Польская газета «Wyborcza» унесла Марыю Калеснікаву і Анджэя Пачобута ў спіс герояў году


Усяго ў спісе герояў і сімвалаў 2022 года польскай газеты «Wyborcza» 53 пункты. У спіс унеслі Марыю Калеснікаву і Анджэя Пачобута, а таксама ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, польскага прэзідэнта Анджэя Дуду, Еўропу, турэцкі баявы лятальны апарат «Байрактар» і амерыканскія ракетныя сістэмы залпавага агню HIMARS, украінскага сабаку-сапёра Патрона, кота Сцяпана і іншыя. Унеслі таксама і агароджу на мяжы з Беларуссю.

Марыя Калеснікава і Анджэй Пачобут. Калаж: Белсат

У апісанні спісу аўтары напісалі: «Вось наш суб’ектыўны алфавітны агляд герояў і сімвалаў, якія зрабілі 2022 год трагічным, асаблівым, дрэнным, займальным… Некаторыя змянілі гэты свет да горшага, іншыя – да лепшага».

Марыю Калеснікаву, якая ўвайшла ў спіс, аўтары апісалі так:

«Чырвоная памада, шырокая ўсмешка і блеск у вачах. Такой запомнілі Марыю Калеснікаву з Менску, і такой яе можна ўбачыць сёння на рэдкіх фатаграфіях, таемна вывезеных сваякамі. Адна з лідараў беларускай апазіцыі кожны дзень даказвае свету, што сярод нас ёсць людзі, якіх не зламаць ніякім дыктатарам».

Скрыншот: wyborcza.pl

Пра Андрэя Пачобута аўтары напісалі:

«Наш журналіст, апазіцыянер, які змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Ён знаходзіцца ў турме ўжо амаль два гады, і, нягледзячы на патрабаванні свету аб яго вызваленні пабрацім Пуціна, Аляксандр Лукашэнка застаецца сляпым і глухім».

Скрыншот: wyborcza.pl

Марыя Калеснікава і Анджэй Пачобут утрымліваюцца ў беларускай вязніцы і прызнаныя палітвязнямі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў