Ціханоўская абмеркавала з кіраўніцай Рады Еўропы дарожную мапу для Беларусі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 19 чэрвеня ў сваім офісе ў Вільні правяла сустрэчу з генеральнай сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч. Пра гэта паведамілі ў офісе беларускай дэмакратычнай лідаркі.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральнай сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Нагодай для візіту генеральнай сакратаркі ў Вільню стаў пачатак старшынства Літвы ў Радзе Еўропы. Са Святланай Ціханоўскай яна абмеркавала працяг працы Кантактнай групы беларускай грамадзянскай супольнасці, крокі ў распрацоўванні дарожнай мапы для далучэння Беларусі да Рады Еўропы, стварэнне інфармацыйнага пункту Рады Еўропы ў Вільні.

Ціханоўская падзялілася навінамі наконт правядзення выбараў у Каардынацыйную раду, стварэння гуманітарнага фонду для палітвязняў і іх сем’яў, Люксембургскай канферэнцыі, што сталася першым практычным крокам у рэалізацыі рэзалюцыі, прынятай ПАРЕ. Яна падзякавала за праграмы падтрымання незалежных медыяў і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку за арганізацыю стажыравання беларусаў у Радзе Еўропы.

«Нам трэба больш Рады Еўропы ў Беларусі і больш Беларусі ў Радзе Еўропы», – заявіла Ціханоўская.

Марыя Пэйчынавіч-Бурыч са свайго боку выказала ўпэўненасць у паспяховасці далейшай працы, падкрэсліўшы самаадданасць самой Святланы Ціханоўскай, яе каманды і беларусаў. Ціханоўская дадала, што ўсё будзе залежаць ад нашай упартасці, мэтанакіраванасці і працаздольнасці.

Кантактная група Рады Еўропы ў пытаннях Беларусі дзейнічае з лістапада 2022 года. З беларускага боку туды ўваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці.

Hавiны
У Рады Еўропы ёсць план, як дапамагчы беларусам. Што ён уключае?
2023.02.03 14:34

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў