Віцебскі абласны суд у закрытым рэжыме 11 сакавіка пачынае судзіць былую старшыню незалежнага прафсаюзу «Нафтан», палітзняволеную Вольгу Брыцікаву. Яе вінавацяць у распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК), піша «Вясна».
Справу будзе весці суддзя Галіна Бондал, вядомая прысудамі некаторым палітычным вязням, адзначаюць праваабаронцы «Вясны».
Вольгу Брыцікаву затрымалі ў жніўні 2023 года.
«Спачатку з’явілася інфармацыя, што яе вінавацяць у “закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі”. Разам з Вольгаю затрымалі і палітзняволенага Аляксандра Кухаронка, аднаго з першых работнікаў “Нафтану”, якія падтрымалі страйк на прадпрыемстве», – піша «Вясна».
Вольга Брыцікава адпрацавала на «Нафтане» 16 гадоў. Была звольненая праз выказванне сваёй пазіцыі. Вольгу шмат разоў затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У 2022 годзе яна правяла ў зняволенні 105 содняў, з іх 75 запар.
Пасля выбараў 2020 года на «Нафтане» прайшлі масавыя чысткі кадраў, бо шмат якія працаўнікі не пагадзіліся з вынікамі выбараў і асудзілі гвалт сілавікоў.
Арсен Рудэнка belsat.eu