Раніцай 17 лістапада Расея атакавала Украіну ракетамі. Зафіксаваныя абстрэлы Дняпра, Адэсы, Запарожскай вобласці, загінулі і параненыя людзі, пашкоджаны і разбураны жылыя дамоў, абʼекты прамысловасці і крытычнай інфраструктуры. Расказваем, што вядома.
![](/assets/images/image-placeholder-3.svg)
Момант прылёту расейскай крылатай ракеты. Горад Дняпро, Украіна, 17 лістапада 2022 года. Скрыншот з відэа. Крыніца: тэлеграм-канал «Zelenskiy Official» / V_Zelenskiy_official
З 7:30 да 8:00 паветраная трывога была абʼяўленая ва ўсіх вобласцях Украіны, акрамя Крыму. На гэты час агулам вядома пра 16 крылатых ракетаў і 5 беспілотных лятальных апаратаў, якія расейскія войскі выпусцілі па ўкраінскай тэрыторыі ў першай палове дня. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу ЗСУ брыгадны генерал Аляксей Громаў на брыфінгу. Прадстаўнікі паветранных сілаў удакладнілі, што ракет было 18.
Газадабыванне і прамысловасць
Расейскія войскі запусцілі ракеты на газаздабывальных прадпрыемствах і дзяржпрадпрыемстве «Южмаш» у Дняпры. Аб гэтым прэмʼер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў на Кіеўскім міжнародным эканамічным форуме.
«Цяпер над Кіевам пралятаюць ракеты. Цяпер бамбяць нашую газаздабычу, бамбяць нашыя прадпрыемствы ў Дняпры, «Піўдэнмаш», – паведаміў Дзяніс Шмыгаль падчас выступу.
Пасля стала вядома, што Расея ажыццявіла ўдар па двух інфраструктурных абʼектах у Дняпры. «Піўдэнмаш» – буйное ўкраінскае прадпрыемства вытворчасці ракетна-касмічнай тэхнікі і іншай навукаёмістай прадукцыі.
Днепрапятроўская вобласць
Яшчэ з ночы адбываліся артылерыйскія і ракетныя абстрэлы Днепрапятроўскай вобласці. Кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што расейскія войскі выпусцілі па вобласці больш за 70 снарадаў з «Градаў» і цяжкай артылерыі.
«Больш за 70 расейскіх снарадаў прыляцелі ноччу на Нікапальшчыну. Расейцы накіравалі свае «Грады» і цяжкую артылерыю на чатыры грамады – Міроўскую, Марганецкую, Чэрвонагрыгораўскую і Нікапальскую. Людзі не пацярпелі. Больш за ўсё пацярпеў Нікапаль. Там знявечаныя 20 шматпавярховых дамоў, гаспадарчых пабудоваў, каледж, машыны, газаправод і электралініі. Без электрычнасці 6000 абанентаў. Абстрэл абясточыў і помпавую станцыю мясцовага водаканалу. Больш за 40 тыс. семʼяў засталіся без вады. Энергетыкі ўжо рамантуюць лініі», – паведаміў Валянцін Рэзнічэнка.
Рэзнічэнка паведаміў, што расейскія ракеты атакавалі горад Дняпро, трапілі ў прамысловыя прадпрыемствы ў двух раёнах гораду. «Там вялікі пажар. Пашкоджаныя жылыя дамы побач». Спачатку паведамлялася пра пяць параненых. Сярод іх 15-гадовая дзяўчына. Усе пацярпелыя дастаўлены ў шпіталі ў стане сярэдняй цяжкасці. Далей лічба параненых вырасла да 14 чалавек.
На відэа з тэлеграм-каналу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага бачны момант прылёту адной з расейскіх ракетаў у горад Дняпро:
Зяленскі падкрэсліў у каментары да відэа, што «дзяржава-тэрарыст насамрэч хоча прынесці ўкраінцам толькі як мага больш болю і пакутаў».
Запарожская вобласць
Да пачатку масіраваных абстрэлаў усёй тэрыторыі Украіны уначы 17 лістапада расейскія войскі нанеслі ракетны ўдар па адным з населеных пунктаў у Вільнянскім раёне Запарожскай вобласці. У выніку трапляння трох ракетаў разбураныя цывільныя будынкі. У прыватнасці, двухпавярховы жылы дом, пад заваламі апынуліся людзі. Папярэдне паведамляецца аб чатырох загінулых.
![](/assets/images/image-placeholder-3.svg)
Паліцыянты аглядаюць целы, знойдзеныя пад абломкамі жылога дому, разбуранага расейскім ракетным ударам у Вільнянскім раёне Запарожскай вобласці. Украіна, 17 лістапада 2022 года.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum
Ратавальныя дзеянні працягваюцца. Пра гэта паведаміў старшыня Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Старух. «Пад абломкамі дому яшчэ могуць заставацца людзі, паколькі ў ім жылі чатыры сям’і», – удакладніў кіраўнік адміністрацыі. Паводле яго, да разбору завалаў далучаныя 34 ратавальнікі, таксама ім дапамагаюць 10 валанцёраў.
![](/assets/images/image-placeholder-3.svg)
Ратавальнікі працуюць на месцы разбуранага расейскім ракетным ударам жылога дому падчас нападу Расеі на Украіну ў Вільнянскім раёне Запарожскай вобласці. Украіна, 17 лістапада 2022 года.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum
Мікалаеўская вобласць
У Мікалаеўскай вобласці паветранная трывога, паводле кіраўніка мясцовай абласной вайсковай адміністрацыі Віталя Кіма, была абвешчана праз дваццаць хвілін пасля поўначы, першыя ракеты былі запушчаныя каля 8-й раніцы. «4 першыя ракеты ў паветры. Беражэм сябе», – напісаў Віталь Кім. У 10:45 Кім паведаміў аб запуску яшчэ адной партыі ракетаў з Чорнага мора.
Адэская вобласць
Каля 9:15 стала вядома, што расейцы атакавалі абʼект інфраструктуры ў Адэскай вобласці. «Ёсць пагроза масіраванага ракетнага ўдару па ўсёй тэрыторыі Украіны. Прашу жыхароў вобласці знаходзіцца ў хованках», – заклікаў кіраўнік адміністрацыі Максім Марчанка.
Паводле звестак Адэскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі, на 9:45 было вядома аб трох пацярпелых. «Сёння каторы ўжо раз была праведзена масіраваная атака на тэрыторыі Украіны і Адэскага раёну агулам – адбыўся выбух у 6:44 на тэрыторыі абʼекту інфраструктуры, папярэдне – у выніку трапляння крылатай ракеты. На месцы працуюць падраздзяленні ДСНС і паліцыя», – гаворыцца ў паведамленні.
Паводле аператыўнага камандавання «Поўдзень», у Адэсе пацярпеў адзін чалавек, выбуховай хваляй пашкоджаныя жылыя і прамысловыя будынкі. «Па Адэскай вобласці нанесены ракетны ўдар. З акваторыі Чорнага мора вораг зрабіў пуск «Калібраў», а з выкарыстаннем тактычнай авіяцыі з двух Су-30 накіраваў 6 ракетаў паветранага базавання. Паразілі лагістычны абʼект у абласным цэнтры. Пацярпела адна цывільная асоба», – гаворыцца ў паведамленні.
Кіеў і Кіеўская вобласць
Кіраўнік Кіеўскай адміністрацыі Аляксей Кулеба паведаміў раніцой, што ў вобласці актыўна працавала СПА. «Заставайцеся ў сховішчах і бяспечных месцах. Ні ў якім разе не фатаграфуйце месца прылёту і работу СПА», – заклікаў Кулеба насельніцтва.
Пазней у Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі паведамілі аб збіцці дзвюх крылатых ракетаў. «Папярэдне над Кіевам збітыя 2 крылатыя ракеты. Звестак аб ахвярах і разбурэннях няма, інфармацыя ўдакладняецца», – гаворыцца ў паведамленні. Акрамя таго, паводле звестак КМВА, над Кіеўскім вадасховішчам былі збітыя два БПЛА «Shahed».
Усяго за час паветранай трывогі 17 лістапада над Кіевам знішчылі 4 варожыя ракеты і 5 беспілотнікаў. Прылёты ў Кіеве і вобласці не зафіксаваны.
Львоўская вобласць
Таксама ў сацсетках былі паведамленні аб рабоце СПА ў Чаркаскай, Палтаўскай, Харкаўскай і Львоўскай вобласцях. У той жа час кіраўнік Львоўскай АВА Максім Казіцкі не пацвердзіў гэтай інфармацыі.
«Сёння таксама неспакойная раніца. Паветраная трывога працягваецца, ёсць небяспека… Некаторыя тэлеграм-каналы паведамілі, што ў Львоўскай вобласці нібыта працуе СПА. Станам на 09:42 такі факт не пацвярджаецца. Калі будзе такая сітуацыя, я абавязкова паведамлю», – напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
Харкаўская вобласць
Як паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сынэгубаў, сёння расейскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па Ізюмскім раёне.
«Зафіксаваныя траплянні па крытычнай інфраструктуры. На жаль, пацярпелі 3 работнікі, мужчынаў шпіталізавалі ў лячэбную ўстанову», – паведаміў ён.
Сітуацыя ў іншых вобласцях
Кіраўнікі некалькіх вобласцяў папярэджвалі аб небяспецы. У прыватнасці, старшыня Кіраваградскай адміністрацыі Андрэй Райковіч паведаміў, што ёсць небяспека. А кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай заклікаў не грэбаваць сёння сігналамі паветранай трывогі.
Начальнік Чаркаскай адміністрацыі Ігар Табурэц папярэдзіў, што існуе высокая імавернасць нападу з паветра. Аналагічнае паведамленне апублікаваў кіраўнік Палтаўскай адміністрацыі Дзмітрый Лунін.
Кіраўнік Хмяльніцкай адміністрацыі Сяргей Гамалій папярэдзіў аб магчымых атаках па энергетычных абʼектах.
«Вораг зноў узяўся за сваё: ёсць рэальная пагроза ракетнага ўдару! Настойліва заклікаю ўсіх заставацца ў сховішчах да заканчэння паветранай трывогі! Таксама нагадваю: удары накіраваны на абʼекты энергетыкі і інфраструктуры. Прашу трымацца далей ад такіх месцаў», – напісаў ён.
Hавiны
«Укрэнерга»: 15 лістапада адбылася самая вялікая атака ў гісторыі энергетыкі, ад якой пацярпелі ўсе рэгіёны Украіны
2022.11.16 10:50
Антон Тачняк belsat.eu