Без пашпарта беларусы не перастануць быць беларусамі. Як рэжым адбірае грамадзянства


Першы з 2020 года і другі ў гісторыі незалежнай Беларусі. Гэтак апісваюць выпадак пазбаўлення дэмакратычнага актывіста беларускага грамадзянства, пра што сталася вядома 6 чэрвеня. І неўзабаве такіх выпадкаў можа быць больш, але гэта наўрад ці моцна паўплывае на жыццё беларускіх палітэмігрантаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі пашпарт і часовы від на жыхарства ў Літве.
Фота: Белсат

6 чэрвеня сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак паведаміў, што аднаго з дэмакратычных актывістаў пазбавілі беларускага грамадзянства. Імя чалавека не называецца. Невядома таксама, ці быў у гэтай справе адмысловы суд.

«Чалавек атрымліваў грамадзянства ў 1991 годзе, калі ўсе мы сталі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Але гэта быў дадаткова складаны перыяд, канец Саўка, вельмі шмат рознага бардаку ў справаздачнасці і дакументах. І пастаўленае было пад сумнеў ягонае права на атрыманне грамадзянства. І на гэтай падставе дзяржава пазбавіла [грамадзянства] – проста паведаміла, што чалавек пазбаўлены», – сказаў Стрыжак.

Адвакат, сябра Каардынацыйнай рады Алесь Міхалевіч у каментары «Белсату» падкрэсліў, што розныя міжнародныя канвенцыі наўпрост кажуць, што кожны чалавек мае права на грамадзянства.

«Таму, калі іншага грамадзянства няма, безумоўна, гэта вельмі істотнае і сур’ёзнае парушэнне. Але мы ведаем, што беларускія ўлады думаюць пра любыя варыянты, і пазбаўленне грамадзянства – гэта адзін з метадаў ціску», – пракаментаваў адвакат гэты выпадак.

Ранейшыя выпадкі

З падобным у жніўні 2020 года сутыкнуўся каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, калі вяртаўся з Польшчы. Іерарху, які выступаў з крытыкаю дзеянняў уладаў, не дазволілі ўехаць у Беларусь, хоць ён беларускі грамадзянін і нарадзіўся ў БССР. Тады Памежны камітэт заявіў, што яго не ўпусцілі ў краіну, бо ягоны беларускі пашпарт быў прызнаны «несапраўдным». Што праўда, у МУС тлумачылі, што грамадзянства Кандрусевіча не пазбаўлялі. Проста правяралі ягоную прыналежнасць да беларускага грамадзянства і наяўнасць замежнага, а пашпарт, маўляў, анулявалі, «каб пазбегчы яго неабгрунтаванага выкарыстання». Пасля таго як Кандрусевіч напісаў прашэнне ад адстаўцы, развязаліся і праблемы з пашпартам. Нагодаю для прэтэнзіяў да пашпарта мітрапаліта магло быць тое, што ў 1991 годзе, калі Беларусь абвяшчала незалежнасць, ён быў за яе межамі, бо служыў у Маскве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цырымонія памяці журналіста Паўла Шарамета, які загінуў ад выбуху замінаванага аўтамабіля, у цэнтры Кіева, Украіна. 20 ліпеня 2016 года.
Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

Першым жа апанентам рэжыму, пазбаўленым беларускага грамадзянства, лічыцца журналіст Павел Шарамет. Адбылося гэта яшчэ ў 2010 годзе. Прычынаю пазбаўлення называлася наяўнасць у яго другога грамадзянства – расейскага.

Таксама ў 2021 годзе сталася вядома, што Маскоўскі РАУС Берасця пасля правярання ў дачыненні 27-гадовага берасцейца прыйшоў да высновы, што ён «грамадзянінам Рэспублікі Беларусь не з’яўляецца і неправамерна дакументаваны пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь». Мужчына нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Беларусі. Бацька – грамадзянін Украіны, у маці на момант нараджэння сына быў яшчэ пашпарт грамадзянкі СССР, які яна атрымала на тэрыторыі УССР. У 1997 годзе Маскоўскі РАУС Берасця выдаў ёй беларускі пашпарт, але тры гады таму той жа РАУС пастанавіў, што яна не мела на гэта падставаў. З якой прычыны ладзіліся правяранні, не ўдакладнялася.

Як мянялі законы

Актыўна за змяненне закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» улады ўзяліся ў канцы 2020 года, пасля паразы Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах і пачатку моцных пратэстаў. Да таго грамадзянства можна было страціць, толькі паступіўшы на службу замежнай дзяржаве (у войска, паліцыю, суд, урад) ці на падставе заявы бацькоў дзіцяці, якое паводле нараджэння набыло замежнае грамадзянства разам з грамадзянствам Беларусі.

Спачатку ў чэрвені 2021 года набылі моц змены, якія дазволілі пазбаўляць грамадзянства натуралізаваных грамадзянаў. З таго моманту чалавек можа страціць набытае грамадзянства, калі яго прызнаюць вінаватым у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненні цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы. У прыватнасці, вялося пра крымінальныя артыкулы за тэрарызм, распальванне варожасці, экацыд, найміцтва, стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання, масавыя беспарадкі, здраду дзяржаве, змову з мэтай захопу ўлады, дыверсію, стварэнне і фінансаванне экстрэмісцкага фармавання, удзел у ваенных дзеяннях за мяжой.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Агульнаграмадзянскі марш за Свабоду ў Менску. У ім узялі ўдзел, паводле розных падлікаў, ад 200 да 350 тысяч чалавек. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Але «пашпартных» рэпрэсіяў супраць натуралізаваных грамадзянаў уладам падалося мала. Ціск захацелі распаўсюдзіць і на грамадзянаў Беларусі ад нараджэння.

«Людзі, якія збеглі з нашай краіны, ненавідзяць яе і сёння працуюць у інтарэсах заходніх краінаў, не павінны мець права называцца беларусамі. Калі яны адвярнуліся ад краіны, чаму краіна не можа адвярнуцца ад іх? У выніку яны не змогуць прыехаць у Беларусь у свабодным парадку, не змогуць удзельнічаць у электаральных працэсах, грамадска-палітычным жыцці дзяржавы», – тлумачыў у кастрычніку 2021 года неабходнасць новых зменаў прадстаўнік ГУБАЗіКу Вячаслаў Арлоўскі.

І 5 студзеня 2023 года прапанаваныя змены зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка. Цяпер страта грамадзянства РБ пагражае ў тым ліку грамадзянам Беларусі ад нараджэння, якія жывуць за мяжой, але маюць прысуд за «экстрэмісцкую» дзейнасць, або калі яны нанеслі шкоду інтарэсам Беларусі. Згодна з новымі правіламі, пазбаўляць грамадзянства будуць на падставе прысудаў паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 122–137, 287, 289, ч. 2 арт. 290, арт. 290-1–293, ч. 4 арт. 294, ч. 4 арт. 295, ч. 4 арт. 309, ч. 3 арт. 311, ч. 3 арт. 322, ч. 3 арт. 323, ч. 3 арт. 324, ч. 2 арт. 333, 356, 357, 359–362, ч. 2 арт. 363, арт. 364, 366, ч. 2 арт. 367, арт. 388.

Каб не страціць грамадзянства, прадстаўнік МУС Аляксей Бягун прапанаваў беларускім палітэмігрантам вярнуцца і выканаць вырак суда:

«Такая неаб’ектыўная крытыка, што мы будзем ствараць выпадкі з’яўлення ў дзяржаве асобаў без грамадзянства. Але, па-першае, гэтыя асобы не на тэрыторыі нашай краіны. І па-другое, у іх заўсёды ёсць выбар: ці вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь і выканаць вырак суда Рэспублікі Беларусь, адбыць у вызначаным парадку пакаранне, якое яны панеслі за тыя злачынствы, здзейсненыя на тэрыторыі нашай краіны. Або заставацца за межамі краіны з усімі наступствамі, якія з гэтага выцякаюць».

Каментар
Улады патрабуюць паведаміць пра замежнае грамадзянства або ВНЖ. Чаму гэтага не варта рабіць
2023.08.08 15:58

У новай рэдакцыі закону таксама прапісаны абавязак грамадзяніна паведаміць пра наяўнасць грамадзянства іншай дзяржавы, віду на жыхарства ў іншай дзяржаве, іншага дакументу, які дае права на атрыманне льготаў і пераваг у такой дзяржаве, напрыклад, карты паляка. Пакуль непаведамленне пра наяўнасць грамадзянства або ВНЖ не ёсць правапарушэннем, але ўжо сёлета «кампетэнтныя органы» плануюць увесці адпаведную адказнасць.

Пры ўсім гэтым арт. 10 нават папраўленай у 2022-м Канстытуцыі дагэтуль абвяшчае: «Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь ці права змяніць грамадзянства».

Але нават без пазбаўлення грамадзянства беларусы за мяжою пазбаўленыя шэрагу правоў. Гэтак, з 2023 года беларускія амбасады і кансулаты больш не выдаюць ім пашпартоў, а таксама не здзяйсняюць шэрагу іншых натарыяльных дзеянняў. З 2022 года больш не праводзяцца і галасаванні за мяжою.

Пазбаўленне грамадзянства не дасягне мэты

На думку адваката Алеся Міхалевіча, пазбаўленне грамадзянства не дасягне сваёй мэты, бо большасць патэнцыйных рэпрэсаваных жывуць у развітых краінах Захаду: у краінах Еўразвязу, ЗША, Канадзе.

«На маё меркаванне, гэта дастаткова слабы механізм, але таксама ён паказвае, што ўлада мае ўсе магчымасці для таго, каб караць. Калі не могуць дастаць чалавека, то проста пазбавяць грамадзянства», – сказаў Міхалевіч.

Адвакат не чакае, што шмат беларусаў захоча вярнуцца ў Беларусь, каб не быць пазбаўленымі грамадзянства. Тым не менш, паводле яго, улада, «як дзіцё, мацае межы дазволенага, глядзіць, якія метады працуюць, якія не працуюць і якая рэакцыя на гэта з боку грамадзянскай супольнасці беларусаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выгляд на Замкавую плошчу і Каралеўскі замак. Варшава, Польшча. 6 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Міхалевіч падкрэсліў, што пазбаўленне грамадзянства ў параўнанні, напрыклад, з абвяшчэннем у вышук, якое пагражае экстрадыцыяй у Беларусь, «наагул не стварае ніякіх праблемаў». Тым больш, што Інтэрпол ужо прыкладна з 2021 года не прымае ад Беларусі звестак у базу страчаных пашпартоў, каб не было злоўжыванняў з паведамленнямі пра тое, што чалавек жыве з пратэрмінаваным дакументам.

Міхалевіч не выключае, што выпадкаў пазбаўлення грамадзянства можа стаць больш. Але ён падкрэсліў, што нават без пашпарта Беларусі беларусы не перастануць быць беларусамі.

«Гэта пытанне самаідэнтыфікацыі. Калі людзі ідэнтыфікуюць сябе як беларусаў, то нічога не зменіцца. Калі беларуская дзяржава ад мяне адмовіцца і скажа, што я больш не грамадзянін Беларусі, для мяне гэта не тыя людзі, якія, з маёй кропкі гледжання, маюць права прадстаўляць беларускую дзяржаву. Як да беларускага народу, так і да нармальнай беларускай дзяржавы маё стаўленне не зменіцца, я застануся беларусам і для сябе грамадзянінам Беларусі», – заключыў адвакат.

Замяшчэнне беларусаў

Тым часам улады Беларусі надумалі спрасціць і паскорыць наданне грамадзянства эмігрантам з іншых краінаў. Неабходнасць гэтага ў жніўні 2021 года агучыў сам Лукашэнка. Станам на 19 кастрычніка 2023 года беларускае грамадзянства такім чынам атрымалі 6814 грамадзянаў Украіны. Акрамя іх, грамадзянамі Беларусі за два гады зрабіліся яшчэ 2990 асобаў з іншых краінаў.

Сярод украінцаў найчасцей беларускае грамадзянства атрымліваюць выхадцы з Данецкай і Луганскай вобласцяў. Што датычыць іншых краінаў, нарадзінцы якіх зрабіліся грамадзянамі Беларусі, то, між іншага, называюцца: Азербайджан, Алжыр, Арменія, Афганістан, В’етнам, Грузія, Егіпет, Емен, Індыя, Ірак, Іран, Казахстан, Латвія, Ліван, Лівія, Літва, Малдова, Нямеччына, Пакістан, Палестына, Польшча, Расея, Самалі, Сірыя, Судан, Таджыкістан, Туркменістан, Турэччына, Узбекістан, Эстонія.

Дакладная колькасць выхадцаў з кожнай краіны невядомая. Паведамляецца толькі, што сярод іх былі прынамсі два кандыдаты навук, два лекары і пяцёра расейскіх спартоўцаў. Але гэтых лічбаў усё адно недастаткова, каб замясціць той рэкордны недахоп кадраў, які ўтварыўся ў краіне з прычыны масавай эміграцыі.

Hавiны
Прымусовае пазбаўленне грамадзянства. Як рабілі камуністы і нацысты
2021.10.20 10:58

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў