У медыях апублікавалі спадарожнікавы здымак расейскага самалёта-лакатара, што быў атакаваны ў Мачулішчах. На фота А-50 выглядае так, нібыта ён не атрымаў сур’ёзных пашкоджанняў. Кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў, каментуючы здымак «Белсату», адзначыў: «Галоўнае, што пашкоджанае абсталяванне».
Спадарожнікавы здымак кампаніі «Maxar» абнародаваны напярэдадні. Сцвярджаецца, што фота зробленае пасля атакі на аэрадром у Мачулішчах. На здымку відаць, што ў расейскага самалёта нібыта аблупілася фарба, аднак агулам ён цэлы і не выглядае так, што ніколі ўжо не паляціць.
На гэтыя закіды кіраўнік арганізацыі «ByPol» Аляксандр Азараў адказаў «Белсату». Ён адзначыў, што партызаны не стралялі з гранатамёта, таму на фюзеляжы не бачныя чорныя дзіры, а самалёт выглядае ацалелым:
«Пашкоджанае абсталяванне – гэта галоўнае. Гэтага не будзе бачна на здымках. Ён мусіць быць пашкоджаны знутры. Абсталяванне вельмі адчувальнае».
Азараў сказаў, што самалёт, хутчэй за ўсё, гарэў, і менавіта праз гэта пацярпела авіёніка.
«Яны мусілі тушыць пажар, не ведаю, чым: ці пенаю, ці вуглекіслатою, ці вадою – імаверна, усё заліло самалёт, і яны самі пашкодзілі яго болей, чым мы», – мяркуе суразмоўца «Белсату».
Інцыдэнт у Мачулішчах адбыўся 26 лютага. «ByPol» сцвярджае, што беларускія партызаны, удзельнікі плану «Перамога», з дапамогаю дронаў падарвалі расейскі самалёт-лакатар А-50 і выехалі за мяжу.
Ні ў Беларусі, ні ў Расеі дыверсіі аніяк не каментуюць. Адзіны, хто выказаўся пра гэта, – намеснік кіраўніка беларускага МЗС Юрый Амбразевіч. Ён сказаў, што інфармацыя пра атаку – фэйк, бо «адсутнічае афіцыйная рэакцыя».
Сяргей Крот belsat.eu