Бацькі змогуць па сваім жаданні здаваць дзяцей у спецшколы – Лукашэнка падпісаў закон


Дагэтуль у Беларусі дзіця маглі адправіць у спецыяльную выхаваўчую ўстанову толькі паводле прысуду ці рашэння суду. Цяпер жа бацькі змогуць рабіць гэта па ўласным жаданні. Адпаведныя змяненні ў Закон аб пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў няпоўнагадовых падпісаў Лукашэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спецшкола для цяжкіх падлеткаў у Башкартастане, Расея.
Фота: Вадзім Брайдаў / prufy.ru

Паводле законапраекту, бацькі змогуць аддаваць дзіця ў спецшколу «з мэтай рэабілітацыі». Падставы для накіравання дзіцяці ў спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы цяпер наступныя:

  • пастанова суда ці прысуд аб прымяненні прымусовых мераў выхаваўчага характару ў выглядзе размяшчэння ў спецустанову;
  • заява бацькоў, апекуноў, папячыцеляў у выпадках, калі падлетак ужывае наркотыкі, псіхатропныя рэчывы, алкаголь, піва, таксічныя рэчывы, і гэты факт быў устаноўлены ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Да падпісання змяненняў у закон накіраваць падлетка, які ўжывае забароненыя рэчывы, у спецшколу, можна было толькі па рашэнні суду пасля таго, як на ўжыванні дзіця некалькі разоў лавіла міліцыя, а таксама калі яно стаіць на ўліку ў нарколага.

Разбор
«Сілавікі не бачаць у дзецях дзяцей». Як узрыванне слоікаў з-пад ёду ператварылася ў тэрарызм
2024.06.10 21:31

Цяпер бацькі ці апекуны змогуць звярнуцца наўпрост у спецыяльную выхаваўчую ўстанову і падаць заяву «аб арганізацыі комплекснай рэабілітацыі няпоўнагадовага». Да заявы трэба будзе прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць, што дзіця ўжывала алкаголь ці наркотыкі, і тлумачэнне, чаму было прынятае рашэнне аддаць яго ў спецшколу.

Бацькі таксама могуць вызначыць пажаданы тэрмін, на які яны аддаюць дзіця – ад школьнай чвэрці да каляндарнага года. Пры жаданні бацькі змогуць забраць дзіця дамоў раней.

Дырэктар спецустановы павінен узгадніць рашэнне аб прыёме дзіцяці з Міністэрствам адукацыі.

Цяпер у Беларусі працуюць чатыры спецыяльныя закрытыя ўстановы для цяжкіх падлеткаў.

Разбор
Як школьнікаў у летніках вучаць паміраць за Радзіму. І чаму гэта не працуе?
2024.07.04 16:39

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў