«Ад 10 гадоў да расстрэлу». Хрысціянскі прапаведнік Сергій Мельянец – пра содні і тых, з кім іх правёў


Евангельскі прапаведнік Сергій Мельянец, які сёлета правёў за кратамі 25 содняў запар па двух адміністратыўных арыштах, ужо больш за месяц у бяспецы. Сваё вызваленне і ад’езд з Беларусі мужчына называе цудам і Божым добраслаўленнем, бо з тым, што на яго мелі кадэбэшнікі, выйсці на волю прапаведнік не мусіў. Разам з Сергіем новае жыццё за мяжою цяпер распачынаюць ягоная жонка і сямёра дзяцей. У размове з «Белсатам» беларус апавядае не толькі пра сябе, але і пра асуджаных паводле палітычных артыкулаў сукамернікаў, пра шмат з якіх звестак няма ні ў праваабаронцаў, ні ў медыях.

Прапаведнік і бацька сямі дзяцей Сергій Мельянец. 27 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Затрыманні за ліставанне ў сямейных чатах

«Я ўвесь гэты час на волі шукаю на «Вясне» і ў медыях інфармацыю пра тых асобаў, з якімі сядзеў, і бачу, што пра шмат каго нідзе няма ніякіх звестак. Пакуль знайшоў толькі пра чатырох», – з аповеду пра сукамернікаў Сергій пачынае нашую гутарку.

Цягам 25 содняў, якія наш суразмоўца правёў у зняволенні, разам з ім у камеры пастаянна былі палітычныя. Канвеер рэпрэсіяў у Беларусі не спыняецца, людзей кідаюць за краты за дробязі і нават без нагоды. Найчасцей – за рэпосты з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, нават у асабістым ліставанні ў сямейных чатах. Забіраюць таксама часта сем’ямі. Гэтак, разам з Сергіем двойчы сядзелі бацька з сынам.

«У першым выпадку ў сына – 18-гадовага хлопца – было татуяванне на англійскай мове пра міліцыю, ён выклаў яго ў сацсеткі. Хтосьці данёс, і да яго прыйшлі. Удома быў бацька, дальнабойнік. Яму загадалі зняць цішотку, а там на грудзях была Пагоня. ГУБАЗіК затрымаў абодвух. Бацьку моцна збілі, ён ззаду ўвесь сіні быў і не мог сядзець», – апавядае прапаведнік.

У другой сям’і сына затрымалі пасля таго, як ён пайшоў падпісваць кантракт у ваенкамат. Там паглядзелі тэлефон хлопца, загадалі прыйсці на наступны дзень – і адразу ў кайданкі. Потым прыйшлі да бацькі, знайшлі ў ягоным тэлефоне перапост – і таксама затрымалі.

«Такіх выпадкаў шмат: затрымліваюць сем’ямі, калі ў сямейных чатах знаходзяць штосьці. Спасылкі могуць быць самыя бяскрыўдныя, але калі з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, людзі ідуць на содні ў найлепшым выпадку», – адзначае суразмоўца.

«Убачылі белую паперку з чырвонай ізастужкаю – выклікалі спецназ»

Сергій згадвае пра настаўніка фізікі, які сеў за тое, што настаяў, каб вучань, які прыйшоў на заняткі ў вайсковай уніформе, пераапрануўся. Мужчыну пры затрыманні моцна збілі і далі другі адміністратыўны тэрмін, каб на целе сышлі сляды пабояў.

Фота: Белсат

«Напрыканцы другога тэрміну яго адправілі ў Магілёў. Больш я нічога пра яго не чуў», – зазначае прапаведнік.

Білі пры затрыманні шмат каго, кажа суразмоўца:

«Са мною сядзелі яшчэ двое. Яны пасябравалі ў ІЧУ. Адзін – дырэктар аднаго з пунктаў хуткага харчавання ў Менску. Яго моцна збілі. Ён чакаў, калі яго адпусцяць, але ў ягоным тэлефоне знайшлі кавалак ліставання з Nexta, якое ён выдаляў, але яны ўсё роўна знайшлі. Прыйшоў следчы і сказаў рыхтавацца да СІЗА. Ягоны сябар адмовіўся спачатку даць пароль ад свайго тэлефона, і яго таксама моцна збілі. У камеры ён спрабаваў ствараць пазітыўны настрой. Яму паабяцалі пяць гадоў за абразу Лукашэнкі».

На содні кідаюць і зусім немаладых асобаў.

«Быў дзядуля каля 70 гадоў, украінец. Сядзеў за каментары. Моцна перажываў, што ягоная жонка не ведае, дзе ён. Яшчэ быў дзядзька гадоў 54, вёў свой тэлеграм-канал, пайшоў на крыміналку», – апавядае Сергій.

Пасля тэракту ў расейскім «Crocus City Hall» на содні трапіў адвентыст – за каментары, прыгадвае прапаведнік. А яшчэ адзін мужчына панёс кветкі да расейскай амбасады ў Менску, потым зрабіў пару крокаў у бок будынку – і яго скруцілі: сказалі, ён, падобна, хацеў зладзіць тэракт.

«Яго моцна білі, яму стала кепска, на чацвёрты дзень яго забралі на 10 дзён у Навінкі», – згадвае Сергій.

Фота: Белсат

Сядзеў разам з прапаведнікам 54-гадовы дальнабойнік, які вазіў цукар з Гарадзейскага цукровага заводу:

«Аднойчы на прахадной унутраная ахова праверыла ягоную кабіну – убачылі белую паперку з паласою чырвонай ізастужкі пасярэдзіне. Выклікалі спецназ, затрымалі, яшчэ ў тэлефоне штосьці знайшлі. Спачатку трымалі 10 содняў у Нясвіжы. Ён казаў, што там горш, чымся на Акрэсціна: не давалі ежы, спаць даводзілася на халоднай кафлі».

Цуд вызвалення

Акрамя палітычных, у камеры было шмат асобаў з алкагольнаю залежнасцю: «малпоўнік» Фрунзенскага РАУСу быў перапоўнены імі, суддзі не паспявалі кляпаць рашэнняў, кажа Сергій.

І тыя, і іншыя асцерагаліся апавядаць свае гісторыі, выказваць меркаванне, бо разумелі, што ў камеры могуць быць стукачы:

«У краіне – татальная атмасфера страху. Ніхто не застрахаваны. Тых, хто трапляе праз палітыку, фатаграфуюць у некалькіх ракурсах і кажуць, што здымкі загружаюцца ў сістэму сачэння. За чалавекам усталёўваецца пастаянны кантроль праз відэакамеры. Мяне двойчы ці тройчы фатаграфавалі ў розных ракурсах – зверху, збоку, знізу».

Фота: Белсат

На фоне ўсіх гісторыяў, якія прайшлі перад вачыма Сергія, і таго, як часта людзей з Акрэсціна пераводзілі ў СІЗА, сваё вызваленне суразмоўца называе цудам, як і шэраг падзеяў у ягоным жыцці з 2020 года.

Першы цуд, паводле Сергія, адбыўся яшчэ 10 жніўня 2020 года, на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў і пачатку пратэстаў. Тады прапаведнік разам з братамі паехаў да канцэртавай залы «Менск», каб памаліцца. Усіх затрымалі. Успаміны пра той вечар у Сергія жудасныя:

«Нас прывезлі ў гараж Ленінскага РУУСу, там мы стаялі некалькі гадзінаў на бетоннай падлозе тварам у металічную сцяну. Потым рукі закулі ў пластыкавыя кайданкі. Мяне катавалі электрашокерам, білі дубінкамі, не давалі вады. Мне стала блага. Дактары, якія там былі, сказалі міліцыянтам, што мяне трэба везці ў шпіталь. Амапаўцы не хацелі, маўляў, няма каму. Дактары адказалі – як хочаце, калі ён у вас памрэ, то гэта вашыя праблемы. І яны спужаліся ды выклікалі хуткую. У апошні момант мне сунулі ў рукі пакет з ключамі ад машыны брата і маім тэлефонам. Гэта ўсё яны аддалі. Уяўляеце?»

«Прыходзіў маліцца за людзей»

Далей цудам Сергій называе сітуацыю, калі справы супраць яго і ягоных братоў, заведзеныя пасля затрымання 10 жніўня, адправілі дапрацоўвацца, а потым і зусім закрылі, бо выйшлі тэрміны прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці:

«Я бачыў, як Бог мяне абараняў. У дзяцей у школе пачалося сапраўднае цкаванне. Нам хацелі паставіць статус сацыяльна небяспечнага становішча, распачалі расследаванне. Але ўрэшце ўсё вырашылася на нашую карысць».

Фота: Белсат

Калі пачаўся канвеер палітычных судоў, прапаведнік стаў хадзіць на паседжанні, каб падтрымліваць людзей і маліцца за іх:

«Мяне шмат разоў абшуквалі, перапісвалі звесткі, але адпускалі. Я казаў, што мая першасная мэта – маліцца і падтрымліваць вязняў сумлення. І на працягу доўгага часу я быў як у Бога за плячыма».

Ужо на Акрэсціна, пасля затрымання ў сакавіку 2024 года, падчас допыту супрацоўнік КДБ завёў размову з Сергіем пра ягоную матывацыю наведвання судоў.

«Ён капаў пад тое, што хтосьці мне даручыў і спансараваў мяне. Але я казаў, што я – веру, і прыходжу маліцца за гэтых людзей. Кадэбэшнік пытаўся: а звычайных крымінальнікаў вам не шкада? Я адказваў, што шкада, і я хадзіў і на іншыя суды, але ў мяне больш спачування да тых, хто цярпіць несправядліва», – кажа прапаведнік.

«Мы да цябе прыходзілі мякка, цяпер пойдзем паводле жорсткага варыянту»

Пра сваю веру Сергій адкрыта казаў на допытах. Часам гэта раздражняла следчых, але часам яны слухалі.

Фота: Белсат

«Упершыню з КДБ прыехалі да мяне пасля інцыдэнту з самалётам у Мачулішчах. Тады Бог даў мне час пачысціць тэлефон перад допытам. А калі я даваў паказанні на дэтэктары хлусні, у мяне была магчымасць сказаць следчаму, што я веру ў Хрыста, пагутарыць пра гэта, і ён уважліва слухаў», – прыгадвае суразмоўца.

Магчымасць з’ехаць з Беларусі Сергій таксама называе цудам:

«Пасля таго, што яны знайшлі ў мяне ў тэлефоне пасля затрымання [Сергія затрымалі ў Менскім гарадскім судзе 19 сакавіка, дзе адбываўся разгляд справы журналіста Ігара Карнея. – Заўвага рэд.], кадэбэшнік сказаў – ад 10 гадоў да расстрэлу. І яны цалкам маглі сшыць справу пра шпіёна, які прыкрываўся вераю. Гэта вельмі страшна чуць. Пагатоў я не апавядаў ніякіх сакрэтных звестак: гэта ўсё было ў адкрытым доступе – хто суддзя, якія артыкулы».

Суд двойчы прызначаў прапаведніку адміністратыўны арышт. Пасля ўсіх пагрозаў і ціску ў зняволенні ў мужчыны ледзь вытрымлівалі нервы, трымацца можна было толькі дзякуючы малітве і падтрыманню сукамернікаў:

«Пасля другога допыту кадэбэшнік быў вельмі расчараваны і злы, што я не падпісаў таго, чаго ён патрабаваў. Пагражаў, што будзе дапытваць маю жонку, пасадзіць яе, а дзяцей праз 10 дзён забяруць органы апекі, а ў кватэры яны ўсё разнясуць. Казаў, маўляў, мы пакуль мякка да цябе прыходзілі, а цяпер, калі ты не ідзеш на супрацу, прыйдзем паводле жорсткага варыянту. І я разумеў, што гэты чалавек можа разбурыць усё маё жыццё: пасадзіць мяне, жонку, знішчыць мой дом і забраць дзяцей у інтэрнат. Што мне было рабіць? Я сядзеў і маліўся, і давяраў Богу, бо ён мацнейшы за любых супрацоўнікаў КДБ. Так і аказалася. Бог спыніў яго, і ён не выканаў ніводнай са сваіх пагрозаў, адпусціў мяне».

Hавiны
Хрысціянскі прапаведнік і шматдзетны бацька Сергій Мельянец з’ехаў з Беларусі ад пераследу
2024.04.18 16:27

«На пахаванні Алеся Пушкіна думаў: не хачу, каб мае дзеці гэтак стаялі ля маёй труны»

Сергій думае, што ягонае вызваленне – не выпадковасць, і прыгадвае евангельскую гісторыю:

«У Дзеях апосталаў апавядаецца, што калі апостала Пятра схапілі, ён ноч правёў у турме, да яго прыйшоў анёл і вызваліў. І тады апостал перамясціўся ў бяспечнае месца. Я разумеў, што мне трэба дзеяць гэтак жа. Сваёй сям’і я загадаў, што няважна, выпусцяць мяне ці не, яны мусяць з’ехаць. І так атрымалася, што мы з’ехалі разам.  Гэта сапраўдны цуд. З тым, што на мяне было, я не павінен быў выйсці».

Фота: Белсат

Сергій мог з’ехаць і раней: візы ў сям’і былі гатовыя яшчэ ў кастрычніку 2023 года. Мужчына не аднойчы думаў пра ад’езд, а асабліва на пахаванні мастака Алеся Пушкіна:

«Я бачыў ягоных дзяцей, якія стаялі ля ягонай труны, і разумеў, што не хачу, каб мае дзеці гэтак жа стаялі. Але адначасова думаў: цяпер жа да мяне не прыходзяць.  Я спрабаваў зразумець, што Бог ад мяне хоча. І вырашыў: пакуль не будзе нейкага канкрэтнага знаку, што трэба з’язджаць, мы не з’едзем.  Я паспеў яшчэ штосьці добрае зрабіць у Беларусі да сакавіка, а потым быў ужо такі знак, што не было куды дзявацца».

На волі першы час Сергій прыходзіў у сябе пасля таго, што давялося перажыць. На Акрэсціна мужчына амаль не спаў: мозг проста не адключаўся.

«Кожны момант уначы я кантраляваў тое, што адбываецца. Цяжка спаць, калі вакол яркае святло, храп. Я ляжаў на другім ярусе на рашотках. Мозг не адключаўся, я спадзяваўся, што я так стамлюся, што засну, але не мог», – прыгадвае мужчына.

«У першую ноч на волі прачнуўся ад жаху, што я ў камеры»

Першую ноч на волі Сергій здолеў крыху задрамаць, але неўзабаве прачнуўся:

«Мяне ахапіў жудасны страх. Я не разумеў, дзе я. Мне падавалася, што я ў камеры, але не разумеў, чаму няма святла і так ціха. У мяне ўсё цела было мокрае, я быў вымушаны змяніць майку, уключыць святло, пахадзіць крыху, каб ізноў паспрабаваць заснуць. І такіх панічных атак было некалькі. Потым паціху сон нармалізаваўся».

Фота: Белсат

Праз крыху больш як месяц на волі Сергій адчувае сябе нашмат лепш. Кажа, галоўныя ягоныя тэрапеўты – вера ў Бога, сям’я, царква і прырода навокал. Недалёка ад дому мужчына знайшоў царкву, у якой цяпер служыць кожную нядзелю: спявае свае песні, чытае ўрыўкі з Бібліі, разважае разам з прыхаджанамі.

Дзеці, якіх у сям’і Мельянец сямёра, пакуль яшчэ не да канца асэнсавалі, што з’ехалі надоўга:

«Для іх гэта адпачынак, хоць ужо пачынаюць разумець, кажуць, што хочуць дамоў. Я тлумачу, што мы не можам цяпер вярнуцца. Сын вось казаў: мне з аднаго боку тут падабаецца, з другога – удома лепш. З сябрамі камунікуюць праз інтэрнэт».

Чым можна дапамагчы сям’і

Ужо ў чэрвені сям’я Мельянцоў будзе ў Варшаве, і ім вельмі патрэбная дапамога з жытлом, рэчамі для дзяцей, грашыма.

«У нас з сабою – толькі заплечнікі з вопраткаю. Нам шмат чаго будзе патрэбна, але ключавое пытанне – жытло. Прапановы, якія я бачу ў інтэрнэце, пачынаюцца ад 1200–1500 долараў за месяц, што вельмі дорага для нас. Я нават гатовы жыць летам у намётах, калі нічога не знойдзем. Хацелася б спыніцца ў Варшаве, але калі будзе штосьці недарагое ў іншым месцы, мы гатовыя разгледзець», – кажа прапаведнік.

Сергію таксама патрэбная дапамога з працаю, мужчына з адукацыі столяр, аднак больш за 20 гадоў працаваў менеджэрам і ўсталёўшчыкам ралетаў. Адначасова хацеў бы працаваць у нейкай дабрачыннай арганізацыі і дапамагаць людзям:

«Адчуваю, што гэта маё пакліканне. Калі за гэта будуць плаціць, будзе цудоўна, але магу і бясплатна».

Дапамагчы можна грашовым пераводам: «PayPal», smm73508@gmail.com, Краіна – Польшча, Siarhei Melyanets.

Таксама ідзе збор для сям’і Мельянцоў на сайце «BYSOL».

Сергій пачаў весці на сваёй старонцы ў Facebook свайго роду дзённік: у допісах апавядае пра перажытае за кратамі і ўвогуле ў Беларусі.

«Гэтак больш асобаў даведаюцца пра Беларусь, бо мяне чытаюць не толькі беларусы. Хоць я не ўсё магу пакуль напісаць, каб нікога не падставіць. Не ведаю, ці можна казаць пра кнігу, але, калі б хтосьці выйшаў з прапановаю – ты пішы, а мы апублікуем, – можна было б падумаць», – кажа прапаведнік.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў