Не можаш перамагчы – узначаль. Як пры Лукашэнку ў Беларусі расквітнела карупцыя


30 гадоў Аляксандр Лукашэнка змагаецца з карупцыяй і ніяк не можа яе перамагчы. Рэгулярна ў медыях з’яўляецца інфармацыя пра тое, што якога-небудзь буйнога чыноўніка ці топ-менеджара дзяржаўнага прадпрыемства затрымалі за хабар. Растуць і памеры незаконнага ўзнагароджання, тады як рэйтынгі Беларусі наадварот падаюць.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Калаж з
фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum; Freepik / Белсат

Аляксандр Лукашэнка публічна змагаецца з карупцыяй з 1993 года, калі, будучы яшчэ дэпутатам, узначаліў антыкарупцыйную камісію Вярхоўнага савету Беларусі. Ён сам прызнаў на нарадзе 14 чэрвеня, што ці не перад кожным электаральным цыклам сядае «на антыкарупцыйнага каня» і «даўно на ім ужо гадоў 30 сядзіць». І цяпер у Беларусі надыходзіць менавіта такі новы цыкл.

У бытнасць дэпутатам Лукашэнку сапраўды атрымалася дасягнуць поспехаў – за цэлую скрынку цвікоў быў адпраўлены ў адстаўку першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. А вось больш у гэтай справе другому кіраўніку краіны пахваліцца няма чым. У міжнародным рэйтынгу ўспрымання карупцыі Беларусь знаходзіцца на 98 месцы са 180 краінаў, адстаючы на 64 пазіцыі ад суседняй Літвы, на 62 – ад Латвіі і на 51 ад Польшчы. Нашыя суседзі ў рэйтынгу – Аргентына і Эфіопія. Пры гэтым з 2020 года сітуацыя штогод пагаршаецца. А чыноўнікі і кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў як бралі, так і працягваюць браць хабар. Сумы якога, дарэчы, толькі растуць.

Найбуйнейшыя хабарнікі, на якіх таўра няма дзе ставіць

На нарадзе 14 чэрвеня прывёў прыклады некалькіх нядаўніх карупцыйных справаў. Гэтак, напачатку месяца быў, кажучы словамі дзяржаўных медыяў, затрыманы найбуйнейшы хабарнік у гісторыі Беларусі – першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі Пётр Дулуб. Грошы ён браў гадамі ў камерцыйных структураў са сферы грузаперавозак. Набраў прынамсі на $3 млн. Разам з ім сілавікі схапілі намесніка гендырэктара дзяржаўнага транспартава-лагістычнага цэнтру Беларускай чыгункі «Белінтэртранс» Паўла Лушчая і ўласніка прыватнай кампаніі «Сіфуд-Сэрвіс» Віталя Петрукевіча. «Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў» адзначае, што кар’ера Дулуба «паспяхова развівалася пры непасрэдным удзеле [гаманца Лукашэнкі. – рэд. belsat.eu] Мікалая Вараб’я ў сувязі з найбуйнейшымі для краіны і вельмі важнымі для выжывальнасці нелегітымнай улады праектамі».

Таксама Лукашэнка расказаў, што 26 студзеня Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за хабар супраць былога намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка, які адказваў за будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Чыноўнік, паводле Лукашэнкі, браў «дзясяткі тысяч долараў», але пры гэтым нязменна займаў сваю пасаду цэлых 18 гадоў. У адстаўку яго адправілі ў канцы снежня 2023 года, а ўжо праз месяц ён стаў фігурантам крымінальнай справы. Цяпер амаль 69-гадовы Міхадзюк знаходзіцца ў СІЗА. Кажуць, ён браў грошы за спрыяльнае вырашэнне пытанняў па выбары замежнай кампаніі ў якасці падрадчыка для будаўніцтва і мадэрнізацыі высакавольтных падстанцыяў. Што адбывалася пры будаўніцтве АЭС, афіцыйныя медыі не кажуць.

Згадаў Лукашэнка і першага намесніка старшыні Берасцейскага аблвыканкаму Валянціна Зайчука, затрыманага ў студзені. Разам з ім знік і дырэктар «Берасцейскай кацельнай гаспадаркі» Юрый Авярчук. Прыкладна ў гэты ж час з’яўлялася інфармацыя і пра затрыманне былога кіраўніка Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандра Рагачука.

Сярод тых, чые прозвішчы прагучалі на нарадзе, быў і першы намеснік кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Дзмітрый Рыбко. «Хабарнік, таўра ставіць няма дзе, сядзіць», – сказаў пра яго самаабвешчаны кіраўнік Беларусі. Рыбко таксама злавілі ў студзені.

Факты карупцыі выявілі таксама ў кіраўніка менскага «Гаррамаўтамаста» Паўла Важніка, пра затрыманне якога сталася вядома 12 лютага. Як выявілася, ён «з ліпеня 2023 года набраў хабараў на дзясяткі тысяч долараў».

Павел Важнік.
Фота: minsknews.by

Самай жа рэзананснай заявай стала выказванне Лукашэнкі пра былога міністра сельскай гаспадаркі, а потым – інспектара ў Віцебскай вобласці Ігара Брыло. Яго затрымалі ў лістападзе 2023 годзе ў межах «Малочнай справы». Лукашэнка адзначыў, што фігурантамі ёсць «тры дзясяткі чалавек». У больш як паловы з іх ён падлічыў нацыянальнасць, чым выклікаў гнеўную рэакцыю Ізраілю, нягледзячы на дысклеймер: «я не антысеміт».

І гэта толькі частка гучных карупцыйных справаў апошняга года, пра якія вядома грамадскасці. Гэтак, у снежні 2023 года прайшлі затрыманні ў Жодзіне (сярод фігурантаў называліся генеральны дырэктар БелАЗу Сяргей Нікіфаровіч, старшыня Жодзінскага гарвыканкаму Дзмітрый Заблоцкі, дырэктара мясцовага ЖКГ Юрый Рабецкі). А ў лютым 2024 года Лукашэнка распавёў, што ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, які мусіў змагацца са злом, а не далучыцца да яго, «тысячамі, сотнямі тысяч долараў» бяруць хабары.

Сама сістэма ўлады Лукашэнкі стварае карупцыю

У каментары «Белсату» палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч адзначыў, што хоць маштабы карупцыі ў Беларусі ацаніць цяжка, але «карупцыя ў краіне ёсць і яна даволі вялікая». І гэтаму, паводле яго, спрыяе тая сацыяльная мадэль, якую стварыў Лукашэнка.

«У Беларусі вялізная роля дзяржавы ва ўсіх эканамічных, сацыяльных, культурных, спартовых і іншых сферах. А калі роля дзяржавы вялікая, то гэта значыць, вялікая роля чыноўнікаў. А калі вялізная роля чыноўнікаў, то карупцыя абавязкова будзе існаваць, бо ад чыноўніка залежыць, дазволіць ці не дазволіць, даць правы ці не даць, хто выйграе тэндар і так далей. Тым больш, вялізная роля дзяржаўнага сектару ў эканоміцы. І вялікая частка карупцыйных справаў звязаная менавіта з чыноўнікамі і дырэктарамі, якія працуюць у дзяржаўным сектары», – сказаў эксперт.

Палітолаг, журналіст і публіцыст Валер Карбалевіч. Вільня, Літва. 13 красавіка 2024 года.
Фота: Белсат

На думку Карбалевіча, шмат якія выпадкі карупцыі, што існуюць цяпер у Беларусі, былі б немагчымымі, калі б гаспадаром быў прыватнік, бо гэта б было не ў яго інтарэсах. У нас жа, каб сачыць за дырэктарам дзяржаўнага прадпрыемства, створаныя цэлыя арганізацыі.

А адсутнасць незалежнага кантролю з боку грамадства, адсутнасць незалежных медыяў, адсутнасць прававой дзяржавы, адсутнасць гарантыі правоў уласніка і незалежнага суду яшчэ больш ствараюць спрыяльныя ўмовы для карупцыі, дадаў Карбалевіч.

Што дазволена Юпітэру, не дазволена быку

Палітычны аглядальнік адзначыў таксама, што Лукашэнка выкарыстоўвае карупцыю ў тым ліку для кантролю за чыноўнікамі. Нават падчас нарады 14 чэрвеня самаабвешчаны кіраўнік заявіў, што асабіста вырашае, калі пачынаць пераследаваць чыноўнікаў за карупцыю.

«Значыць, Лукашэнку выгадная сітуацыя, калі ён ведае пра ягоныя [чыноўніка. – рэд. belsat.eu] грахі, але не выцягвае гэтую папку з кампраматам. Гэта робіць чыноўніка вельмі залежным, вельмі лаяльным у палітычным плане – ён баіцца, што яго ў любы момант могуць арыштаваць», – падкрэсліў Карбалевіч, дадаўшы, што тым самым Лукашэнка ўмацоўвае свае ўласныя палітычныя пазіцыі.

А ў сітуацыі прававога бязмежжа чыноўнік нават не здолее даказаць сваю невінаватасць, бо «беларускі суд не выносіць апраўдальных прысудаў». І калі «няма закону, няма права, няма правасуддзя», што з’яўляецца карупцыяй, а што не, вызначае адзін чалавек. У прыватнасці, Карбалевіч нагадаў, што нягледзячы на шматлікія даследаванні карумпаванасці набліжанага да Лукашэнкі Віктара Шэймана, супраць яго не было пачата ніводнай справы.

Андрэй Бунакоў.
Фота: sb.by

Тое самае датычыць і функцыянераў меншага калібру, у дачыненні якіх таксама выяўлялася, што карупцыя – не такая ўжо і страшная рэч. Напрыклад, сёлета дырэктар фабрыкі «Камунарка» Сяргей Анюхоўскі некалькі дзён правёў у следчым ізалятары, але ў выніку хутка выйшаў на свабоду дзякуючы запрашэнню на Усебеларускі народны сход. А былы генеральны дырэктар «Белшыны» Андрэй Бунакоў, які ў лютым 2023 года знаходзіўся ў СІЗА, ужо ў красавіку 2024-га быў на волі і ўзначальваў расейскую кампанію з беларускімі каранямі «Марскі тэрмінал «Вароты Арктыкі». Пры гэтым менавіта Лукашэнка паведамляў пра яго арышт і ладзіў разнос чыноўнікам, якія спрабавалі за яго заступацца. Паводле Лукашэнкі, Бунакоў дамовіўся з расейскаю кампаніяй прадаваць апоны ніжэй за сабекошт на 16–20%. Менавіта ў Расею яго пасля і скіравалі, відаць, з улікам карыснага досведу.

Дый у выпадку ўжо згаданых вышэй Дулуба, Міхадзюка, Зайчука, Рыбко, затрыманыя былі адно намеснікі, а вось іх непасрэдныя начальнікі (кіраўнікі чыгункі, Міністэрства энергетыкі, Берасцейскай вобласці і кіраўніцтва справамі Лукашэнкі) не толькі дагэтуль на волі, але і працягваюць займаць свае пасады.

Але найбольш выразна няроўнасць грамадзянаў праяўляецца, калі справа даходзіць да асобы самога кіраўніка Беларусі, бо «ў беларускіх умовах тое, што робіць Лукашэнка, не з’яўляецца карупцыяй». Карбалевіч адзначыў, што ў палітыка колькасць асабістых рэзідэнцыяў, пабудаваных за дзяржаўны кошт, ужо даўно пераваліла за дзясятак, і новыя працягваюць будавацца. Яму робяць дарагія падарункі, што звычайна лічыцца карупцыяй, а ён пра гэта «з гонарам расказвае, і яму ў галаву не прыходзіць, што гэта хабар», заключыў эксперт.

Тым не менш, Лукашэнка ўсё яшчэ працягвае сядлаць «антыкарупцыйнага каня», будучы прыкладам цалкам адваротных паводзінаў. Бо калі Шушкевіча 30 гадоў таму знялі за скрынку цвікоў, то Лукашэнку сёння не перашкаджаюць і пад два дзясяткі рэзідэнцыяў. А таму і складваецца ўражанне, што змаганне з карупцыяй у Беларусі адбываецца паводле прынцыпу: не можаш нешта перамагчы – узначаль.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў