Урад Беларусі выдаў пастанову, якая ў 10 разоў падымае кошт легалізацыі дакументаў з дапамогай апастылю.
Пастанова прынятая ў рамках указу Лукашэнкі ад 14 сакавіка 2022 года № 93 «Аб дадатковых мерах забеспячэння стабільнага функцыянавання эканомікі».
Цяпер стаўкі консульскага збору пры звароце ў галоўнае консульскае ўпраўленне Міністэрства замежных справаў за легалізацыю афіцыйнага дакументу складуць 1 базавую велічыню (32 рублі). Раней стаўка збору складала 0,5 базавай велічыні (16 рублёў).
За прастаўленне апастылю на афіцыйным дакуменце, выдадзеным на тэрыторыі Беларусі, – 5 базавых велічынь (160 рублёў). Раней – 0,5 базавай велічыні (16 рублёў).
10 сакавіка ўстановы, якія прастаўлялі апастыль, спынілі прыём дакументаў «з-за тэхнічных праблемаў». У Менску галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС цяпер зноў прымае дакументы. Людзі, якія прыйшлі праставіць апастыль, кажуць, што з іх па-ранейшаму бяруць па 16 рублёў, але папярэджваюць, што, магчыма, трэба будзе даплаціць перад выдачай дакументу – супрацоўнікі консульскага ўпраўлення самі пакуль не ведаюць, калі запрацуе новая пастанова, піша Zerkalo.io.
У рэгіёнах неўзабаве таксама адновяць прыём дакументаў на апастыль. У Горадні абяцаюць гэта зрабіць ужо з 22 сакавіка.
ГГ belsat.eu