Былы начальнік Генштабу Малдовы выявіўся шпіёнам Расеі


Былы начальнік Генеральнага штабу Малдовы Ігар Гарган рэгулярна дакладваў расейскай вайсковай выведцы інфармацыю пра ўнутраныя палітычныя абставіны ў краіне і пра візіты прадстаўнікоў Міністэрства абароны Украіны, якія закуплялі вайсковую тэхніку і снарады для сваіх Збройных сілаў. Пра гэта паведаміла выданне «The Insider» на падставе вынікаў расследавання.

Ігар Гарган.
Фота: theins.ru

У 2013 годзе генерал Ігар Гарган заняў пасаду начальніка Генеральнага штабу Малдовы, але ў выніку канфлікту з тагачасным міністрам абароны яму давялося пакінуць вайсковае ведамства. У 2019 годзе пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах прарасейскага Ігара Дадона Гарган ізноў узначаліў Генштаб. На гэтай пасадзе ён прабыў да верасня 2021 года, пакуль новая прэзідэнтка Мая Санду не адправіла яго ў адстаўку.

Журналісты сцвярджаюць, што атрымалі доступ да Telegram-ліставання Ігара Гаргана з адным з ягоных куратараў з Галоўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных сілаў Расеі палкоўнікам Аляксеем Макаравым. Паводле расследавання, яны пачалі асабліва актыўна кантактаваць у красавіку 2022 года, то бок ужо пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Канфідэнцыйныя сустрэчы праходзілі пераважна ў кавярнях ці на рыбалцы.

Хоць сам Гарган ужо не ўзначальваў Генштаб, але ў Міністэрстве абароны Малдовы засталося нямала ягоных стаўленікаў, якія забяспечвалі яго сакрэтнай інфармацыяй.

Расейскі бок асабліва цікавіла, якое ўзбраенне Кіеў закупляе ў суседніх краінах, у тым ліку ў Малдове. Гарган апісваў перамяшчэнне цягнікоў з палівам праз Малдову ва Украіну і наракаў, што Кіеў атрымлівае праз Румынію вельмі шмат грузаў, у тым ліку зброі. Акрамя таго, генерал перадаваў інфармацыю пра ўнутраныя палітычныя абставіны ў кіраўніцтве Малдовы і ўважліва адсочваў публічныя выступленні прэзідэнткі Маі Санду.

Hавiны
«У нашых народаў адна мэта: еўрапейская будучыня». Ціханоўская працягвае афіцыйны візіт у Малдову
2023.10.21 13:31

Ён увесь час пісаў Макараву, што ў Малдове нібыта ўсё гатовае да прыходу расейскіх войскаў, а з палітыкамі разбяруцца «хутка».

Крыніца «The Insider» у вайсковай выведцы выказала думку, што, хутчэй за ўсё, кантакты Гаргана з расейскай выведкай пачаліся яшчэ ў 2004 годзе, калі ён служыў у місіі NATO.

Служба інфармацыі і бяспекі пацвердзіла гэтую інфармацыю і запэўніла, што ўважліва сочыць за рызыкамі бяспекі.

У адміністрацыі прэзідэнткі Малдовы ўжо пракаментавалі расследаванне журналістаў.

«За гэткія злачынствы супраць дзяржавы мусяць караць самым суровым чынам. У 2021 годзе прэзідэнтка Мая Санду адхіліла гэтага чалавека ад пасады. Яго пазбавяць вайсковага звання і дзяржаўных узнагародаў «Meritul Militar» і «Credință Patriei», якія яму ўручылі ў 2006 і 2015 гадах», – заявіў кіраўнік кабінету Санду Адрыян Бэлуцэл.

У 2023 годзе Гарган уладкаваўся ў прадстаўніцтва ААН у справах бежанцаў у Кішынэве (UNHCR-Moldova). Агенцтва бярэ на ўлік усіх вымушаных перасяленцаў з Украіны і дапамагае ім з уладкаваннем на новым месцы. Там паведамілі, што яго часова адхілілі ад пасады і пачалі ўнутранае расследаванне.

Спікер парламенту Малдовы Ігар Гросу 6 чэрвеня заклікаў праваахоўныя органы краіны адкрыта паведамляць, на якім этапе трывае справа былога начальніка Генштабу Малдовы.

Аналітыка
Прыднястроўе папрасіла Расею яго абараніць. Ці варта чакаць анексіі або новай вайны?
2024.02.29 15:59

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў