«Еўра-2024»: яны працягнулі справу бацькоў


На сёлетні чэмпіянат Еўропы па футболе прыехалі адразу шасцёра гульцоў, чые бацькі таксама гулялі ў фінальных турнірах «Еўра». Сёння расказ пра бацькоў ды іхных дзяцей.

Трэнаванне зборнай Нідэрландаў у рамках падрыхтавання да «Еўра-2024». На здымку (злева) – гулец Дэлі Блінд. Вольфсбург, Нямеччына. 24 чэрвеня 2024 года.
Фота: Imago / Imago Sport and News / East News

Дэні і Дэлі Блінды (Нідэрланды)

Дэні Блінд двойчы ездзіў на фінальныя турніры «Еўра». У 1992 годзе ў Швецыю зборная Нідэрландаў прыехала ў якасці чэмпіёнаў, быў узяты тытул у 1988-м на палях Нямеччыны (тады ў фінале Нідэрланды перамаглі СССР 2:0). А ў складзе СССР былі два беларусы – Сяргей Алейнікаў і Сяргей Гоцманаў. На ЧЕ ў 1992-м у Швецыі нідэрландцы ў паўфінале (тады ў фінальным турніры бралі ўдзел усяго 8 камандаў) праз пенальці саступілі Даніі, праз чатыры гады ў Англіі зноў у серыі пенальці ў першым раўндзе плэй-оф таксама саступілі, гэтым разам Францыі. Гэта быў апошні топ-турнір Блінда-старэйшага.

Усё жыццё Дэні Блінд выступаў у двух клубах: спачатку за «Sparta» з Амстэрдаму, а потым 13 сезонаў абаронца гуляў у «Ajax». З сталічным клубам Дэні выгуляў усе магчымыя клубныя трафеі: Лігу чэмпіёнаў, Кубак кубкаў, Кубак УЕФА, Міжкантынентальны кубак, Суперкубак Еўропы, чэмпіянат і Кубак Нідэрландаў. Толькі шасцёра гульцоў у свеце могуць пахваліцца такім. 24 траўня 1995 года «Ajax» у фінале Лігі чэмпіёнаў перамог «Milan» – 1:0, тады касцяк зборнай Нідэрландаў складалі якраз гульцы «Ajax». І вось 7 чэрвеня 1995 года, Менск, Дэні Блінд у якасці капітана зборнай Нідэрландаў, поўны стадыён «Дынама» ўвесь у нацыянальных сцягах, і першая топ-перамога зборнай Беларусі 1:0 з адзіным голам Сяргея Герасімца. Яшчэ адна сустрэча ў Блінда і зборнай Беларусі адбылася 7 кастрычніка 2016-га, калі падчас адбору на чэмпіянат свету Нідэрланды пад кіраўніцтвам Блінда ўшчэнт – 4:1 – разбілі Беларусь. Праўда, да канца адбору Блінд не дапрацаваў і быў звольнены. У 2012-м Блінд увайшоў у трэнерскі штаб Нідэрландаў, але на палях Польшчы і Украіны зборную чакаў поўны правал. Цяпер Дэні 62 гады.

Сыну Дэні Блінда – Дэлі – цяпер 34, ён прыехаў на сваё другое «Еўра». На турніры ў 2020-м нідэрландцы ўпэўнена перамаглі ў сваёй групе, а на першай стадыі плэй-оф сенсацыйна саступілі чэхам – 0:2. У Нямеччыне Дэлі Блінд пакуль не выходзіць на поле, застаецца ў запасе. У 2014-м разам са зборнаю выгуляў бронзу чэмпіянату свету ў Бразіліі, а таксама срэбра Лігі нацыяў у 2019 годзе. Блінд атрымаў 11 трафеяў з «Ajax», 4 з «Manchester United», стаўся чэмпіёнам Нямеччыны ў складзе «Bayern», а сёлета сенсацыйна заваяваў пуцёўку ў Лігі чэмпіёнаў разам з іспанскаю «Girona». Чатыры разы Дэлі Блінд гуляў супраць зборнай Беларусі і шторазу перамагаў, з агульным лікам 13:3.

Фэдэрыка К’еза бʼе (справа) у мяч падчас матчу групы В паміж Італіяй і Албаніяй на «Еўра-2024» у Дортмундзе, Нямеччына. 15 чэрвеня 2024 года.
Фота: Andreea Alexandru / AP Photo / East News

Энрыка і Фэдэрыка К’езы (Італія)

Энрыка і ягоны сын Фэдэрыка сталіся першай у гісторыі параю бацька – сын, якім удавалася забіваць мячы на ​​чэмпіянатах Еўропы (Энрыка забіў за зборную Італіі на «Еўра-1996», а Фэдэрыка – у 2020-м. Цяпер Энрыка Кʼезу 53 гады. Разам з «Sampdoria» выгуляў чэмпіянат Італіі, Кубак кубкаў і Кубак УЕФА (стаўся найлепшым бамбардзірам турніру). Са зборнай Італіі ездзіў на фінальны турнір чэмпіянату Еўропы, дзе італьянцы не здолелі выйсці з групы, а Энрыка забіў адзін гол. У 1999 годзе Энрыка згуляў супраць зборнай Беларусі, той матч скончыўся з лікам 1:1.

Фэдэрыка Кʼезу 26 гадоў, выступае за «Juventus» з Турыну і двойчы з ім перамагаў у Кубку Італіі, аднойчы браў Суперкубак. Тры гады таму Кʼеза-малодшы паехаў на першы для сябе чэмпіянат Еўропы і адразу заваяваў тытул. Фэдэрыка забіў два галы: у 1/8 фінале Аўстрыі і паўфінале Іспаніі. На гэтым «Еўра» Кʼеза двойчы выходзіў у асноўным складзе зборнай Італіі, але забіць пакуль не ўдалося.

Пітэр і Каспэр Смайглі (Данія)

Пітэр Смайгль – легендарны галкіпер «Manchester United», з ім брамнік выгуляў 14 тытулаў, у тым ліку Лігу чэмпіёнаў. У 1992 годзе зборная Даніі выпадкова трапіла на «Еўра» і выгуляла турнір. Адным з яе герояў якраз і стаўся галкіпер. У двух наступныя ЧЕ Данія не здолела выйсці з групы, ува ўсіх гуляў Пітэр. Цяпер яму 60. У 1999 і 2000 гадах Беларусь і Данія гулялі ў адной адборачнай групе, Пітэр адгуляў у іх на нуль – 1:0 у Капэнгагене і 0:0 у Менску. Гульнёвую карʼеру брамнік скончыў у 2003-м, а ў 2000-м пачалася карʼера ягонага сына – Каспэра Смайгля, які таксама стаўся брамнікам. Цяпер яму 37 гадоў, як і бацька, ён асноўны галкіпер зборнай Даніі, рабіўся чэмпіёнам Англіі, сенсацыйна зрабіў гэта з «Leicester». Разам Смайглі правялі больш за 1,5 тысячы гульняў, і гэта сусветны рэкорд. Каспэр зʼездзіў на два «Еўры», на мінулым Данія дабралася да паўфіналу, а цяпер спрабуе выйсці з групы, галкіпер цалкам адгуляў два матчы.

Яніс Хаджы падчас футбольнага матчу групы «Еўра-2024» паміж Бельгіяй і Румыніяй у Кёльне, Нямеччына. 22 чэрвеня 2024 года.
Фота: Gokhan Balci / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Георге і Яніс Хаджы (Румынія)

Георге Хаджы называлі карпацкім Марадонам, на сутыку 1990-тых ён крута гуляў за «Real» і «Barselona». У 1984 годзе зʼездзіў на чэмпіянат Еўропы ў Францыю: выйшла няўдала, Румынія заняла апошняе месца. На чэмпіянаце свету – 1994 Румынія выйшла з групы і выбіла ў 1/8 фіналу Аргентыну. Спыніла румынаў Швецыя. На чэмпіянаце Еўропы 1996 года Румынія зноў аказалася апошняю. Куды больш паспяховаю для Хаджы была клубная карʼера. У 1987-м выгуляў Кубак УЕФА са «Steaua», а затым браў тытулы ў Іспаніі, Італіі і Турцыі. Цяпер Георге 59 гадоў, ён трэнуе румынскі клуб «Farul». У 2007-м прывозіў «Steaua» ў Барысаў, а ў суме гульняў румынскі клуб выбіў з Лігі чэмпіёнаў БАТЭ.

Сын Хаджы – Яніс – не такі вядомы, яму 25 гадоў. За сваю карʼеру форвард змяніў 7 клубаў і выгуляў Кубкі ў Румыніі, Бельгіі ды чэмпіянат у Шатландыі. На гэтым «Еўры» Яніс згуляў 22 хвіліны.

Сэржыў і Франсішку Кансэйсаў (Партугалія)

Сэржыў Кансэйсаў, якому цяпер 49 гадоў, быў выдатным паўабаронцам. Са зборнай Партугаліі ўзяў бронзу «Еўра-2000», а на клубным узроўні разам з «Porto» неаднаразова перамагаў у чэмпіянаце, Кубку і Суперкубку, пасля чаго заваяваў шмат трафеяў у Італіі з «Lazio», сярод якіх вызначаецца чэмпіёнства, Кубак кубкаў і Суперкубак УЕФА. Карʼеру гульца Кансэйсаў скончыў у 2009 годзе. І вырас у выдатнага трэнера, які прадуктыўна працаваў у «Porto», а сёлета прыме новы выклік – трэнерства «Milan»: кантракту пакуль не падпісалі, але прынцыповых дамоваў дасягнулі.

Сын Сэржыў, 21-гадовы Франсішку, ярка праявіў сябе на гэтым «Еўра», хаця яму далі згуляць усяго 5 хвілінаў: гэтага хапіла, каб нанесці галявы ўдар і прынесці Партугаліі перамогу над Чэхіяй. Цікава, што забіў малодшы Кансэйсаў і беларусам: 13 кастрычніка 2023 года моладзевая зборная Партугаліі разбіла моладзевую зборную Беларусі – 6:1, адзін з галоў у той сустрэчы правёў якраз Франсішку.

Маркус Цюрам (пасярэдзіне) падчас матчу групы D Францыя – Нідэрланды на «Еўра-2024». Лейпцыг, Нямеччына. 21 чэрвеня 2024 года.
Фота: Imago / Imago Sport and News / East News

Лільян і Маркус Цюрамы (Францыя)

Славуты Лільян Цюрам, якому цяпер 52 гады, быў абаронцам, які са зборнай Францыі перамагаў на чэмпіянаце свету (1998) і Еўропы (2000). У 1996-м на «Еўра» ўзяў бронзу, а апошнім у карʼеры Цюрама «Еўры» ў 2004 годзе Францыя ў 1/4 фіналу сенсацыйна саступіла Грэцыі. Хапала тытулаў і ў клубнай карʼеры Лільяна Цюрама, які пагуляў за «Monaco»,«Parma», «Juventus» і «Barselona».

Сыну Цюрама – Маркусу – 26 гадоў, гуляе на пазіцыі форварда. У гэтым сезоне разам з «Inter» перамог у чэмпіянаце Італіі. «Еўра-2024» для Маркуса – другі топ-турнір, на чэмпіянаце свету ў Катары ён з Францыяй быў другі. На гэтым ЧЕ Маркус яшчэ не забіваў, хаця рэгулярна выходзіць у асноўным складзе. Цікава, што ў Лільяна ёсць яшчэ адзін сын, і ён таксама футбаліст: Кефрэну Цюраму 23-гады, ён паўабаронца і гуляе за «Nice» і ўжо мае адну гульню ў складзе зборнай Францыі. Нельга выключаць, што на наступны топ-турнір прыедуць адразу абодва браты Цюрамы.

Агляд
Украіна і Грузія набралі першыя пункты, Польшчы давядзецца пакінуць «Еўра 2024»
2024.06.23 17:56

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў