Беларуская спартоўка Крысціна Ціманоўская, якая з’ехала ў Польшчу, выйграла студэнцкі чэмпіянат у Познані. Пра гэта лёгкаатлетка напісала на сваёй старонцы ў Instagram.
Крысціна Ціманоўская здабыла золата ў студэнцкім чэмпіянаце ў Познані.
«Сёння я атрымала золата. Рэабілітацыя пасля 100 метраў прайшла паспяхова. На жаль, упершыню ў жыцці перад стартам у мяне здарылася моцная панічная атака, праз якую я не магла кантраляваць сябе, хоць была ўпэўненая і гатовая да хуткага бегу, але гэты досвед мне відавочна патрэбны. Цяпер я вяртаюся ў Варшаву і перш за ўсё буду клапаціцца пра сваё здароўе, а потым будзе шмат стартаў і добрых вынікаў», – напісала Крысціна.
У 2021 годзе Крысціна Ціманоўская брала ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Токіа, яна ўваходзіла ў склад беларускай нацыянальнай зборнай. Калі спартоўка адмовілася бегчы не сваю дыстанцыю, а яшчэ і распавяла пра гэта ў сацыяльных сетках, раскрытыкаваўшы беларускіх спартовых чыноўнікаў, яе паспрабавалі сілаю вярнуць у Беларусь. Аднак бягуння звярнулася ў мясцовую паліцыю ды медыі і заявіла, што баіцца вяртацца ў Беларусь праз пагрозу рэпрэсіяў. Крысціна паехала ў Польшчу, дзе атрымала гуманітарны від на жыхарства, а ў жніўні летась – і грамадзянства.
Алена Аляксандрава belsat.eu