Беспілотнікі для атакі на расейскі самалёт-лакатар набылі ў звычайнай краме, аднак перарабілі адмыслова для аперацыі, паведаміў «Белсату» кіраўнік аб’яднання «ByPol» Аляксандр Азараў. Ён адмовіўся раскрываць усе падрабязнасці дыверсіі, але некаторыя дэталі абнародаваў.
Выбар цэлі для беларускіх партызанаў, удзельнікаў плану «Перамога», Аляксандр Азараў растлумачыў слабай аховаю расейскай вайсковай авіяцыі на аэрадроме каля Менску:
«Калі мы плануем акцыі, мы выбіраем шмат розных аб’ектаў, і ўсё залежыць ад магчымасцяў, выведкі. Варыянтаў было дастаткова, але ж пабачылі, што гэтага самалёта амаль што не ахоўвалі, таму выбралі гэты аб’ект. Яны проста расслабіліся. Раней жаўнеры ахоўвалі ўсе аэрадромы, нават акопы выкапаныя. Цяпер яны спакойна ходзяць: думаюць, усіх здушылі».
Кіраўнік «ByPol» паведаміў, што для аперацыі былі набытыя звычайныя дроны, але іх прыстасавалі для атакі:
«Заўсёды дроны трэба пераробліваць, такіх няма спецыяльных дронаў, каб купіў – і ён табе ўсё зрабіў».
Азараў не пацвердзіў, але і не зняпраўдзіў інфармацыі Telegram-каналу «Беларускі Гаюн» пра тое, што дронаў было два: «Колькасці не буду называць – хай самі высвятляюць, колькі іх было».
Суразмоўца «Белсату» адмовіўся казаць, самі беспілотнікі атакавалі самалёт ці з дронаў скінулі выбухоўку. Дзе яе ўзялі, таксама не раскрыў.
Партызаны цяпер у бяспецы за мяжою Беларусі. Ад каментароў пакуль устрымліваюцца.
26 лютага ў Мачулішчах падарвалі расейскі самалёт-лакатар А-50. Паводле ацэнак «ByPol», борт атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні. Самалёт быў у Беларусі з 3 студзеня і падымаўся ў паветра 12 разоў. А-50 выкарыстоўваецца для навядзення на цэлі і кіравання знішчальнікамі. Яго задзеялі падчас бамбавання Украіны ў цяперашняй вайне.
Беларускія міністэрствы і ведамствы інцыдэнту ў Мачулішчах пакуль ніяк не пракаментавалі. Імаверна, нейкія заявы прагучаць пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі з удзелам дзяржсакратара Савету бяспекі, міністраў абароны і ўнутраных справаў, кіраўнікоў КДБ і Дзяржаўнага памежнага камітэту. Пра гэтую сустрэчу «у вузкім складзе» паведамілі дзяржаўныя медыі.
Сяргей Крот belsat.eu