У Польшчы створаць навучальны цэнтр NATO-Украіна


На саміце міністраў абароны дзяржаваў NATO у бельгійскім Брусэлі 15 лютага было прынятае рашэнне стварыць у польскім Быдгашчы адукацыйны, аналітычны і навучальны цэнтр NATO-Украіна, расказаў журналістам міністр абароны Польшчы.

Міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш. Брусель, Бельгія. 15 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш назваў дамову аб стварэнні цэнтру NATO-Украіна вялікім поспехам. Адносна рашэння ў міністраў абароны дзяржаваў NATO «ёсць поўная згода», дадаў ён.

Гэты праект – першая ініцыятыва такога кшталту між Паўночнаатлантычным альянсам і Украінай, расказаў Касіняк-Камыш. Ініцыятыва звязаная не толькі з навучаннем украінскіх вайскоўцаў, але і з абменам досведам вайны ва Украіне з вайскоўцамі NATO, таму, паводле міністра, «выгада будзе ўзаемнай».

Дэталі фінансавання праекту чальцы NATO маюць узгадніць супольна.

Міністр таксама назваў Польшчу лідарам у навучанні ўкраінскіх вайскоўцаў – 30 % прайшлі замежнае навучанне на тэрыторыі Польшчы. Акрамя таго, ён назваў Польшчу лідарам «танкавай кааліцыі» – Польшча была сярод першых, хто наогул пачаў перадаваць Украіне танкі, перадавала і савецкія, і польскія, і нямецкія танкі.

Hавiны
Першы транш з пакету дапамогі Еўразвязу на 50 мільярдаў еўраў Украіна атрымае ў сакавіку
2024.02.06 11:59

Ён адзначыў, што Польшча ў лідарах сярод краінаў NATO па адносных выдатках на абарону – выдаткоўвае на гэтыя мэты аж 4,23 % валавага ўнутранага прадукту, з гэтага больш за палову на мадэрнізацыю войска. NATO ставіць перад чальцамі мэту вайсковых выдаткаў у 2 % ВУП, але мэту выконваюць далёка не ўсе: так, за 2023 год мэту выканалі Польшча, Злучаныя Штаты, Грэцыя, Эстонія, Літва, Фінляндыя, Румынія, Вугоршчына, Латвія, Злучанае Каралеўства і Славаччына.

Касіняк-Камыш казаў таксама пра выдаткі на еўрапейскую абарончую прамысловасць, якія лічыць важнымі, як ніколі раней у гісторыі Еўразвязу:

«Прачніся, Еўропа! – заклікаў міністр абароны Польшчы. – Мы не ў тым стане, каб спакойна глядзець у будучыню. Мы павінны зрабіць усё, каб мець найлепшую зброю сёння, заўтра і паслязаўтра, а не праз 10 ці 20 гадоў. Мы павінны зрабіць усё, каб павялічыць вытворчыя магчымасці».

Адказваючы на пытанне «Белсату», Касіняк-Камыш паведаміў, што на сустрэчы міністраў абароны абмяркоўвалі ў тым ліку тэму Беларусі. Ён адзначыў, што не ўсё можа пераказаць, ды і Беларусь «не была галоўнай тэмай» сустрэчы. Але ж для Польшчы Беларусь заўсёды будзе вельмі важнай тэмай, дадаў ён, і ў сваім выступе ён згадваў пра Беларусь.

Суседзі сапраўды разглядаюць Беларусь як крыніцу пагрозы: так, краіны Балтыі дамовіліся стварыць «лінію абароны» на ўсходняй мяжы. 15 лютага міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс пацвердзіў «Белсату», што Латвія пабудуе лінію абароны не толькі на мяжы з Расеяй, але і на мяжы з Беларуссю.

А прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа тыдзень таму казаў, што жалезная заслона паміж Захадам і Усходам ужо апусцілася «ўсім сваім цяжарам пасля 24 лютага 2022 года».

Двубой
Жалезная заслона – найлепшы падарунак Лукашэнку? Хто насамрэч выйграе ад санкцыяў
2024.02.14 17:45

belsat.eu

Стужка навінаў