«Падзякую яму, што вытрымаў». Святлана Ціханоўская апавяла, якой будзе сустрэча з мужам пасля яго вызвалення


Блогера Сяргея Ціханоўскага, які планаваў ісці на прэзідэнцкія выбары, затрымалі ў Горадні 29 траўня 2020 года. Ягоная жонка, абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская апавяла «Белсату», якой уяўляе сустрэчу з ім, калі яго вызваляць.

Светлана Тихановская, правозащитники, брифинг, Вильнюс, Сергей Тихановский
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэс-канферэнцыя Святланы Ціханоўскай ля будынку амбасады Беларусі ў Літве. Вільня, Літва. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«Будзе не да словаў. Будуць толькі адчуванні, абдымкі і ўсплёск эмоцыяў. Хачу верыць, што Сяргей нават у ізаляцыі верыць у мяне, ведае, што я яго не пакіну, што буду змагацца столькі, колькі патрэбна. Можа, скажу яму словы ўдзячнасці, што ён вытрымаў», – сказала Святлана Ціханоўская ў чацвёртую гадавіну затрымання ейнага мужа Сяргея, адказваючы на пытанне, якой яна бачыць іхную сустрэчу.

Палітыка схапілі ў Горадні падчас перадвыбарчага пікету. Ціханоўскага абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў КК і засудзілі на 18 гадоў калоніі.

Абраная прэзідэнтка ў размове з «Белсатам» прыгадала, як муж стаў папулярным блогерам:

«Гэта быў блог пра бізнес. У той час ён набыў невялічкі маёнтак, хацеў зрабіць там сямейнае гняздо, у вёсцы недалёка ад Гомля. Ён зрабіў там дах, хацеў правесці святло, і ён сутыкнуўся з такой бюракратыяй, з чыноўніцтвам – ніхто не хацеў дапамагаць. Тады ён свой блог накіраваў менавіта вось у гэтае рэчышча: што здарылася з Беларуссю, што тут адбываецца, чаму нельга ані бізнесам квітнець, ані простым беларусам. Так атрымаўся грамадска-палітычны блог».

Паводле спадарыні Святланы, вядомасць Сяргея напужала ўлады, таму яго пастанавілі затрымаць і не дапусціць да збору подпісаў:

«Мяне зарэгістравалі, каб пасмяяцца з мяне і беларусаў, каб паздзекавацца – ну, хто ўвогуле будзе за жанчыну галасаваць? Але ў той момант рэжым згубіў сувязь з беларусамі, згубіў разуменне, што адбываецца ў краіне. Пралічыліся, што людзі могуць аб’ядноўвацца, могуць чуць адно аднаго, могуць дзеля адной мэты рабіць супольныя кампаніі».

Сяргей Ціханоўскі ў Горадні, Беларусь. 30 траўня 2020 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Ціханоўская адзначыла, што з леташняга сакавіка не мае пра сужэнца аніякай інфармацыі:

«З сакавіка 2023 года ніякіх навінаў. Было гэтае відэа з-за кратаў – і ўсё. Ён, я так разумею, у поўнай ізаляцыі. Некалі нехта пра іншых палітвязняў перадае вестачкі, нехта нешта чуў, бачыў, то пра Сяргея ўвогуле такой інфармацыі няма».

Яна прызналася, што вытрымаць разлуку дапамагае праца, якой шмат, а вось дзецям значна цяжэй:

«Мой старэйшы сын цалкам абстрагаваўся ад гэтай тэмы, закрыўся, тэма таты – табу. Ён, як і я, адмаўляецца ад жыцця, бо як ты можаш жыць, насалоджвацца жыццём, калі твой тата ў турме? Яму ніколі нічога не патрэбна: “Што табе купіць смачнага? – Не, нічога не патрэбна, там у таты няма нічога”. Такая логіка, вельмі дарослая. А я хачу, каб у яго было дзяцінства».

Малодшая дачка заўсёды плача, калі згадваецца тата: «Так яна перажывае гэты боль. Яна піша шмат лістоў тату, ужо больш за год няма ніякіх адказаў, але я тлумачу, чаму няма адказаў: што тату трымаюць у ізаляцыі, бо ён герой, што тата вельмі натхняе людзей, што рэжым гэтага не хоча. Яна малюе яму малюнкі».

Сама Святлана дазваляе сябе думаць пра мужа ўвечары пасля працоўнага дня, «калі можна парэфлексаваць, паразмаўляць з сабою».

«Цяжка. Сяргей вельмі часта сніцца мне. Пасля такіх сноў на наступны дзень апатыя, вядома, бо людзей катуюць. І гэта не толькі пра Сяргея. Ён – мой асабісты боль, але ж я заўжды распаўсюджваю гэтыя думкі і адчуванні на ўсіх людзей, якія за кратамі. Адчуванні маіх дзяцей – адчуванні тысячаў дзетак палітзняволеных», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка.

Hавiны
Чатыры гады таму быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі. Звестак пра яго няма больш за год
2024.05.29 10:30

Аўтар YouTube-каналу «Рэальная Беларусь» Арцём Шапараў, асабіста знаёмы з Сяргеем Ціханоўскім, упэўнены, што палітык стаў папулярным, бо размаўляў проста, з простымі людзьмі і пра простыя рэчы:

«Гэта людзей вельмі моцна зачапіла, бо яны стаміліся ад гальштукаў, пінжакоў і тэлевізійных клішэ. Яны стаміліся ад хлусні і падману. Сяргей паехаў да людзей, даў ім магчымасць выказацца. І гэта вельмі моцна на іх паўплывала, таму што раней іх ніхто не чуў».

У размове з «Белсатам» Шапараў падкрэсліў, што спачатку Ціханоўскі і не планаваў ісці ў прэзідэнты, хацеў толькі вучыць людзей весці бізнес, аднак потым скарыстаўся легальнай магчымасцю ладзіць пікеты:

«У нейкі пэўны момант узнікла ідэя перад выбарамі пайсці на гэтую кампанію, скарыстацца гэтай кампаніяй для яшчэ больш маштабных мітынгаў, дзе можна выказацца пра свае праблемы. Гэта было лагічна і слушна ў той момант. Тады ўсе думалі пра прававое поле: мітынг у дазволены час у дазволеным месцы – прад’явіць няма чаго. Гэта потым Лукашэнка сцёр мяжу паміж заканадаўствам і ўласнымі жаданнямі».

Гісторыі
Калі турма – не перашкода пачуццям. Сем кранальных гісторыяў кахання беларускіх палітвязняў
2024.02.14 13:09

Блогер пры гэтым адзначыў, што Ціханоўскі хацеў узначаліць дзяржаву толькі дзеля таго, каб зладзіць новыя выбары, сумленныя і без фальсіфікацыяў:

«Сяргей Ціханоўскі ў той час казаў пра тое, пра што казаў просты народ, аднак гэта не кажа аб тым, што ён мусіў стаць дыктатарам. Ціханоўскі мог стаць звяном да нармальнай перадвыбарчай сістэмы, паслявыбарчай сістэмы. Ціханоўскі казаў, што не хоча быць прэзідэнтам, яму гэтага не патрэбна: «Мы зробім новыя выбары, мы прагаласуем па-новаму і сумленна».

Абвінавачанні ў тым, што палітык быў марыянеткаю Расеі, Шапараў адкідвае:

«Аб’ектыўных фактаў мы не маем, падазрэнні – маем. Так, ён працаваў у Маскве, ён меў кантакты ў Маскве, ён там вёў нейкія бізнесы, але ён прыехаў у Беларусь, зрабіў свой канал. У нас цяпер столькі базаў, столькі магчымасцяў, і мы не знайшлі ніякіх сувязяў. Таму гэта глупства. Калі мы Сяргея адтуль выцягнем, мы ўсе разам сядзем, і я мяркую, ён адкажа на ўсе пытанні».

Абноўлена
«Дачка піша і пытаецца, чаму тата не адказвае». У Вільні прайшоў брыфінг, прысвечаны Сяргею Ціханоўскаму
2024.03.08 15:58

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў