«BELPOL»: Віктар Бабарыка ўтрымліваецца ў ПКТ наваполацкай калоніі


Палітзняволены Віктар Бабарыка, ад якога ўжо больш за два месяцы няма ніякай інфармацыі, утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу наваполацкай папраўчай калоніі № 1. Пра гэта паведамляе «BELPOL» са спасылкай на атрыманыя весткі.

Віктар Бабарыка ў судзе. Менск, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Алексей Матюш / Sb.by

«Ягоны стан здароўя здавальняльны, аднаўляецца пасля атрыманых траўмаў. Цяпер адносіны да яго з боку адміністрацыі калоніі нармальныя, «прэсаваць» Віктара Бабарыку баяцца з прычыны арганізаванай дэмакратычнай супольнасцю інфармацыйнай кампаніі ў яго падтрымку», – гаворыцца ў паведамленні «BELPOL».

Таксама паведамляецца, што праз «зліў» адчувальнай для сілавікоў інфармацыі аб атрыманні Віктарам Бабарыкам у калоніі сур’ёзных цялесных пашкоджанняў у ПК № 1 прыязджала праверка з МУС для выяўлення крыніцаў уцечкі. Правяралі як персанал калоніі, з праглядам асабістых мабільных тэлефонаў, так і зняволеных. Аднак асобаў, якія распавялі аб здарэнні, не знайшлі, паведамляе арганізацыя.

Інфармацыя пра шпіталізацыю Бабарыкі з’явілася 26 красавіка. Паведамлялася, што ён са слядамі збіцця і пнеўматораксам трапіў у наваполацкую лякарню. Праз нейкі час палітзняволенага адтуль вывезлі, а куды – невядома. Пасля выцеку звестак пра Бабарыку наваполацкія дактары зазналі рэпрэсіі: чатыры лекары атрымалі арышт, адзін – штраф, пазней іх усіх звольнілі.

12 траўня стала вядома, што Віктар Бабарыка больш не значыцца ў складзе свайго атраду ў ПК № 1 у Наваполацку, а 13 траўня з’явіліся чуткі, што палітвязня перавялі ў лякарню ў Калядзічах. Пацвердзіць гэта не ўдалося. Адносна таго, чаму Бабарыку прыйшлося хаваць з адной лякарні ў другую, Аляксандр Кабанаў са спасылкай на ўласныя крыніцы выказаў думку, што гэта ўсё праз вельмі цяжкі стан Віктара Бабарыкі, якому зламалі рабро і прабілі лёгкае.

Высветліць лёс бацькі спрабаваў Эдуард Бабарыка, калі 1 чэрвеня накіраваў хадайніцтва наконт з’яўлення Віктара Бабарыкі на сваім судзе ў якасці сведкі – для тлумачэння пра падораныя сыну грошы. Але гэтага так і не адбылося: Віктара Бабарыкі не было ні на адным з судовых паседжанняў.

Агляд
Катаванне «нявызначанасцю»: 5 вядомых палітвязняў, пра якіх даўно няма звестак
2023.07.07 20:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў