Вязням бабруйскай калоніі № 2 забаранілі чытаць кнігі з волі


У бабруйскай папраўчай калоніі № 2 перасталі прымаць кніжныя перадачы, паведамляюць праваабаронцы з «MAYDAY TEAM». Не выключана, што такая ж праблема існуе і ў іншых папраўчых установах Беларусі.

Папраўчая калонія № 2. Бабруйск, Беларусь.
Фота: komkur.info

Паведамляецца, што адміністрацыя калоніі ўжо больш за месяц не падпісвае нікому са зняволеных дазволу на кніжную бандэроль.

Яшчэ год таму правілы перадачы кніг асуджаным у калонію сталі больш жорсткімі. З мінулага лета кніжныя бандэролі можна было перадаваць толькі двойчы на год. Пры гэтым не больш за пяць кніг вагой да 2 кг у бандэролі. Акрамя таго, назвы выданняў з указаннем аўтараў трэба было ўзгадняць з кіраўніцтвам калоніі.

Цяпер адміністрацыя бабруйскай калоніі неафіцыйна папярэдзіла асуджаных, што прыблізна ў ліпені з’явяцца новыя правілы атрымання кніжных бандэроляў. Да новага загаду дадзенае ўказанне «паставіць кнігі на паўзу».

Якім будзе новы парадак перадачы кніг і ці будуць увогуле магчымыя такія перадачы пасля меркаваных новаўвядзенняў у ліпені – пакуль невядома.

Праваабаронцы адзначаюць, што апошнія два гады ў бабруйскай ПК № 2 сіламі зняволеных і за іхны кошт вядзецца бясконцы рамонт. Цяпер адміністрацыя плануе павялічыць плошчу памяшкання для прыёму перадачаў і кароткатэрміновых спатканняў.

Перыядычна ў калоніі адбываюцца здарэнні. Напрыклад, 23 траўня там здарыўся пажар. У лістападзе 2021 года ў калоніі адбыўся выбух пандэміі каронавіруса. У каранцін адправілі не менш за 150 чалавек. Таксама і ў красавіку 2024 года медычная частка калоніі была запоўненая асуджанымі з запаленнем лёгкіх або віруснай пнеўманіяй.

У лютым 2024 года стала вядома, што з ПК № 2 за злоўжыванні звольнілі кіраўніка вытворчасці Сяргея Назарава. Таксама ў лютым памёр 64-гадовы палітвязень калоніі Ігар Леднік.

зона.бел
Як выглядае сёння палітычная турма XIX стагоддзя на рацэ Бярэзіне. Былы вязень – пра бабруйскі СІЗА
2022.02.02 09:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў