Арцёма Лябедзьку асудзілі на 3,5 года зняволення


Арцёма Лябедзьку прызналі вінаватым паводле артыкулу аб фінансаванні «экстрэмісцкай» дзейнасці і прысудзілі яму 3,5 года калоніі.

Арцём Лябедзька з дачкою.
Фота: Анатоль Лябедзька / Facebook

У Менскім гарадскім судзе вынеслі прысуд сыну вядомага палітыка Анатоля Лябедзькі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суддзя Яўгеній Пісарэвіч прызначыў менавіта такое пакаранне, якое запытаў пракурор Раман Бізюк: 3,5 года зняволення.

Арцёма затрымалі 28 сакавіка 2023 года і двойчы каралі 15-дзённым арыштам.

30 красавіка стала вядома, што маладога чалавека абвінавацілі ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці згодна з артыкулам 361-2 Крымінальнага кодэксу. Яму ставіліся ў віну 3 факты пераводу грошай у фонды салідарнасці ў 2020 годзе. Як адзначаюць праваабаронцы, на судзе Арцём на пытанне аб прызнанні віны адказаў, што яму не зразумелая сутнасць абвінавачанняў.

Палітык Анатоль Лябедзька, дарадца Аб’яднанага пераходнага кабінету у міжпарламенцкім супрацоўніцтве і былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, назваў справу сфабрыкаванай і пракаментаваў яе як «найвышэйшы пілатаж бесчалавечнасці і мярзотнасці».

«Свядома, мэтанакіравана ідуць па жывых людзях, па сям’і, па дзіцяці. Пад падэшвай беззаконня хлюпаюць слёзы, хрусцяць косці, краваточыць боль», – напісаў палітык у «Facebook».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў