Белстат заўважыў паскарэнне росту ВУП і максімальнае павелічэнне прыбыткаў беларусаў за 9 гадоў


У студзені – траўні ВУП Беларусі павялічыўся на 5,2 % год да года. Паводле звестак Белстату, сёлета эканоміка разганяецца чатыры месяцы запар. А рэальныя прыбыткі беларусаў дык наогул павялічыліся максімальна за 9 гадоў.

Прадавец мяса на Камароўскім рынку.
Фота: Белсат

У студзені ВУП Беларусі вырас на 2,8 % год да года, у студзені – лютым – на 4 % г/г, у студзені – сакавіку – на 4,1 % г/г, у студзені – красавіку – на 5,1 % г/г, і вось цяпер, у студзені – траўні – на 5,2 % г/г.

Найвялікшы ўнёсак у рост эканомікі робіць гандаль: плюс 11,6 % год да года. Раздробны таваразварот павялічыўся на 12,2 % у параўнанні з студзенем – траўнем летась. Штодзень кожны беларус, улучна з немаўлятамі, пакідаў у крамах 24,5 рубля (летась – 21 рубель).

Расце і грамадскае харчаванне. Абарот у кафэ і рэстаранах павялічыўся на 11,8 % год да года.

Будаўніцтва вырасла на 9 % г/г, апрацоўчая прамысловасць – на 8,2 % г/г, сельская, лясная і рыбная гаспадарка – на 7,7 % г/г.

Няблага пачуваецца транспартавая галіна: пасажыразварот вырас на 9,4 % г/г, лік пасажыраў павялічыўся на 6 % г/г. Грузаабарот паказаў вынік плюс 3,9 % год да года.

Адзіная галіна, што цягне эканоміку ўніз, – інфармацыя і сувязь: мінус 1,3 % у параўнанні з студзенем – траўнем летась.

Рост гандлю – цяперашняга флагмана эканомікі – звязаны з разгонам крэдытавання (дзякуючы даступным адсоткавым стаўкам) і павелічэннем заробкаў. Як паведаміў раней Белстат, рэальныя прыбыткі (грошы, што застаюцца на руках пасля выплаты падаткаў і ўнёскаў ды ўлічваюць інфляцыю) выраслі ў студзені – красавіку на 9,8 % год да года, і такога вялікага павелічэння не было з 2015 года – адпаведныя звесткі Белстату даступныя з таго часу.

Пры гэтым менавіта шпаркі рост заробкаў і пашырэнне крэдытавання разам з жорсткім рэгуляваннем цэнаў, як адзначае Еўразійскі банк развіцця, – «чыннікі рызыкі ўзмацнення праінфляцыйнага ціску».

Агляд
Даследаванне BEROC: беларусы пачалі меней эканоміць на харчах і забаўках
2024.06.05 10:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў