З трыбуны АБСЕ згадалі пра смерць былога амбасадара ў Нямеччыне Дзяніса Сідарэнкі


У АБСЕ заявілі, што былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Дзяніс Сідарэнка загінуў пры «няясных і даволі трывожных абставінах». Пра гэта 5 ліпеня падчас пасяджэння пастаяннай рады АБСЕ заявіла часовы павераны ў справах ЗША пры АБСЕ Катрын Брукер, паведамляе «Позірк».

Былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Дзяніс Сідарэнка.
Фота: МИД Беларуси / Facebook

Катрын Брукер працавала разам з Дзянісам Сідарэнкам у пачатку 2000-х гадоў падчас ягонай першай камандзіроўкі ў складзе беларускай пастаяннай дэлегацыі пры АБСЕ.

Паводле характарыстык Брукер, Сідарэнка быў «надзвычай яркім, добрым чалавекам, таленавітым лінгвістам і вельмі адданым і эфектыўным прадстаўніком сваёй краіны».

«Як многія ў гэтай зале чулі, Дзяніс памёр, як мяркуецца, у выніку самагубства, пасля інтэнсіўнага допыту і праверкі на дэтэктары хлусні, праведзенай беларускім КДБ пасля яго вяртання ў Менск пасля васьмігадовага знаходжання ў Берліне ў якасці амбасадара ў Нямеччыне. Паводле некаторых звестак, на ягоным целе былі знойдзеныя сляды катаванняў», – адзначыла Брукер.

Таксама Катрын Брукер адзначыла, што, магчыма, сапраўдныя абставіны смерці Дзяніса Сідарэнкі ніколі не стануць вядомымі, але адно можна сказаць напэўна: «Дзяніса Сідарэнку забралі ў нас занадта рана», – дадала яна, прапанаваўшы калегам «знайсці адпаведны спосаб» ушанаваць памяць аб ім.

Нагадаем, што 26 чэрвеня стала вядома, што былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Дзяніс Сідарэнка раптоўна памёр ва ўзросце 48 гадоў.

Афіцыйных прычын смерці агучана не было. Паводле адной з версій, у яго не вытрымала сэрца, паводле другой – гэта было самагубствам.

Згодна з апошняй версіяй, Сідарэнка выкінуўся з акна шматпавярховіка 23 чэрвеня. Суразмоўцы выдання «Наша Ніва» сцвярджалі, што па вяртанні са сваёй пасольскай камандзіроўкі з Нямеччыны, Сідарэнка стаў аб’ектам увагі Камітэта дзяржаўнай бяспекі і «не вылазіў з паліграфаў і допытаў».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў