Блогерка Аляксандра Лагуноўская: у TikTok не хапае беларускамоўнага кантэнту


Нягледзячы на спрэчкі і забарону ў некаторых краінах, TikTok называюць сацыяльнай сеткай будучыні. Блогерка і вядоўца старонкі ў TikTok «Мая краіна Беларусь» Аляксандра Лагуноўская ўпэўненая, што акурат беларускамоўнага кантэнту ў гэтай сетцы бракуе, а таму ўсе жадаючыя могуць знайсці там сваю нішу, галоўнае – вырашыць, што табе сапраўды цікава, і не звяртаць увагі на непрыемныя каментары ці малыя прагляды. Пра гэта яна распавяла ў жывым эфіры «Белсат».

Цалкам размову глядзіце тут:

«Гэта вельмі папулярная сацыяльная сетка цяпер. Людзі больш хочуць спажываць такі хуткі кантэнт, вось, таму і на беларускай мове кантэнт вельмі заходзіць».

Паводле Аляксандры Лагуноўскай, дзякуючы навінам, трэндам у TikTok, у тым ліку ўкраінскім і беларускім, не так цяжка пастаянна знаходзіць ідэі для новых ролікаў.

А глядзяць блогерку, па ейных словах, збольшага з Беларусі, Украіны і Польшчы, і аўдыторыя – самая розная, як і каментары ад гэтай аўдыторыі:

«Вельмі шмат каментароў ад старэйшых людзей, але мне здаецца, што гэта загнаныя больш спецыяльна да нашых ролікаў, каб проста пакідаць там непрыемныя каментары. Але шмат таксама і станоўчых каментароў, якія ўжо больш ад маладых. Я б не сказала, што зусім маладых, але да 35-40 гадоў людзі нармальна рэагуюць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Аляксандра заўважае, што да кітайскай платформы ёсць пытанні па бяспецы, але на гэтай платформе вельмі шмат беларусаў і таму існуе вялікая магчымасць данесці свой кантэнт да тых, каму ён можа быць цікавы. Таму прыходзіцца пераступаць праз сябе і заплюшчваць вочы на магчымую небяспеку. Як і на чырвона-зялёных блогераў, якіх тыктокерка не лічыць канкурэнтамі:

«Я лічу, калі б у нас не было страшна падпісвацца на такія каналы, як у мяне, напрыклад, і такія каналы, якія прапагандуюць беларускую мову, беларускую культуру і гэтак далей, то ў такіх каналах было б больш падпіснікаў, чым у чырвона-зялёных. Плюс на чырвона-зялёныя падпісваюцца не толькі беларусы, я лічу, што нават у большасці не беларусы, а расейцы».

Таму блогерка раіць проста рабіць тое, што падабаецца, не баяцца невялікіх праглядаў, усе праз гэта праходзілі, бо ніша беларускамоўнага кантэнту цяпер амаль пустая.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў