«Пацярпяць нармальныя мірныя беларусы». Польшча не можа не закрыць мяжы?


Беларусь усё больш будзе ізаляваная ад еўрапейскіх суседзяў, бо лукашэнкаўскі рэжым працягвае падтрымліваць міграцыйны крызіс, а Польшча бачыць усё больш небяспек з боку Беларусі. Такое меркаванне выказалі «Белсату» польскі і беларускі журналісты пасля заявы кіраўніка МЗС Польшчы, што краіна разглядае магчымасць закрыцця пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Даведаліся, што гэта можа азначаць для беларусаў.

Вайскоўцы польскай памежнай службы каля мяжы Польшчы і Беларусі. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі абурыўся тым, што міграцыйны крызіс «цалкам кантралюецца расейскімі і беларускімі службамі». Ён не ўдакладніў, ці ўсе з трох пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю могуць закрыць:

«Мы цяпер вывучаем, якія наступствы гэта будзе мець для нашай эканомікі, каб менавіта Лукашэнка адчуў наступствы, а не мы».

Пакуль на мяжы з Беларуссю працуе адзін пасажырскі пункт пропуску «Тэрэспаль – Берасце», пункт для грузавога транспарту «Казловічы» і адзін чыгуначны ў Кузніцы.

«Тут ужо пачынаецца халодная вайна»

Польскі журналіст і публіцыст Міхал Кацэвіч не выключае, што будзе закрыты ў тым ліку пасажырскі пункт пропуску, нягледзячы не тое, што мігранты ідуць не праз КПП, а праз лясы:

«Сутнасць у тым, каб пашыраць інструменты ціску на беларускую дзяржаву. Ясна, што пацярпяць звычайныя беларусы, але мы ўвайшлі ўжо ў такі перыяд санкцыяў і ціску на рэжым, што немагчыма пазбегчы таго, што пацярпіць грамадства».

Hавiны
Кіраўнік МЗС Польшчы абвінаваціў асабіста Лукашэнку ў міграцыйным крызісе на мяжы
2024.05.01 23:50

Калі Польшча пойдзе на поўнае закрыццё мяжы, то прычына можа быць і ў меркаваннях бяспекі, думае суразмоўца.

«Магчыма, ёсць інфармацыя ад польскіх спецслужбаў, што сярод беларусаў, якія пераходзяць мяжу праз памежны пераход, могуць быць людзі, якія потым у Польшчы і ў цэлым у Еўропе працуюць на беларускія і расейскія спецслужбы ды бяруць удзел у розных аперацыях. Апошнім часам было затрымана даволі шмат і беларусаў, і расейцаў, і ўкраінцаў, якія працавалі на расейскія і беларускія спецслужбы ў Польшчы.

Таму тут ужо пачынаецца халодная вайна. У такіх умовах, на жаль, дзяржавы прымаюць вельмі цвёрдыя санкцыйныя захады», – працягвае Міхал Кацэвіч.

Аднак зусім нядаўна, 24 траўня, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск казаў, што Польшча можа аднавіць працу памежнага пункту «Баброўнікі». Праўда, гэта было да смерці польскага салдата ў выніку атакі мігранта на мяжы. Цяпер Польшча наўрад ці будзе зноў абмяркоўваць нешта такое без значных зменаў з боку рэжыму.

«Умовы польскага боку ўсе ведаюць. Па-першае, заканчэнне гэтай аперацыі на мяжы, нелегальнай міграцыі, якую арганізуе беларуская дзяржава пры спрыянні расейскай. Па-другое, свабода для Анджэя Пачобута ды іншых палітвязняў.

Гэта простыя ўмовы, і калі з боку беларускай дзяржавы яны будуць выкананыя, думаю, няма ніякіх праблемаў, каб пачаць адыходзіць ад санкцыяў, што ўводзяцца пастаянна апошнім часам. Але гэтыя ўмовы наўрад ці будуць выкананыя рэжымам, таму, наадварот, сітуацыя будзе горшая як цяпер», – адзначае Кацэвіч.

Чарга на польска-беларускай мяжы з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў каля пераходу «Тэрэспаль – Берасце». Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

З візамі стане складаней

Разам з абмежаваннямі на мяжы хутчэй за ўсё варта чакаць і ўзмацнення жорсткасці візавай палітыкі Польшчы, мяркуе суразмоўца. Кампанія «VFS Global», якая працуе з дзяржавамі для выдачы візаў, ужо абвясціла, што беларусы больш не могуць падавацца на візы ў Горадні і Лідзе, калі гэта не жыхары Гарадзенскай вобласці. Раней беларусы ездзілі ў гэтыя гарады, калі, напрыклад, у Менску была завялікая чарга.

«Раней Польшча ўжывала падыход, які дазваляў максімальна шырока даваць польскія візы, бо гэта была дапамога беларускаму грамадству. У тым ліку гэта была магчымасць паказаць людзям, як выглядаюць іншыя ўмовы жыцця. Але цяпер мы адыходзім ад гэтай палітыкі, як я бачу.

Вайна ва Украіне, агрэсіўная палітыка з боку беларускага і расейскага рэжымаў у дачыненні нас ствараюць зусім іншыя ўмовы. Ёсць такія сітуацыі, калі сярод нармальных людзей ёсць таксама тыя, хто працуюць на беларускія і расейскія спецслужбы. Гэта вельмі небяспечна для нашай дзяржавы. Таму, думаю, нас чакае паступовае пагаршэнне ўмоваў выдачы польскіх візаў. Іншых варыянтаў пакуль не відаць», – кажа польскі журналіст.

Польшча ў 2024 годзе ў цэлым прыкметна скараціла колькасць выдаваных візаў. Зніжэнне ў залежнасці ад тыпу візы складае ад 50 % нават да 90 %. Збольшага гэта звязана з візавым скандалам.

Hавiны
Беларусы ў яшчэ большай ізаляцыі: Польшча прыкметна скараціла колькасць выдаваных візаў
2024.06.24 10:58

«Што датычыць беларусаў, гэта заканамерны працэс. Так выглядае адказнасць, якую беларусы нясуць за агрэсіўныя дзеянні Лукашэнкі», – адзначае журналіст Reform.news, сувядоўца праграмы «Саша, что ты несёшь» на YouTube Аляксандр Атрошчанкаў.

Суразмоўца адзначае, што ў 2020 годзе прайшло ўжо шмат часу, паступова стаўленне да беларусаў змяняецца не ў лепшы бок у сувязі з агрэсіяй з боку беларускай мяжы, як у свеце, так і ў суседзяў.

«Я не бачу, каб гэты працэс спыняўся. Беларусь будзе рабіцца ўсё больш закрытаю. Мы ўжо цяпер бачым, што яна значна больш закрытая, чымся Расея. Бо расейцы могуць атрымліваць візы ў краіны, не асабліва закранутыя расейска-ўкраінскаю вайною: напрыклад, Іспанія, Італія. Ужо цяпер шмат беларусаў едуць менавіта ў Маскву атрымліваць візы ў амбасады гэтых краінаў», – кажа Атрошчанкаў.

Мяжу з Польшчаю наўрад ці закрыюць цалкам, але пацярпяць, хутчэй за ўсё, менавіта звычайныя беларусы, адзначае суразмоўца:

«Магчыма, будзе закрыты пасажырапаток. Усё ж такі санкцыі – гэта двухбаковавострая рэч. І сам Сікорскі казаў, што яны разглядаюць, якія наступствы гэта будзе мець для польскага бізнесу. Ясна, што закрыццё мяжы ні для каго не будзе мець добрых наступстваў».

Пазіцыя дэмакратычных сілаў

Пасля словаў кіраўніка МЗС Польшчы пра закрыццё мяжы, кіраўнік НАУ і намеснік Святланы Ціханоўскай у Абʼяднаным пераходным кабінеце Павел Латушка прапанаваў закрыць грузавыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, але пакінуць беларусам магчымасць ездзіць у ЕЗ.

Такое меркаванне падзяляе і прадстаўнік у міжнародных справах Абʼяднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі. Ён паведаміў «Белсату», што ініцыюе кансультацыі з польскімі ўладамі, каб на мяжы з Беларуссю не зачыніўся адзіны пасажырскі пункт пропуску «Тэрэспаль – Берасце».

«Тое, што сапраўды паўплывала б на рэжым Лукашэнкі, – абмежаванне магчымасцяў зарабляць на гандлі з ЕЗ», – сказаў Кавалеўскі.

«Белсат» скіраваў запыт у МЗС Польшчы з просьбаю распавесці, якія пункты пропуску могуць быць закрытыя і ці паўплывае сітуацыя на мяжы на візавую палітыку ў дачыненні беларусаў. Адказ будзе апублікаваны, як толькі яго атрымае «Белсат».

Рэпартаж
«Маглі з беларускімі памежнікамі закурыць цыгарэту». Як жыве польскае памежжа з буфернай зонай
2024.06.20 09:44

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў