Менскае «Тарпеда» зноў адродзяць. Гэта будзе не той «самы беларускамоўны» футбольны клуб


Каманда з МАЗу знайшла спонсараў, будзе ў наступным сезоне ў Другой лізе. Але гэта не тое «Тарпеда», якое адраджалі фанаты.

Абаронца ПФК «Тарпеда Менск» на матчы. На трыбуне фанатаў – надпіс лацінкай «Найвялікшы».
Фота: Tarpeda1947 / Twitter

На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-5» 7 снежня паведамілі аб планах адрадзіць адзін з найстарэйшых футбольных клубаў Беларусі: менскае «Тарпеда». Цяпер аб клубе кажуць як аб «Тарпеда-МАЗ».

Цяпер для клуба знайшлі спонсараў і прадумалі, як стварыць дзіцяча-юнацкую спартовую школу. У наступным сезоне клуб мае гуляць у Другой лізе – трэцяй у сістэме беларускага чэмпіянату.

Старшыня ветэранскага клубу «Тарпеда-Менск» Аляксандр Шыбко расказаў, што ў клубе будуць гуляць хлопцы да 25 гадоў, пераважна – з заводаў МАЗ і МЗКЦ, але будуць запрашаць і дасведчаных футбалістаў. Планы – адразу прабіцца ў Першую лігу.

Ня тое «Тарпеда»

Гэта будзе не тое самае «Тарпеда», якое называлі «самым беларускамоўным» спартовым клубам Беларусі. Фанаты старога «Тарпеда Менск» пакуль не каментавалі адраджэння «Тарпеда-МАЗ».

Менскае «Тарпеда» ўтварылася ў 1947 годзе, перамагаў у Чэмпіянаце БССР у 1947, 1962, 1966, 1967 і 1969 гадах, выходзіў у фінал Кубку Беларусі ў 2000-м. Назву «Тарпеда-МАЗ» насіла з 1999 па 2002 год.

Да 2004 года каманда была ў Вышэйшай лізе, праз фінансавыя праблемы ў 2005 годзе перайшоў у Другую лігу, а пасля пазбавіўся прафесійнага статусу і спыніў існаванне. На базе «руінаў» клубу ўтварылі ФК «Менск».

Але ў 2007 годзе фанаты адрадзілі «Тарпеда», ад чэмпіянату Менску дабраліся нават да Вышэйшай лігі, але праз фінансавыя праблемы ў 2019 годзе зняліся з чэмпіянату і выступалі на аматарскім і юнацкім узроўні. Але ў кастрычніку 2020 года «Тарпеда» спыніла выступы праз беззаконне ў краіне і ціск на спартоўцаў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў