Беларусам, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў, за выезд за мяжу можа пагражаць турма


У Беларусі ўведзеная крымінальная адказнасць за выезд за мяжу без дазволу для службоўцаў, якія маюць доступ да дзяржаўных таямніцаў. Інфармацыя пра адпаведныя дапаўненні ў Крымінальны кодэкс з’явілася 11 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў апублікаваным законе №22-3 ад 8 ліпеня «Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў няпоўнагадовых».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 0512.com.ua

У новай рэдакцыі выкладзена частка 2 арт.375-2 КК РБ – «Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў»:

«Незаконны выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, праінфармаванага аб дзяржаўнай таямніцы, права якога на выезд з Рэспублікі Беларусь загадзя для яго часова абмежаванае ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, пры адсутнасці прыкметаў злачынства, прадугледжаных арт.356 і 373 гэтага Кодэксу (здрада дзяржаве і разгалашэнне дзяржаўнай таямніцы – рэд.), караецца штрафам ці арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін».

У артыкуле 375-2 з’явілася трэцяя частка, якая вызначае пакаранне за дзеянні, пералічаныя ў частках 1 і 2, якія пацягнулі за сабой цяжкія наступствы – яны будуць карацца абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў.

Hавiны
Улады прапісалі, як і ў каго чыноўнікі мусяць адпрошвацца за мяжу
2023.11.22 10:30

Яшчэ год таму ў Беларусі былі прынятыя папраўкі ў закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь», якія абмежавалі права на выезд з краіны адразу некалькім катэгорыям грамадзянаў.

Сярод іх – кіраўнікі дзяржаўных органаў, арганізацыяў, супрацоўнікі, адказныя за забеспячэнне дзейнасці і тэхнічнае абслугоўванне дзяржаўных органаў, тыя, што маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў. Парадак іх выезду за мяжу вызначае ўрад, а сілавікоў і ваеннаслужачых – адпаведныя ведамствы. Пры патрэбе ім могуць адмовіць у выездзе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў