Апублікаваная праграма ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі да 2025 года


На нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 23 траўня з’явілася пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расеі аб рэалізацыі праграмы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва да 2025 года. Праграма ўключае 199 мерапрыемстваў у розных раздзелах. Паглядзелі, што ў іх.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Міністэрства абароны Беларусі

У рамках навукова-даследчых і даследча-канструктарскіх прац праграма прадугледжвае пастаноўку на шасі Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) і іншых беларускіх прадпрыемстваў наступныя расейскія комплексы:

  • зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр-С1»;
  • супрацьтанкавы ракетны комплекс «Карнэт-Э/ЭМ»;
  • баявыя аддзяленні «Бераг» і «Бережок».

Агучваецца ідэя стварыць колавы варыянт зенітнага ракетнага комплексу малой далёкасці «Сосна» на шасі «Volat». ААТ «Пеленг» і расейскі НДІ «Сигнал» павінныя стварыць малагабарытны аўтаматызаваны комплекс сродкаў артылерыйскага падраздзялення для расейскай арміі, прыдатны для пераноскі або перавозкі. «Інтэграл» будзе ствараць перспектыўную кампанентную базу для «Канцэрну паветрана-касмічнай абароны «Алмаз-Антей».

Праграма прадугледжвае распрацоўку прыцэльных комплексаў цеплавізараў для БТР-82А, модуля «Арбалет-Д» і іншай перспектыўнай бранятанкавай тэхнікі.

У рамках інтэграцыі абаронна-прамысловага комплексу краін запланаваныя:

  • стварэнне зводу правілаў па пасляпродажным абслугоўванні самалётаў Як-130, Су-30СМ з удзелам ААТ «558-ы Авіяцыйны рамонтны завод», а таксама тэхнічны аўдыт прадпрыемства на прадмет капітальнага рамонту вайсковых верталётаў;
  • прапрацоўка стварэння сэрвіснага цэнтру на базе ААТ «2566-ы завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення» па рамонце і абслугоўванні ЗРК «Тор-М2К»;
  • арганізацыя сумеснай буйнавузлавой зборкі БТР-82А і іх сэрвіснага абслугоўвання на беларускіх прадпрыемствах з устаноўкай беларускай оптыкі і сродкаў сувязі;
  • арганізацыя сумеснай вытворчасці радыёстанцыяў, шлемафонаў і іншай апаратуры сувязі для бранятэхнікі.

У праграму таксама закладзеныя планы пастаўкі прадукцыі і паслуг вайсковага прызначэння з Беларусі ў інтарэсах Расеі. Гэта метэаралагічнае абсталяванне, прыцэлы для бранятэхнікі ад «Пеленгу», сістэмы адлюстравання інфармацыі ад «Гарызонту», пастаўкі шасі МЗКЦ для розных відаў вайсковай тэхнікі, паслугі па сэрвісным абслугоўванні і капрамонце, пастаўкі электронных кампанентаў, оптыка-электроннага абсталявання і іншае.

З Расеі ў Беларусь плануюць паставіць знішчальнікі Су-30СМ, а таксама комплексны трэнажор для навучання пілотаў кіраванню гэтымі самалётамі. Запланаваныя пастаўкі авіяцыйных сродкаў паражэння, запчастак. Беларусь павінна атрымаць аўтаматызаваную сістэму кантролю «АКА-1». Самалёты Як-130 будуць даабсталяваныя пад устаноўку БКА «Талісман».

Праграма ўключае таксама пастаўкі верталётаў Мі-35М і Мі-8МТВ-5, парашутна-дэсантнай тэхнікі, самалётаў Як-130, ЗРК «Тор-М2К», ПЗРК «Верба» 9КЗЗЗ. Зенітныя самаходныя ўстаноўкі «Тунгуска» плануецца мадэрнізаваць да ўзроўню 2С6М1. Будуць мадэрнізаваны гаўбіцы «Акация» і «Гвоздика», танкі Т-72.

Таксама Расея будзе пастаўляць супрацьтанкавыя ракеты 9М120 «Атака», 9М113М «Конкурс-М», гранатамёт РПГ-26 «Аглень», снарады калібру 152 мм, іншыя боепрыпасы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў