Затрыманні за «экстрэмісцкія татуіроўкі» і «жорсткасць да расейскіх вайскоўцаў». Рэпрэсіі 7 верасня


У чацвер 7 верасня ў Беларусі адбыўся шэраг затрыманняў, прайшло некалькі судоў, папоўніўся Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Падрабязней чытайце ў нашым аглядзе.

Сяргей Моніч.
Фота: dissidentBY/Telegram

Палітвязень Сяргей Моніч не выйшаў на волю па сканчэнні тэрміну – супраць яго ўзбуджаная новая справа.

Сяргей – жыхар Заслаўля, мае двух няпоўнагадовых дзяцей. Яго затрымалі 21 снежня 2020 года. У красавіку 2021 года асудзілі паводле ч. 1 арт. 339 КК РБ («Хуліганства»), арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), а таксама за захоўванне і перавозку наркатычнага сродку – марыхуаны масай 0,1 г без мэты збыту паводле ч. 1 арт. 328 КК да 3 гадоў калоніі. Палітвязень мусіў выйсці на волю яшчэ 21 жніўня. Сваякі вязня не ведаюць нічога пра новую справу, а ў калоніі адказалі, што вязень змешчаны ў ШІЗА да 9 верасня.

За «экстрэмісцкія» татуіроўкі затрыманы фанат ФК «Дынама Берасце». Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына меў татуіроўкі «1312» і «АСАВ». На «пакаяльным відэа» яго прымусілі паабяцаць пазбавіцца ад іх.

Hавiны
«Вясна»: у жніўні на волю выйшлі 37 палітвязняў
2023.09.07 16:53

Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову Мінюсту перарэгістраваць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада). Асноўны акцэнт у скарзе быў зроблены на тым, што «закон «Аб палітычных партыях» у новай рэдакцыі супярэчыць Канстытуцыі». Суддзя Ігар Калеснік адхіліў хадайніцтвы партыі і падкрэсліў, што ў суда няма сумневаў у канстытуцыйнасці закону аб палітычных партыях.

11 верасня ў ВС пройдзе дасудовае пасяджэнне на падставе пазову Мінюсту аб ліквідацыі БСДП.

У Менску пачынаюць судзіць 15-гадовага брата адміністратара канала «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» Арцёма Вайцяховіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 208 КК («Вымаганне»). Вядома, што брат Арцёма атрымліваў патрабаванні спыніць дзейнасць як умову для вызвалення Арцёма.

Хлопца ўтрымліваюць пад вартай з 30 студзеня гэтага года. Справу будзе разглядаць суддзя Лідзія Целіца. Суд адразу зрабілі закрытым.

Hавiны
Сілавікі затрымалі праграміста, які не даслухаў міліцыянта і паклаў слухаўку
2023.09.07 13:10

Сілавікі затрымалі праграміста Дзмітрыя Часнакова пасля таго, як ён «адказаў у грубай форме і паклаў трубку» на званок міліцыянтаў. На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што працуе праграмістам у адной з кампаній. Яму патэлефанавалі міліцыянты, аднак мужчына іх не даслухаў, «адказаў у грубай форме і паклаў трубку». Пасля гэтага да яго прыехалі сілавікі і нібыта выявілі, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Яму інкрымінаваны арт. 342 КК.

7 верасня ў чарговы раз папоўніўся Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў: У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «VIRUS Belarus Live», «Акции Вильнюса 2023»;
  • Telegram-канал «FRANЦ» і ягоны лагатып;
  • Youtube-каналы «Кастусь 2.0», «Кастусь – ООС», «Кастусь», а таксама іх лагатыпы;
  • Інфармацыйная прадукцыя, размешчаная ў чаце інтэрнэт-мэсэнджара «Viber» з назвай «Бухалка МТА», у чаце інтэрнэт-месенджара «Viber» з назвай «дзеці Міжрэчча», у чаце інтэрнэт-мэсэнджара «Telegram» з назвай «НАШ ЧАТ».
Ганна Аблаб.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Фігурантку «справы Рабочага Руху», супрацоўніцу беларускай чыгункі Ганну Аблаб перавялі ў гомельскую жаночую калонію №4. Ганну затрымалі 22 верасня 2021 года. У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 года вынеслі прысуд дзесяці палітзняволеным фігурантам: Ганну асудзілі да 11 гадоў калоніі.

З’явілася інфармацыя аб затрыманнях на ААТ «Лідахлебапрадукт» і ААТ «Лакафарба» за «падпіскі» і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. На ААТ «Лакафарба» 6 верасня былі затрыманыя 6 чалавек – 7 верасня іх выпусцілі, выпісаўшы кожнаму штрафы па 10 базавых велічыняў.

ГУБАЗіК затрымаў студэнта БДПУ Германа Лебедзева. На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што вучыцца на першым курсе БДПУ і нібыта «адміністраваў нацыяналістычны чат беларусаў і ўкраінцаў», дзе публікавалася жорсткасць у дачыненні да расейскіх вайскоўцаў. Таксама хлопец «прызнаецца» у распаўсюдзе «нацысцкіх і экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Hавiны
Да канца года ў суд перададуць тры справы над памерлымі
2023.09.07 16:12

Паводле праваабаронцаў, за жнівень па «пратэсных» крымінальных справах асудзілі не менш за 60 чалавек. Агульная прыблізная колькасць чалавек, якія маглі быць рэпрэсаванымі судовай сістэмай у крымінальным парадку складае каля 156 чалавек. Праваабаронцы фіксуюць працяг устойлівай тэндэнцыі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах.

Пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі і яе абмежаваннем, суды ўжывалі ў 100% выпадках асуджэння фігурантаў «пратэсных» спраў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў