У сеціве апублікавалі новае відэа з забойствам кувалдаю найміта ПВК Вагнэра


Блізкі да ПВК Вагнэра Telegram-канал апублікаваў відэа з забойствам кувалдаю мужчыны, які называецца Дзмітрыем Якушчанкам. Сцвярджаюць, што ён здаўся ў палон украінскім вайскоўцам каля Бахмуту на чацвёрты дзень пасля таго, як трапіў на фронт. Забойства мужчыны аўтары каналу назвалі ягоным «апошнім судовым пасяджэннем».

Забойства кувалдаю мужчыны, які называе сябе Дзмітрыем Якушчанкам. Кадр з відэа Telegram-каналу, блізкага да ПВК Вагнэра

На відэа мужчына, які называе сябе Дзмітрыем Якушчанкам, распавёў, што быў асуджаны на 19 гадоў і адбываў пакаранне ў Саратаўскай вобласці Расеі. Ён трапіў за краты ў Крыме яшчэ да акупацыі рэгіёну, пазней яго перавялі ў іншую калонію.

У публікацыі Telegram-каналу гаворыцца, што гэты мужчына «захварэў на адну і тую ж хваробу, праз якую страчваеш прытомнасць у гарадах Украіны, то ў Кіеве, цяпер у Дняпры, а пасля прачынаешся ў сутарэнні на сваім апошнім судовым пасяджэнні».

Якушчанка сказаў, што быў у Дняпры, дзе атрымаў удар па галаве, а ачуняў у памяшканні, дзе яго потым забілі.

У гэтым роліку змантаваны фрагмент аповеду Якушчанкі ў палоне. Тое відэа некаторыя ўкраінскія медыі распаўсюдзілі ў лістападзе. Мужчына казаў, што планаваў уцячы, трапіўшы на фронт, і распавёў, як здаўся ў палон каля Бахмуту.

Раней гэты ж Telegram-канал апублікаваў відэа з забойствам кувалдай іншага найміта ПВК Вагнэра, Яўгенія Нужына, якога таксама завербавалі ў калоніі, ён здаўся ў палон ва Украіне. Пра тое, ці расследуюць расейскія праваахоўныя органы абставіны пазасудовай расправы, не паведамлялася.

Разбор
У ПВК Вагнэра паказальна забілі кувалдай экс-ваяра, які здаўся ў палон. Навошта?
2022.11.14 17:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў