Гадавіна мяцяжу Прыгожына. Як гэтая падзея паўплывала на Расею, Беларусь і вайну


Год таму, 23–24 чэрвеня 2023 года, стваральнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын учыніў мяцеж. Ягоныя найміты занялі Растоў-на-Доне, прайшлі Варонежскую і Ліпецкую вобласці і амаль дайшлі да Масквы. Аднак у апошні момант Прыгожын спыніў марш на сталіцу і развярнуў свае калоны. Belsat.eu распавядае, якія наступствы меў мяцеж вагнэраўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы ПВК Вагнэра ў Растове-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Крамлёўскі гамбіт

Хаця ў чэрвені 2023 года мяцежнікі не дасягнулі сваёй мэты, першапачаткова Уладзімір Пуцін зусім не выглядаў адназначным пераможцам у гэтым канфлікце.

Бунт Яўгенія Прыгожына выявіў слабасць пуцінская сістэмы. Сілавы апарат прадэманстраваў сваё поўнае бяссілле перад мяцяжом групоўкі наймітаў. Вагнэраўцы захапілі Растоў, дзе месціўся штаб Паўднёвай вайсковай акругі, і рухаліся на Маскву, амаль не сустракаючы супраціву. Мяцеж быў спынены не сілай, а дзякуючы перамовам: Крэмль гарантаваў мяцежнікам, што ім усё даруюць і дазволяць спакойна сысці ў палявыя лагеры.

Пры гэтым перабазаванне наймітаў у Беларусь не залагоджвала праблемы існавання некантраляванай прыватнай арміі – яна заставалася крыніцай небяспекі. 29 чэрвеня 2023 года Пуцін быў вымушаны запрасіць Прыгожына і камандзіраў ПВК Вагнэра ў Крэмль, дзе тры гадзіны пераконваў іх перайсці на службу ў падраздзяленні Мінабароны. Аднак мяцежнікі кіраўніку дзяржавы адмовілі. Усё гэта моцна падрывала аўтарытэт Пуціна: паводле неафіцыйных звестак, рэйтынг расейскага лідара пасля мяцяжу абваліўся на 9–14 %.

Аднак ужо праз два месяцы сітуацыя кардынальна змянілася. 23 жніўня ў небе над Цвярскою вобласцю быў знішчаны бізнес-джэт, на якім ляцеў Прыгожын і галоўны камандзір ПВК Вагнэра Дзмітрый Уткін. Мала ў каго былі сумневы ў тым, што Прыгожына зліквідавалі на загад Пуціна. Улады і самі не надта імкнуліся аспрэчыць гэтае меркаванне.

Вагнэраўцы моўчкі змірыліся з забойствам свайго верхавода. Ніхто не ўчыніў бунту, ніхто нават не выступіў з публічнымі абвінавачваннямі на адрас Крамля. Сын Прыгожына Павел і новы камандзір вагнэраўцаў з пазыўным Лотас (сапраўднае імя Антон Елізараў) разлічвалі дамовіцца, каб групоўка дэ-факта захавалася і стала аўтаномным падраздзяленнем Нацыянальнай гвардыі Расеі са сваёй структураю і сімволікаю. Адпаведная дамова нібыта была дасягнутая. Аднак фактычна ўлады РФ сабатавалі гэты праект. Ідэя ўзнаўлення Вагнэра ў новым фармаце пачала згасаць, а самі найміты – разыходзіцца ў розныя падраздзяленні. Як адасобленая сіла ПВК Вагнэра дэ-факта перастала існаваць.

«Тысячы былых вайскоўцаў Вагнэра ​​падзяліліся на сама меней чатыры групы. Змешваючы байцоў з іншымі наймітамі, лаяльнымі да Пуціна, расейскі ўрад спадзяецца перадухіліць паўтарэнне падзеяў мінулага года», – пісала ў красавіку выданне «Politico».

Паралельна па гарачых слядах была праведзеная чыстка арміі ад камандзіраў, якія былі шчыльна звязаныя з Прыгожыным: паводле медыяў, улетку 2023 года затрымалі мінімум 13 высокапастаўленых афіцэраў, у тым ліку намесніка камандуючага расейскімі войскамі ва Украіне генерала Сяргея Суравікіна. Яго неўзабаве адпусцілі, але свае пасады ён страціў і трапіў у няміласць.

У выніку Пуцін здолеў вельмі хутка аднавіць імідж моцнага і бязлітаснага лідара, які ўпэўнена трымае ўладу ў краіне і жорстка карае ўсіх, хто кідае яму выклік.

Нейтралізацыя турбапатрыётаў

Забойства Прыгожына стала крокам да далейшага ўзмацнення асабістай улады Пуціна. Ён скарыстаўся мяцяжом вагнэраўцаў, каб нейтралізаваць патэнцыйную пагрозу з боку так званых турбапатрыётаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына ўкленчыў каля скульптуры Яўгенія Прыгожына, які загінуў у авіякатастрофе ў жніўні 2023 года, на могілках у Санкт-Пецярбурзе, Расея. 1 чэрвеня 2024 года.
Фота: Anton Vaganov / Reuters / Forum

Турбапатрыётамі ў Расеі называюць тую частку грамадства, якая апантана падтрымлівае вайну, адчувае асалоду ад баявых дзеянняў і настойвае на захопе ўсёй Украіны. Для іх цяперашні курс Крамля – занадта асцярожны і памяркоўны. Гэта не значыць, што яны абавязкова супрацьпастаўляюць сябе Пуціну. Аднак заявам, што «ўсё ідзе паводле плану» не вераць. «Гэтыя людзі патрабуюць большага, жорстка крытыкуюць і стратэгію, і палітыку, і баяздольнасць. І гэта выбуховая сумесь», – тлумачыў летась кіраўнік Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі Валерый Фёдараў (ВЦИОМ).

Спачатку ўлады пакінулі ўльтрапатрыётам пэўную свабоду для самавыяўлення: ім дазвалялася публічна крытыкаваць недахопы сістэмы і нават некаторыя пастановы Крамля. З аднаго боку, Пуцін не дапускаў, што гэтыя маргіналы могуць уяўляць пагрозу для рэжыму. З іншага боку, не хацеў адштурхоўваць ад сябе людзей, якія прадстаўляюць «партыю вайны». Аднак пасля мяцяжу Прыгожына ўлады змеркавалі, што крытыка з боку ўльтрапатрыётаў таксама можа быць небяспечнай, і распачалі прафілактычную зачыстку ў праваенным лагеры. «Усіх трэба пераканаць спыніць нагнятанне крытычнай істэрыкі і не расказваць пра недахопы», – адзначалася ў дакладной запісцы, што трапіла ў сеціва ўлетку 2023 года.

Галоўнай мішэнню стаў былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў-Гіркін, які жорстка крытыкаваў палітыку Пуціна. Хаця падчас мяцяжу Прыгожына ён выступіў на баку Крамля, у ліпені 2023 года былога палявога камандзіра арыштавалі паводле абвінавачвання ў «экстрэмізме» і прысудзілі 4 гады калоніі. Спачатку ён працягваў крытыкаваць Пуціна з-за кратаў, нават спрабаваў выставіць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. Аднак у выніку ўлады прымусілі яго замаўчаць. Паплечнікаў Гіркіна таксама прыстрашылі крымінальным пераследам.

Крэмль хутка прыструніў і сістэмных мілітарыстаў – вайсковых блогераў і вайсковых карэспандэнтаў, якія набылі вялікую папулярнасць сярод праваеннай аўдыторыі. У адрозненні ад ура-патрыятычнай прапаганды на тэлебачанні, іх прапаганда стваралася пад выглядам «акопнай праўды», таму дапускала крытыку вайсковага камандавання за пэўныя памылкі і пралікі. Пасля мяцяжу цэнзура сярод ваенкораў і вайсковых блогераў рэзка ўзмацнілася. Лёс тых, хто новыя правілы гульні не прыняў, быў сумным: напрыклад, занадта балбатлівага аўтара Telegram-каналу «Нам пишут из Янины» Андрэя Марозава ўлады фактычна давялі да самазабойства.

Год таму турбапатрыёты выглядалі сілай, здольнай пры пэўных абставінах расхістаць рэжым Пуціна. Цяпер яны здаюцца проста агрэсіўна-шавіністычнай масай, чыю актыўнасць лёгка накіраваць у патрэбным уладам напрамку. Ні забойства Прыгожына, ні арышт Гіркіна не выклікалі абсалютна ніякіх пратэставых выступаў у Расеі. Турбапатрыёты вельмі хутка забыліся пра сваіх лідараў і працягнулі падтрымліваць Пуціна нібыта нічога не здарылася.

Лукашэнка: гульня з нулявой сумай

Размяшчэнне наймітаў у Беларусі было часткай угоды Прыгожына і Пуціна, што паклала канец мяцяжу ПВК Вагнэра. Аляксандр Лукашэнка даў мяцежнікам гарантыі бяспекі і пагадзіўся, што вагнэраўцы нейкі час «перакантуюцца» ў Беларусі, пакуль не вызначацца, чым ім займацца далей. А за адным махам – будуць трэнаваць сілавікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Намётавы лагер для размяшчэння байцоў ПВК Вагнера. Асіповіцкі раён, Беларусь. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Alexander Nemenov / AFP / East News

З аднаго боку, падзеі 23–24 чэрвеня 2023 года зрабіліся палітычным поспехам для Лукашэнкі – на сваёй пасярэдніцкай місіі ён добра прапіярыўся. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі атрымаў шанец прадэманстраваць сваю суб’ектнасць і самастойнасць у стасунках з Пуціным, выставіў сябе ратавальнікам Расеі, а потым пачаў шантажаваць вагнэраўцамі суседнія краіны.

З іншага боку, размяшчэнне тысячаў наймітаў несла патэнцыйную пагрозу для самой краіны. Медыі разважалі над тым, што вагнэраўцы могуць учыніць пераварот або проста ўстанавіць паралельны кантроль за сілавым апаратам, як гэта ўжо здаралася ў афрыканскіх краінах. Нарэшце існавала асцярога, што найміты пачнуць чыніць бясчынствы супраць мірных жыхароў. Аднак гэтага, на шчасце, не здарылася. Вагнэраўцаў амаль не выпускалі з тэрыторыі палявых лагераў, абмяжоўвалі кантакты, а ўжо ў жніўні яны пачалі імкліва пакідаць Беларусь. Станам на пачатак 2024 года наймітаў засталося максімум некалькі сотняў. Іх працягвае апякаць намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў.

Што тычыцца піяраўскага поспеху Лукашэнкі, то ён аказаўся мімалётным. Пасля забойства Прыгожына пасярэдніцкая роля самаабвешчанага кіраўніка Беларусі цалкам абясцэнілася. Цяпер ён выглядаў не паспяховым палітычным медыятарам, а чалавекам, якога Пуцін выкарыстаў (магчыма ўцёмную) для ліквідацыі свайго апанента. Лукашэнку прыйшлося апраўдвацца: ён нібыта ніколі не даваў Прыгожыну гарантыяў бяспекі. Называць сябе ратавальнікам Расеі пасля гэтага было проста недарэчна: Лукашэнка ўвогуле больш ніколі публічна не ўспамінаў пра тыя падзеі.

У выніку мяцеж Прыгожына на Беларусь фактычна ніяк не паўплываў. Размяшчэнне наймітаў не зрабілася прычынай унутраных узрушэнняў у краіне, але і ўмацаваць свае пазіцыі Лукашэнку не дазволіла – тут захаваўся статус-кво.

А наконт ролі інструктароў-вагнэраўцаў у падрыхтаванні беларускіх сілавікоў – аб’ектыўна ацаніць яе эфектыўнасць пакуль немагчыма. «Ах, Вагнэр, ах, Вагнэр!…» Малайцы, хлопцы. Дзякуй, распавялі нам пра досвед ваенных дзеянняў. А ўсё астатняе нашыя афіцэры ведаюць не горш. Адныя і тыя ж акадэміі заканчвалі», – заявіў Лукашэнка, дэманструючы сваё раздражненне тым, як Карпянкоў дэманстратыўна піярыць групу Вагнэра.

Агляд
Вагнэраўцы ў Беларусі: колькі засталося і чым яны займаюцца?
2024.03.01 18:19

Фронт наступстваў не дачакаўся

У канцы чэрвеня 2023 года тагачасны галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны заявіў у інтэрв’ю «The Washington Post», што мяцеж Прыгожына ніяк не паўплываў на сітуацыю на фронце – украінцы не адчулі, каб расейская абарона аслабла.

Пра ўскосны ўплыў на баявыя дзеянні казаць таксама не выпадае. Сапраўды ПВК Вагнэра як асобнае падраздзяленне перастала існаваць. Аднак што гэта змяніла? Па-першае, вагнэраўцы сышлі ў тыл яшчэ да мяцяжу, у траўні 2023 года. Па-другое, эфектыўнасць ПВК Вагнэра – вельмі спрэчнае пытанне. Найбуйнейшая і самая вядомая аперацыя вагнэраўцаў – шматмесячны штурм Бахмуту, які суправаджаўся гарачымі гарадскімі баямі, каласальнымі чалавечымі стратамі і поўным знішчэннем паселішча. Падчас гэтай аперацыі групоўка страціла забітымі 20 тысячаў байцоў – на траціну болей чым СССР за 10 гадоў вайны ў Афганістане. Наўрад ці гэтыя каласальныя ахвяры былі апраўданыя з ваеннага пункту гледжання.

У параўнанні з тым часам, калі на фронце была ПВК Вагнэра, расейская армія цяпер ваюе не горш і не лепш. За кошт тых жа «мясных штурмаў» была ўзятая Аўдзееўка – паводле некаторых ацэнак, гэтае паселішча каштавала Расеі жыццяў 16–17 тысячаў жаўнераў. Няма ніякіх падставаў лічыць, што ў выпадку, калі б Аўдзееўку штурмаваў Прыгожын, то гэта атрымалася б зрабіць хутчэй або з меншымі ахвярамі. Хіба што ў інфармацыйным полі гэтае дасягненне выглядала б больш эфектна – у плане піяру Прыгожын быў сапраўдным майстрам.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў