Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк пракаментаваў заяву Уладзіміра Пуціна наконт умоваў пачатку мірных перамоваў.
Уладзімір Пуцін 14 чэрвеня заявіў, што для пачатку мірных перамоваў Украіна мусіць вывесці войскі з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў – не толькі з тых частак, якія кантралюе Расея, а і з тых, кантроль над якімі захоўвае Украіна. Таксама запатрабаваў «нейтральны, пазаблокавы, бяз’ядравы статус Украіны», яе «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю», скасавання ўсіх заходніх санкцыяў супраць Расеі.
Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк заявіў, што насамрэч ніякіх новых «мірных прапановаў» Расеі не існуе – Пуцін праста агучыў «стандартны набор агрэсара».
«Яго змест цалкам канкрэтны, вельмі абразлівы для міжнароднага права і абсалютна красамоўна сведчыць аб няздольнасці цяперашняга расейскага кіраўніцтва адэкватна ацэньваць рэаліі», – зазначыў прадстаўнік Офісу прэзідэнта Украіны.
Падаляк зазначыў, што, па сутнасці, патрабаванні Масквы выглядаюць наступным чынам: Украіна мусіць аддаць свае тэрыторыі, адмовіцца ад суверэнітэту і пакінуць сябе безабароннай, а Захад павінен зняць санкцыі і прызнаць перамогу Расеі.
Паводле Падаляка, Пуцін хоча не спыніць вайну, «не плаціць за гэтую вайну і працягваць яе ў новых фарматах». Прадстаўнік Офісу прэзідэнта Украіны лічыць гэтую прапанову поўнай прафанацыяй і заклікае не ўспрымаць яе ўсур’ёз.
Заяву Пуціна таксама пракаментаваў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. Ён выказаў думку, што на самой справе «мірныя прапановы» Крамля сведчаць пра намер РФ узмацняць агрэсію і пашыраць акупацыю ўкраінскіх земляў.
«Гэта не Украіна павінна адводзіць войскі з украінскай тэрыторыі, гэта Расея павінна выводзіць свае войскі з акупаванай украінскай зямлі», – цытуе Стольтэнбэрга УНІАН.
Глеб Нержын belsat.eu