Хочуць апраўдаць кантроль за беларусамі. Навошта вайскоўцы ўмацоўваюць мяжу з Украінай


Прадстаўнікі беларускіх памежнікаў і ССА адначасова сталі казаць пра ўмацаванне мяжы з Украінай. «Можна чакаць радыкальных дзеянняў», заявіў намеснік начальніка Гомельскай памежнай групы Сяргей Свянцецкі. «Белсат» даведаўся, што адбываецца на беларуска-ўкраінскай мяжы і чаму навіны ад вайскоўцаў падобныя на запалохванне беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кадр са спаборніцтваў беларускіх ССА.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі / Telegram

Беларускія чыноўнікі і вайскоўцы рэгулярна кажуць пра ўмацаванне межаў з Украінай і еўрапейскімі суседзямі. Чарговая і сінхронная порцыя заяваў адбылася 5 лютага. Намеснік начальніка Гомельскай памежнай групы Сяргей Свянцецкі сказаў, што з боку Украіны могуць быць правакацыі, бо «там жа ёсць гэтыя незразумелыя, тэрарыстычныя арганізацыі, полк Каліноўскага і іншыя». Ён таксама заявіў, што амаль гатовая сістэма бесперапыннага візуальнага назірання за ўкраінскай мяжой.

А намеснік камандзіра брыгады сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Вадзім Бабілевіч распавёў, што частку брыгады сіл спецыяльных аперацый перакінулі на ўчастак на паўднёвым кірунку, гэта значыць да мяжы з Украінай.

Насамрэч Беларускія ССА ўжо даўно знаходзяцца там, кажа «Белсату» вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка. Пра гэта казаў вясной і сам Бабілевіч.

«Гэта, напрыклад, і 5 асобная брыгада ССА ў невялікай колькасці ў раёне Іванава Берасцейскай вобласці і ў Гомельскай вобласці – Прыбалавічы. Каля мяжы беларускія сілы сканцэнтраваныя ў агульнай колькасці дзесьці крыху больш за 1800 чалавек асабовага складу. Яны прызначаныя для скоўвання сілаў абароны Украіны. Гэта значыць з іншага боку павінны знаходзіцца адпаведныя сілы.

ССА прызначаныя ў першую чаргу для правядзення дыверсійна-разведвальнай, дыверсійна-тэрарыстычнай дзейнасці. Гэта прыцягненне дадатковай увагі да гэтай лакацыі. З іншага боку, казаць пра якія-небудзь сур’ёзныя пагрозы для Украіны на сённяшні дзень з тэрыторыі Беларусі не даводзіцца», – кажа Аляксандр Каваленка.

Каментар
«Нават не на каленях – войска ляжыць на зямлі». Эксперт пракаментаваў інфармацыю аб перакідванні вайсковай тэхнікі на Берасцейшчыне
2024.02.05 20:27

«Для спажыўца інфармацыйнага фаст-фуду»

На думку эксперта, паводзіны і выказванні беларускіх вайскоўцаў – гэта не толькі спосаб адцягнуць украінскія войскі ад асноўнага кірунку, але і частка прапагандысцкай працы.

«Такія дзеянні праводзяцца для ўнутранага спажывання. Для Беларусі, для расейскага спажыўца інфармацыйнага фаст-фуду, маўляў, узмацняецца мяжа. Гэта традыцыйная сістэмная праца па візуалізацыі ворага звонку, да якіх у Менску адносяць Украіну, Польшчу, краіны Балтыі. Гэта значыць рэжым дае ўказанні камандуючым тых ці іншых падраздзяленняў рабіць такія звароты ў прапагандысцкіх СМІ, каб падтрымліваць карцінку пагрозы.

Другі момант – трэба апраўдваць крокі па ўзмацненні жорсткасці кантроля за беларусамі, якія праводзіць рэжым Лукашэнкі», – перакананы Аляксандр Каваленка.

Што тычыцца ўкраінскага боку, то там адбываецца пастаяннае ўмацаванне мяжы, хоць ГУР Украіны і перастаў асобна згадваць Беларусь у сваіх зводках.

«Так, мінімізавалі ўвагу, паколькі ў нашай інфармацыйнай прасторы за апошнія два гады і так было шмат пра пагрозы з боку Беларусі. У шэрагу выпадкаў нават хтосьці маніпуляваў гэтай інфармацыяй. Але ў цэлым па мяжы з Беларуссю праводзіцца працэс узмацнення менавіта буфера абароны. Пагроза з боку Беларусі на сённяшні дзень мінімальная, але гэта не азначае, што заўтра не будзе стварацца ўдарная групоўка, якая створыць паўнавартасную пагрозу», – адзначае суразмоўца.

Hавiны
Кірыла Буданаў: новы контрнаступ Украіны можа пачацца ўжо ўвесну
2024.02.01 10:17

Рэальныя пагрозы заўважылі б выведкі

Пра тое, што беларускія ССА і так знаходзіліся ля мяжы з Беларуссю кажа і вайсковы журналіст, палкоўнік УСУ і экс-спікер Генштабу Украіны Уладзіслаў Селязнёў. На ягоную думку, заява Бабілевіча можа быць звязаная са звычайнай ратацыяй.

«Адны часткі заступаюць на дзяжурства, а на змену ім прыходзяць іншыя падраздзяленні. Апошнім часам паведамленняў аб пераходзе дыверсійна-разведвальных груп на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі Беларусі менавіта беларускіх ДРГ я не сустракаў. Хоць не выключана, што нейкая выведніцкая дзейнасць вядзецца. Але інфармацыйная прастора Украіны досыць дынамічная і празрыстая, думаю, што такія падзеі сапраўды б падсвятляліся.

Таму не думаю, што ва ўкраінскіх сіл абароны ёсць сурʼёзная падстава для перажыванняў. Праведзена пэўная колькасць мерапрыемстваў на ўзмацненне гатовасці ўкраінскай арміі і падраздзяленняў, якія дзейнічаюць на поўначы краіны, таму сітуацыя падкантрольная, а ўкраінская разведка ўважліва адсочвае ў тым ліку перамяшчэнне асобных частак беларускай арміі і расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі», – кажа Уладзіслаў Селязнёў.

Калі б пагрозы з боку Беларусі былі, пра іх бы паведамлялі, як гэта было напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, мяркуе суразмоўца.

«У любым выпадку ўкраінская выведка і разведкі нашых краін-партнёраў вельмі педантычна адсочваюць перамяшчэнне, як падраздзяленняў беларускай арміі, так і акупацыйных падраздзяленняў расейскай арміі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Літаральна на мінулым тыдні мы чулі паведамленне брытанскай выведкі, якая аналізавала колькасны склад наймітаў ПВК “Вагнер”», – працягвае Селязнёў.

Пра пагрозу для Беларусі з украінскага боку гаворкі не ідзе, перакананыя эксперты. Хоць бы таму, што Украіна ў тым ліку замініравала мяжу з Беларуссю.

Каментар
Кантакты з дэмсіламі і разрыў з Менскам. Магда пра прызначэнне Кіевам амбасадара Кізіма
2024.02.03 17:13

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў