«Беларусь можа быць надзейным партнёрам NATO». Дарадца Ціханоўскай – пра планы яе візіту ў ЗША


Святлана Ціханоўская наведае Вашынгтон з 9 па 12 ліпеня і возьме ўдзел у Грамадскім форуме NATO. Дарадца абранай прэзідэнткі ў пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі раскрыў «Белсату» падрабязнасці візіту.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з замежнымі палітыкамі падчас саміту NATO у Вільні 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

Дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі адзначыў, што абраная прэзідэнтка наведае Грамадскі форум NATO на запрашэнне генеральнага сакратара арганізацыі Енса Стольтэнбэрга. Той паклікаў Ціханоўскую ў траўні падчас сустрэчы ў Бруселі.

У планах лідаркі, акрамя ўдзелу ў Грамадскім форуме, – сустрэчы на палях.

«Адна з галоўных тэмаў, пра якую Ціханоўская будзе казаць у Вашынгтоне, – сітуацыя ў Беларусі, усе актуальныя праблемы, важныя для нашай краіны. Асобны фокус будзе на гібрыдных атаках, якія рэжым Лукашэнкі чыніць супраць нашых суседзяў: Польшчы, Літвы, Латвіі. Таксама абмяркуе розныя сцэнары, якія могуць адбывацца ў Беларусі, падкрэсліць важнасць таго, каб Беларусь ні ў якім разе не стала гэтак званым суцяшальным прызам для Пуціна», – паведаміў «Белсату» Дзяніс Кучынскі.

Паводле яго, Ціханоўская таксама «падкрэсліць важнасць большай увагі да Беларусі і важнасць пакаранняў за дапамогу Лукашэнкі і ягонага рэжыму ў вайне супраць Украіны».

Аналітыка
Што віленскі саміт NATO азначае для Беларусі
2023.07.13 18:53

Летась абраная прэзідэнтка брала ўдзел у некалькіх сустрэчах падчас саміту NATO у Вільні, і Кучынскі звярнуў увагу, што цяпер лідарка наведае другую запар імпрэзу Паўночнаатлантычнага альянсу:

«Гэты факт паказвае, што NATO патэнцыяльна бачыць дэмакратычную Беларусь добрым партнёрам, што гатовае весці з намі канструктыўны дыялог і што Беларусь можа быць партнёрам, на якога можна будзе разлічваць».

Дарадца Ціханоўскай падсумаваў, што без дэмакратычнай Беларусі не можа быць рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі ў Еўропе, таму нашая краіна для Захаду – не толькі праблема, але і «магчымасць мець бяспечную Еўропу і мець рэгіянальную стабільнасць».

Hавiны
Ціханоўская паедзе на Грамадскі форум NATO
2024.07.08 12:49

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў