Расейскі сэрвіс дастаўкі зазнаў хакерскую атаку і аднавіўся толькі праз 5 дзён


З 1 чэрвеня лагістычны аператар СДЭК поўнасцю ўзнавіў магчымасць адпраўкі пасылак, у тым ліку і ў Беларусі. Яна была перарваная ў выніку хакерскай атакі.

Здымак мае ілюстрацыйны харктар.
Фота: oborot.ru

Кампанія паведаміла, што большая частка функцыянальнасці кампаніі зноў даступная для кліентаў.

«З раніцы 1 чэрвеня вы зноў можаце адпраўляць пасылкі ва ўсіх нашых ПВЗ. Мы паспяхова пратэставалі працу сёння, і тысячы пасылак ужо ў дарозе да сваіх адрасатаў», – перадае заяву кампаніі СДЭК «Інтэрфакс».

Выдачу пасылак кампанія аднавіла 29 траўня.

У кампаніі таксама адзначылі, што кліенты, як і раней, змогуць атрымліваць пасылкі без пашпарту, выкарыстоўваючы адмысловы сэрвіс CDEK ID.

Праца СДЭК была парушаная ў выніку хакерскай атакі, якая адбылася 26 траўня. У выніку перасталі працаваць сайт і мабільны дадатак кампаніі. Таксама часовы былі спыненыя выдача і прыём адпраўленняў у пунктах выдачы заказаў, каб пазбегнуць памылак пры апрацаванні заказаў у ручным рэжыме.

Адказнасць за атаку на СДЭК узяла на сябе хакерская групоўка «Head Mare». Раней гэтая групоўка ўзломвала прадпрыемствы абароннай прамысловасці РФ і публікавала дакументы з кампаніі «Калашнікаў», а таксама «Промгідрамеханізацыя», якая займаецца абслугоўваннем ядравых аб’ектаў.

Як сцвярджалі самі хакеры, пры атацы на СДЭК яны выкарысталі вірус-шыфравальшчык, які зашыфраваў базы дадзеных сервіса.

Паводле расейскага заканадаўства, кампанія будзе абавязаная раскрыць маштабы выцеку і расказаць аб тым, якія меры рабіліся для абароны сістэмы, а таксама прадставіць у Раскамнагляд вынікі ўнутранага расследавання.

Вядома, што паслугамі кампаніі СДЭК карысталіся вайскоўцы-марадзёры ва Украіне. З яе дапамогай яны высылалі нарабаванае сваякам у Расею. Так, напрыклад, тэлеграм-канал «Беларускі гаюн» паведамляў, што расейскія салдаты ў Мазыры адпраўляюць у Расею шмат рэчаў, выкарыстоўваючы аддзяленне расейскай службы экспрэс-дастаўкі СДЭК.

Hавiны
СБУ выявіла асобы васьмі марадзёраў з Бучы, якія адпраўлялі пасылкі ў Расею з Мазыра
2022.08.16 20:00

Акрамя таго, гэта ўжо не першая атака на СДЭК. Першы інцыдэнт адбыўся неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне – 25 лютага 2022 года, тады інфармацыя пра выцек базы дадзеных кліентаў СДЭК з’явілася на хакерскім форуме «RaidForums».

Паводле выдання «Вёрстка», апошняя атака на СДЭК моцна напалохала Z-блогераў, бо СДЭК – гэта, паводле расейскага валанцёра Аляксея Жывава, адзін з найбуйнейшых аператараў «франтавой пошты», а значыць, такім чынам хакеры ўдарылі па расейскай ваеннай лагістыцы. Асабліва каментатар абураўся верагоднасцю выцеку дадзеных адпраўнікоў і атрымальнікаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў