Вершніца Вольга Сафронава: «Я ганаруся тым, што буду прадстаўляць на Алімпіядзе дзве краіны»


Польская Федэрацыя коннага спорту афіцыйна абвесціла аб тым, што чэмпіёнка Беларусі і віцэ-чэмпіёнка Польшчы ў коннай выездцы Вольга Сафронава ўвайшла ў пашыраны склад нацыянальнай зборнай Польшчы для ўдзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы. Сустракаемся з Вольгай у стайні пад Варшавай, каб пагутарыць пра яе шанцы на медаль, пра ўзаемаадносіны людзей і коней і пра тое, ці не адчувае сябе здрадніцай.

Вершніца Вольга Сафронава са сваім канём Сандра. Прадмесце Варшавы, Польшча. 26 чэрвеня 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Вольга Сафронава – кентаўр з блакітнымі вачамі (сама сябе называе кентаўрам). І Сандра дэ Амор. Яе «святая любоў» –16-гадовы вароны конь з Барані пад Воршай, які выцвіў на польскім сонцы да бронзы. Гэта яны выступяць у алімпійскім манежы ў Вэрсалі, дзе ніколі яшчэ не былі. Магчыма, выступяць. Таму што ніхто з каманды да самага апошняга моманту не ведае, ці трапіць у запаветную тройку на алімпійскую выездку («Ujeżdżenie» – так называецца гэты від па-польску), тлумачыць нам Вольга.

«Ну і вось: у нас застаецца 30 дзён да гульняў у Парыжы»

Мы размаўляем за кубкам кавы ў ценю аліўкавага дрэва на тэрыторыі стайні «Archipp» пад Варшавай, дзе Вольга ўжо трэці год трэнуецца і даглядае за сваімі коньмі. Яна – у белым, глядзіць прама ў вочы. На пытанні адказвае спакойна і выразна, да ўвагі журналістаў – польскіх, беларускіх, нямецкіх і г.д. – ужо прызвычаілася (літаральна гадзіну таму пабывала ў студыі «TVP»). Прызнаецца, што паўсюль адчувае падтрымку мужа. Ён і цяпер побач, Леў – паўнапраўны удзельнік каманды, менеджар і памочнік, чалавек з пяццю дыпломамі аб вышэйшай адукацыі, для якога запал яго жонкі да коней ператварыўся з часам і на яго запал. Будзе з ёй побач і ў Вэрсалі.

«Мы нядаўна вярнуліся з кантрольнага старту ў Аўстрыі, са спаборніцтваў «Чатыры зоркі». Гэта галоўны старт, які прапісаны ў статуце для запрашэння ў нацыянальную каманду. І мы вельмі добра выступілі. Былі там з адной польскай спартоўкай. Увайшлі ў выніку ў шасцёрку пашыранага складу зборнай. Ну і вось: у нас застаецца 30 дзён да гульняў у Парыжы», – усміхаецца Вольга.

З шасці вершнікаў пашыранага складу на Алімпіядзе выступяць толькі трое, удакладняе яна. Звычайная справа ў конным спорце. У самы апошні момант перад ветэрынарным кантролем галоўны трэнер можа памяняць пары. Ніхто з шасці вершнікаў не можа сёння са стоадсоткавай упэўненасцю сказаць, што выступіць у алімпійскай праграме (форму Вользе пакуль яшчэ не выдалі). Але ў Вэрсаль паедуць усе.

«Самае важнае, што мы ўвайшлі ў гэтую шасцёрку. Ды і цяпер будзем рыхтавацца, набіраць форму, каб у любы момант нам сказалі: “Давай, выступай!”» – кажа Вольга.

У зборнай Польшчы беларуску называюць «Ола». На стайні – «бландына». У камандзе адчувае да сябе цёплае стаўленне.

Стайня з коньмі.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

З непрыхаваным гонарам яна адзначае, што Польшча стала адной з шасці краін свету, якія заваявалі ўсе чатыры магчымыя кваліфікацыі: у выездцы, канкуры, трохбор’і, а таксама ў паравыездцы (Паралімпійскія гульні). У Вэрсаль паедзе велізарная каманда. Для Польшчы гэта велізарнае дасягненне, таму што каманднай ліцэнзіі ў конным спорце краіна не дамагалася, паводле Вольгі Сафронавай, ужо гадоў 80.

«Засталося яшчэ ў топ-4 увайсці. І будзе нам шчасце!»

«Добра, Воля, дапусцім ты прайшла ў запаветную тройку. Ці маеш шанцы на алімпійскі медаль?» – запытваем.

«Калі цалкам шчыра, то – не. На жаль, не маю. Таму што пакуль узровень коней і ўзровень падрыхтоўкі канкурэнтаў значна вышэйшы, чым наш. Мы яшчэ толькі ў шляху, па дарозе да гэтага ўзроўню і пʼедэсталу. Таму цяпер галоўная задача – выступіць годна.

У нас вельмі субʼектыўны від спорту. Нас судзяць людзі, і таму ад таго, як ты сябе прэзентуеш, як цябе ўбачаць суддзі, як да цябе паставяцца, вельмі шмат залежыць. І ты не можаш зрабіць гэта за адзін раз! Ты павінен доўга – гадамі! – сябе паказваць.

Паказваць, што ты з многімі коньмі выступаеш. Што гэта не проста адзінкавая акцыя, маўляў, у цябе атрымалася – і ты чэмпіён. Не. Ты паказваеш сваю доўгую ды доўгую працу. І гэта каштуе вельмі вялікіх грошай, якіх, на жаль, не было ні ў Беларусі, і пакуль што няма тут», – адказвае Вольга Сафронава.

Пры гэтым, дадае яна, у Польшчы як раз усё развіваецца «у вельмі правільным кірунку». Будуюцца новыя стайні, зʼяўляецца шмат коней. Людзі пачынаюць верыць у тое, што польскі конны спорт можа быць на высокім узроўні. Палякі заваявалі ўжо медалі чэмпіянату свету сярод маладых коней, гэта перспектыва і зачын на будучыню.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я мяркую, што да наступных гульняў мы падыдзем ужо зусім у іншых кандыцыях. Так, абсалютна. У іншай якасці. Не проста як удзельнікі. Цікава, што будзе далей», – зазірае наперад спартоўка.

Пазней, калі наша размова зноў панясе ў «выдатнае далёка», Вольга прызнаецца, што ў яе галаве – «ужо два цыклы плюс». Кажа, што на 8 гадоў наперад ведае, якіх дакладна коней будзе рыхтаваць. Кажа, што «усё гэта не мэта, а толькі частка шляху».

«Так, маленькімі крокамі. Мы ж выпалі цалкам з сусветнага рэйтынгу за перыяд гэтага двухгадовага каранціну. І вось што мы зрабілі! Вярнуліся зноў у сусветны рэйтынг, трапілі ў нацыянальную зборную, трапілі ў шасцёрку пашыранага складу. Засталося яшчэ ў топ-4 увайсці. І будзе нам шчасце!» – смяецца Сафронава.

«Ведаеш, нават сама прысутнасць у якасці рэзервовага вершніка, калі што, – гэта нешта зусім іншае. Ты будзеш непасрэдна там, на Алімпіядзе, ты можаш дакрануцца да ўсяго рукой. І гэта дае такі штуршок, што я не думаю ўжо толькі пра гэтыя Алімпійскія Гульні», – прызнаецца наша суразмоўніца.

Са зборнай Беларусі звольнілі за прагулы

Вольга Сафронава – чэмпіёнка Беларусі (2020) і віцэ-чэмпіёнка Польшчы (2023) у коннай выездцы. У 2020-м, будучы яшчэ удзельніцай зборнай Беларусі, яна выканала алімпійскую кваліфікацыю і павінна была выступаць у Токіа. Але беларуская федэрацыя адхіліла яе ад удзелу ў гульнях. Фармальна – па прычыне быццам бы кульгавасці каня. У сапраўднасці – па палітычных матывах: Вольга асудзіла гвалт рэжыму Лукашэнкі ў жніўні 2020 года і падпісала ліст Свабоднага аб’яднання спартоўцаў. Больш падрабязна «Белсат» распавядаў пра гэта ў інтэрвʼю з Сафронавай два гады таму.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дадамо толькі, што са зборнай Беларусі чэмпіёнку звольнілі ў кастрычніку 2021 года за… прагулы. На той момант Вольга ўжо тры месяцы знаходзілася ў Польшчы, і польскі бок намагаўся дамовіцца з беларускай федэрацыяй, каб тая проста адпусціла спартоўку, якой у такім выпадку не давялося б праходзіць двухгадовы каранцін. Пасля прасілі хаця б скараціць тэрмін каранціну, таму што беларусы настойвалі на тым, што каранцін павінен пачацца ад моманту звальнення (з кастрычніка), а не з дня выезду ў Польшчу (чэрвень). Беспаспяхова.

Паводле Сафронавай, беларуская федэрацыя ставіла перад палякамі цалкам абсурдныя ўмовы і шантажавала іх. Было, напрыклад, такое патрабаванне: калі дапусціце выступаць на тэрыторыі Польшчы ўсіх беларускіх спартсменаў – скароцім ёй тэрмін… Падзейнічала толькі ўмяшанне адвакатаў і міжнароднай федэрацыі. Вольга два гады, да 21 чэрвеня 2023 года, знаходзілася на карантыне і не мела спаборніцкай практыкі.

Інтэрв’ю
Як Беларуская федэрацыя коннага спорту помсціць вершніцы Вользе Сафронавай
2023.05.20 09:00

«Пабегла купіла каня і была шчаслівая!»

«А вось і Сандрусь, прывітанне! Гэта наш галоўны конь, вядома. Вось яго карыя вочы. Дзе цукеркі? Рот зачынены. Няма цукеркі. Выдавайце! Толькі папярэджваю – будзе сліна. Так, не пхаць яму рукі ў рот і не стаяць ззаду. Прывітанне Сандра!» – знаёміць нас Вольга са сваім улюбёнцам і партнёрам.

На пытанне, як правільна знаёміцца з коньмі, Вольга проста цалуе яго ў дрыготкія ноздры («Вось так!»). Па целе каня прабягаюць дрыжыкі, быццам электрычны ток. Конь глядзіць на нас вялікімі разумнымі вачамі. Ад яго цела зыходзяць сіла і спакой. Сандра дэ Амор праз месяц паедзе ў Парыж на Алімпійскія гульні.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Вольга і Сандра разам ужо 13 гадоў, (пайшоў 14-ы). «Даўжэй, чым з мужам!» – смяецца Вольга.

«Таму так, без варыянтаў. Гэты аргумент заўсёды працуе. Я не першы стаю ў гэтай чарзе на трон», – адказвае жартам з усмешкай Леў. А на пытанне, ці не раўнуе жонку да коней, адказвае: «Першыя некалькі гадоў раўнаваў. А цяпер разумею, што прайграў гэтую бітву».

Сандра дэ Амор – радавіты конь ольдэнбурскай пароды. Імя, якое яму дала Вольга, ён атрымаў паводле свайго знакамітага дзеда – чэмпіёна свету Сандра Хіту, і бацькі (таксама знакаміты жарабец) Сан Амор. У беларускую Барань трапіў толькі таму, што ў Еўропе для топ-спорту яго забракавалі праз шкодную звычку: хапаў зубамі за што-небудзь цвёрдае і з характэрным гукам заглынаў паветра. З-за гэтага былі праблемы са страўнікам – поркацца з ім не хацелі. Яго прывезлі ў Барань да трэнера Вольгі, але тая вырашыла яго прадаць – «занадта малады ды гарачы». Вольга Сафронава выкупіла тады яшчэ маладога Сандра за грошы ад прададзенай машыны.

«Каня прадаюць, а я ўжо закаханая! Прыйшла да мамы, кажу, ці можна я куплю каня? Яна такая: гэта твае грошы, як хочаш. Маўляў, хочаш – ездзі на кані, хочаш – на машыне. Кажу: вядома ж, на кані! Пабегла купіла гэтага каня і была шчаслівая!» – узгадвае спартоўка.

Сандру (зорачка на ілбе) зараз 16 гадоў. Ад сваёй шкоднай звычкі ён так і не пазбавіўся. Але ва ўмовах, у якіх цяпер знаходзіцца, гэта ўжо не так істотна. Назіраем за Сандра падчас сеансу магнітатэрапіі на нагах. Вольга нягучна нешта раіць польскай спецыялістцы. Конь пакорліва падымае левую нагу і іранічна пазірае ў наш бок.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Стаматолаг для каня

«У іх тут маецца ўсё, – распавядае Леў, пакуль Вольга займаецца канём. – У іх ёсць стаматолаг, які раз на паўгады да іх прыязджае. У іх ёсць дыетолаг – раз на два месяцы. Ён узважвае, вымярае аб’ём падскурнага тлушчу, абʼём цягліцаў ды гэдык далей, прызначае харчаванне – пэўныя мюслі і дадаткі. У іх ёсць каваль, які прыязджае раз на шэсць тыдняў і робіць ім падкоўкі, выраўноўвае копытцы. Манікюрчык, ага. У іх ёсць трэнер, у іх ёсць Воля, у іх ёсць мануальны тэрапеўт, які робіць ім масаж ды розныя працэдуры.

Павер, у нас няма такой колькасці людзей, якія сачылі б за нашым здароўем. А ў Беларусі як было? Калі на стайню едзе доктар, значыць, каню ўжо ўсё, кірдык. Тут жа ідэя ў тым, што доктар прыязджае абследаваць, асабліва цяпер, калі мы – удзельнікі Нацыянальнай зборнай».

Паводле Вольгі, коні жывуць да 30 гадоў, выступаюць – да 19–20. Так што Сандра, можна сказаць, у самым росквіце. Яшчэ некалькі гадоў актыўнай спартыўнай карʼеры, далей будуць глядзець па стане. Леў, у сваю чаргу, мяркуе, што і пасля заканчэння свой карʼеры Сандра застанецца з імі ў гэтай стайні – праца яму знойдзецца.

«А ў Беларусі паехаў бы на мясакамбінат», – дадае ён.

«Мне часам здаецца, я сама ўжо напалову конь»

Пасля вельмі чуллівай і шчырай фотасесіі Вольгі і Сандра доўга гутарым пра ўзаемаадносіны людзей і коней.

«Коні адчуваюць усё настолькі тонка, што гэтая сувязь ідзе нават праз сядло. Я магу нічога не рабіць фізічна, але з канём, з якім у мяне маецца доўгі і сталы кантакт, магу мець зносіны ментальна. Праўда! Гэта значыць, я проста даю яму нейкі пасыл энергетычны – і ён разумее», – кажа Вольга.

«Ты становішся адным цэлым і адным целам з канём?» – запытваем.

«Цалкам. І гэта важна на спаборніцтвах. Ты становішся проста кентаўрам. Кентаўрам, так. Проста ўрастаеш ў каня. Але гэтаму ўзаемадзеянню вучышся кожны дзень гадамі – а як тут зрабіць, як тут паправіць, як навучыць. Гэта проста досвед. Праца», – тлумачыць Вольга.

Фактура спіны каня Вольгі Сандра.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Кожны непрыкметны рух цягліцаў на спаборніцтвах – гэта 10 гадоў трэнаванняў, кажа яна. «Ты трэнуешся, каб гэтага не было відаць і каб у такі важны момант конь на гэта адрэагаваў, каб ён навучыўся распазнаваць тваю каманду. Не проста рэагаваць на яе, а распазнаваць. І яшчэ так табе давяраць, каб ва ўмовах стрэсу, калі ён больш сканцэнтраваны на тым, што адбываецца вакол яго, – людзі, суддзі, арэна! – ён быў усё роўна больш сканцэнтраваны на табе. Гэтага ніколі не даб’ешся праз страх! Гэтага можна дамагчыся толькі праз павагу і праз давер», – падсумоўвае Сафронава.

Адзначае, што падчас выездкі мець зносіны з канём вербальна (словамі) забаронена («Я магу толькі глядзець яму ў патыліцу ды дасылаць ментальныя імпульсы: “Працаваць, слухаць мяне!”»).

Вольга кажа, што з Сандра, нягледзячы на тое, што ён «моцная асоба», заўсёды можна дамовіцца. Яе напарнік заўсёды тонка адчувае, калі вершніца выступае «на расслабоне», а калі трэба максімальна сканцэнтравацца і працаваць.

Што ўзяла ў сваіх конікаў, у свайго Сандры, чаму ў іх навучылася? Шчырасці, адказвае Вольга.

«Ведаеш, мне часам здаецца, я сама ўжо напалову конь. Рабочы такі, нармалёвы працоўны конік, прывучаны да ўсіх умоў.

Ды мы ўсяму ад іх вучымся на самай справе! І так, напэўна, шчырасці. Яны не ўмеюць хлусіць. Калі ён цябе сёння не хоча падпускаць, ён будзе паказваць усім сваім целам – галавой, вушамі – што не, не і не!.. Ведаеш, што я па гараскопу стралец?» – раптам пытаецца Вольга.

«Канец снежня, Барань, снегу па калена! Які яшчэ бегемот?»

Стралец і Кентаўр. Вольга нарадзілася 14 сьнежня 1991 года. Аршанка, якая ўсё дзяцінства правяла з коньмі, кожны дзень пераадольваючы 10 км, каб дабрацца да стайні ў Барані. У інтэрвʼю не раз казала, што і цяпер гатовая жыць у стайні. Але муж супраць. Цікава, што са Львом іх звяла ў Менску Акадэмія кіравання пры прэзідэнце (Леў: «Тады яшчэ гэта было не сорамна»), куды Вольга паступіла пасля заканчэння ўніверсітэту фізічнай культуры. Зблізіліся, калі аднойчы, пад Новы год, у Барані затрымаўся казахскі заапарк (мытнікі не прапускалі транспарт) і Вольга паехала дапамагчы размясціць жывёлаў у боксы для коней.

Вольга Сафронава са сваім мужам Львом.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«І там быў бегемот. Мы нешта там перапісваліся з Львом, я і кажу: а ты ведаеш, у нас тут бегемот. Канец снежня, Барань, снегу па калена! Які бегемот? Я пішу: ну вось такі, звычайны, сапраўдны. Хочаш, прыязджай і паглядзі. Гэта было, напэўна, 1 студзеня, ён раптам хоп – і прыехаў да мяне раніцай. І гэта быў учынак! Прыехаць 1 студзеня ў касцюме Дзеда Мароза і ў 10 раніцы на стайні карміць бегемота батонамі ды кавунамі нейкімі. Ну падстава была – адведаць бегемота. Накармілі бегемота і ламаў, і зебраў, і кагосьці яшчэ там», – смяецца Вольга.

Аднак у той год заваяваць сэрца Вольгі не ўдалося («Хіба што бегемота», – рагоча Леў). Вяселле зладзілі праз некалькі гадоў – у 2020 годзе, калі ўвесь Менск ужо быў на вуліцах, а чалавек, які павінен быў весці вяселле, у дзень урачыстасцяў трапіў на Акрэсціна. Пра гэта ўсё – хоць кнігу пішы.

Інтэрв’ю
Спартоўка Марына Зялёная ўцякла ад пераследу ў Грузію і марыць развіваць бокс для людзей з інваліднасцю
2024.04.05 08:00

«Магу дазволіць сабе выбраць нешта магутнае»

Ад неміласэрнага сонца хаваемся ў стайню. Вольга і Леў паказваюць нам конскую сталоўку. Усе меню распісаныя персанальна. Акрамя Сандра, у Вольгі тут яшчэ руды конь Лео (з ім таксама знаёмімся) і «All In». Гэта яе асабістыя коні. Але працуе яна і з многімі іншымі – з мэрынам «Foscolo» (ён жа Фасолька, таксама пазнаёміліся), кабылаю Фрэдэрыкаю ды многімі іншымі. Квінтэта, з якім таксама прыехала з Беларусі, былі вымушаныя прадаць, і цяпер ён трэнуецца з іншай дзяўчынай (таксама беларускай) у гэтай жа стайні.

Гаворым пра якаснае польскае сена. Пра мерынаў (спакладаныя жарабцы), з якімі Вольга аддае перавагу працаваць («З мерынамі прасцей – яны думаюць толькі пра працу, у іх спакойны нораў»). Пра «Instagram», у якім у Вольгі ўжо каля 90 000 падпісчыкаў і без якога не абысціся, калі хочаш знайсці спонсараў ды палегчыць сабе жыццё. Пра алімпійскую праграму: ёсць абавязковая праграма – «Grand Prix» (45 абавязковых фігур за шэсць хвілін выступу) і адвольная, фрыстайл, у якую яшчэ трэба прайсці па выніках першага дня і якую выконваеш пад музыку.

«Не, у мяне не лірычная. Рытмічная. У нейкіх момантах ваяўнічая, я б нават сказала. Такога нават трошкі маршу, што вось мы ідзем да мэты – і ні кроку назад. Я люблю наогул моцную музыку. Ды і конь павінен адпавядаць. У мяне Сандра такі вялікі і моцны, з даволі сур’ёзнымі рухамі, таму я магу дазволіць сабе выбраць нешта больш такое магутнае. Магутнае, так», – кажа Вольга Сафронава.

«Мы мацнейшыя, маладзейшыя, больш таленавітыя, больш разумныя, больш прагрэсіўныя»

Гаворым і проста скурай спіны адчуваем раўнівы погляд Сандра, які прыслухоўваецца да знаёмай музыкі галасу сваёй партнёркі. Здаецца, ён усё разумее, разумее, што кажуць пра яго моцу, няхай Вольга і сцвярджае, што коні ўспрымаюць толькі інтанацыю, а не сэнс (праўда, напрыклад, польскія конікі сігнальнае слова «Рысь!», прамоўленыя па-беларуску, не зразумеюць, толькі – «kus!», ды наадварот). Сама Вольга, каб дакладней усё апісаць, пераходзіць часам на польска-беларуска-расейскую «трасянку». Гучыць моцна і – нечакана гарманічна.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Добра, Воля, будзеш выступаць з Сандра за Польшчу. Не адчуваеш сябе… здрадніцай?» – трохі правакуем суразмоўніцу.

«Не, я наадварот ганаруся. Ганаруся тым, што магу цяпер прадстаўляць ужо дзве краіны. Мала каму гэта ўдалося. Не ў тым сэнсе, што я нейкая асаблівая, не, а проста мне пашанцавала і выпаў такі шанец.

Усе выдатна ведаюць, што я з Беларусі, і цяпер я магу паказваць і наш сцяг, і польскі сцяг. І я бачу ў гэтым шанец яшчэ больш расказаць пра нас і паказаць, што нельга здавацца, трэба ісці да канца. І калі ідзеш і працуеш, то ўсё атрымаецца», – адказвае Вольга Сафронава.

Удакладняе, што «паказаць наш сцяг» у літаральным сэнсе, вядома ж, на Алімпіядзе не зможа. Хіба што ў «Instagram». Але ў сімвалічным – так.

«Бачу нашу будучыню ў вельмі яскравых колерах. Не тое, што працягваю верыць – я ўпэўненая ў тым, што ў нас усё атрымаецца. Мы мацнейшыя, маладзейшыя, больш таленавітыя, больш разумныя, больш прагрэсіўныя, таму ў нас няма шанцаў прайграць. І мы выйграем! Абавязкова», – падсумоўвае Вольга.

Стайню «Archipp» і напраўду не хочацца пакідаць. Тут халаднавата, чыста, спакойна («Коні забіраюць усе праблемы. Лепш на любога псіхатэрапеўта», – казала нам Вольга Сафронава). Але развітваемся. У адным з боксаў паліваюць вадой рудога Лео. Выходзім на пякучае сонца.

«Добра было б выкупацца. А купаешся з Сандра, Воля?» – пытанне на развітанне.

«Ой, я не ўмею плаваць! Наогул! І вады баюся. Вітанкі Сашы Герасімене!» – смяецца Вольга, згадваючы яшчэ адну моцную беларускую спартоўку, якая заявіла нам тыдзень таму, што, калі верыш у сябе і калі побач ёсць людзі, якія вераць у цябе яшчэ больш, чым ты сам, – то ўсё абавязкова атрымаецца на 100 адсоткаў.

Інтэрв’ю
Чэмпіёнка Беларусі вершніца Вольга Сафронава: Рыхтуюся да першых спаборніцтваў пасля пераезду
2022.06.04 18:59

Зміцер Міраш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў