Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра затрыманне актывістаў з «Нафтану» Вольгі Брыцікавай і Аляксандра Кухаронка. Супраць іх завялі крымінальную справу за «заклікі да санкцыяў».
Былую старшыню незалежнага прафсаюзу «Нафтану» Вольгу Брыцікаву і стачкамаўца заводу Аляксандра Кухаронка затрымалі, імаверна, 11 жніўня ў вёсцы каля Наваполацку. Іх абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкулу аб закліках да санкцыяў ды іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Таксама затрымалі жонку спадара Аляксандра. У сям’і гадуюцца няпоўнагадовыя дзеці.
Дзе цяпер затрыманыя, не ўдакладняецца.
Кухаронак – адзін з першых, хто ў 2020 годзе абвясціў стачку на «Нафтане». З таго часу яго, а таксама Брыцікаву неаднойчы затрымлівалі і арыштоўвалі.
Сяргей Крот belsat.eu