за кожныя двое содняў колькасць такіх спробаў складала ўжо 200–900.

Даведка

Паводле прэс-службы польскіх памежнікаў толькі 24–26 траўня на мяжы з Беларуссю зафіксаваныя больш за 630 спробаў незаконнага пераходу польскай мяжы. За пасобніцтва затрымалі дзвюх асобаў Польскія памежнікі надалі дапамогу 11 замежнікам.

Расея – Беларусь – Польшча – Нямеччына

Каб адпраўляць мігрантаў да польскай мяжы і пераводзіць праз яе, працуюць наладжаныя схемы. Прычым яны не асабліва сакрэтныя, бо ў «Telegram» ёсць цэлая сетка адмысловых адкрытых чатаў. Там арганізатары нерэгулярнай міграцыі паведамляюць кошты, прапановы, апавядаюць пра становішча на мяжы.

У адным з тэлеграм-чатаў спасылка на невялікую суполку ў «WhatsApp» з назвай, якая перакладаецца як «Дапамога мігрантам. Расея і Беларусь». Усяго там 459 удзельнікаў. У асноўным нумары тэлефонаў, на якія зарэгістраваныя акаўнты ў гэтай суполцы, з Афрыкі, Сірыі, Ірану. Таксама 25 беларускіх нумароў і каля 70 расейскіх.

Суполкі ў Telegram бываюць на 2 тысячы чалавек, а ёсць і амаль на 17,6 тысячы чалавек. Апошняя прысвечаная менавіта мінанню беларуска-польскай мяжы. 7 траўня там зʼявілася папярэджанне, што ў Беларусі і Расеі будзе святкавацца Дзень Перамогі. Мігрантам рэкамендуюць не праяўляць актыўнасці, а таксама быць асцярожнымі праз павышаны кантроль сілавікоў на дарогах і каля мяжы.

«Расея па-ранейшаму застаецца краінай, якая лічыцца найлепшым спосабам дабрацца да Еўропы», – гаворыцца ў паведамленні адміністратара адной з суполак.

Мяркуючы з пастоў, мігранты масава атрымліваюць расейскія візы, а далей ідуць у бок Беларусі ці Фінляндыі. Фатаграфіі візаў у якасці рэкламы і справаздачаў часта публікуюцца.

Справаздача пра атрыманне расейскай візы ў мігранцкім чаце з кантактам арганізатара міграцыі.
Скрыншот: «Белсат»

«Колькі каштуе з Егіпта ў Расею, а затым у Нямеччыну?» – пытае ўдзельнік суполкі.

У адным з паведамленняў адміністратар піша, што расейская віза будзе каштаваць $ 4,5 тысячы. А з Менску да Нямеччыны прапануюць дабрацца за 20 гадзінаў. Абяцаюць, што прайсці давядзецца ўсяго 2 кіламетры на польскім баку. Каштаваць гэта будзе $ 8,5 тысячы. У некалькіх падобных паведамленнях згадваецца пагадненне з беларускім войскам.

Рэгулярна там зʼяўляюцца відэа, дзе мігранты праходзяць праз плот, які Польшча ўзвяла на мяжы ў Беларуссю. Адзін са спосабаў – проста пагнуць агароджу. Людзі бяруць з сабою лесвіцы, якія кідаюць за калючы дрот з польскага боку. Такім чынам 12 траўня мінімум 9 чалавек абышлі польскую абарону.

Такім чынам мігранты праходзяць на польскі бок з Беларусі.
Калаж: «Белсат»

У паведамленні за 5 траўня таксама відэа з плотам і подпіс, у якім гаворыцца, што на тысячу платоў ёсць дзве тысячы рашэнняў.

Яшчэ відэа з групаю 8–10 чалавек выкладзенае 1 траўня. Подпіс: «Польскія лясы».

Мігранты ў польскім лесе.
Скрыншот: «Белсат»

«Вось гэта малайчына, блін»

Арганізатары без сарамлівасці выкладваюць дзясяткі відэа з уласным голасам, дзе просяць мігрантаў назваць сваё імя, пакінуць каментар, лічаць іх. Звычайна такія відэасправаздачы здымаюцца ў момант, калі мігранты развітваюцца са сваім правадніком каля беларуска-польскай мяжы альбо пры пераходзе з Польшчы ў Нямеччыну. Амаль заўсёды людзі на відэа – маладыя мужчыны. Рэдка можна ўбачыць жанчын або дзяцей.

На адным з падобных ролікаў, выкладзеным 14 траўня, – група мігрантаў у лесе. Мужчына за кадрам гаворыць па-расейску:

«Вось гэта малайчына, блін», – усклікае ён пасля таго, як адзін з мігрантаў гаворыць на камеру. «Э-э-э, ідзі сюды!», – крычыць правадыр, спрабуючы прыцягнуць увагу іншага мігранта.

Арганізатары міграцыі таксама дзеляцца скрыншотамі мапаў, на якіх відаць лакацыі іншых асобаў каля мяжы з Польшчай і Нямеччынай. Мяркуючы з подпісаў да фота, гэтак праваднікі адсочваюць сваіх кліентаў і публікуюць скрыншоты для рэкламы.

Мапа, на якой пазначанае месцаперабыванне людзей каля польскай і нямецкай межаў.
Скрыншот: «Белсат»

На некалькіх відэа чуваць брэх сабакаў і крыкі, відаць, польскіх памежнікаў. Мігранты ў такіх сітуацыях не адступаюць і толькі мацней штурхаюць адзін аднаго праз плот на польскі бок, а там спрабуюць хутчэй уцячы. З беларускага ж боку яны адчуваюць сябе спакойна. Паведамленняў аб праблемах з беларускімі памежнікамі ў мігранцкіх чатах «Белсат» не знайшоў.

Колькі ўклалі грошай у плот?

Агульная працягласць мяжы Польшчы з Беларуссю складае 418 км. У 2021 годзе, калі на мяжы пачаліся праблемы з мігрантамі, польскія медыі пісалі: «У 2021 годзе літоўцы планавалі пабудаваць плот вышынёю 4 метры. Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы пастанавіла, што дастаткова будзе вышыні 2,5 метра». Вышыню плота выбралі не вельмі вялікай, імаверна, каб зрабіць праект пабудовы крыху таннейшым у параўнанні з літоўскім (у гэтым выпадку гаворка пра кошт 1 км агароджы).

Агулам у 2021 годзе прагназавалася, што кошт будаўніцтва плоту на польска-беларускай мяжы складае 1,615 мільярда злотых (каля $ 400 млн паводле актуальнага курсу).

Амаль праз тры гады пасля пачатку міграцыйнага крызісу польскія чыноўнікі выказваюць занепакоенасць тым, што плот на польска-беларускай мяжы не цалкам абараняе ЕЗ ад нерэгулярных мігрантаў. Таму надалей плануецца інвеставаць ва ўмацаванне мяжы з Беларуссю яшчэ $ 370 млн. Як апавёў віцэ-прэм’ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш, урад распрацоўвае цэлы план, у які ўваходзіць будоўля сховішчаў і акопаў.

Аналітыка
«Лепшага шляху ў Еўразвяз цяпер няма». Чаму мігранты ідуць праз Беларусь, нягледзячы на небяспеку
2021.11.08 14:20

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў