Самая масавая атака. У Севастопалі расейскія караблі раніцай адбіваліся ад украінскіх беспілотнікаў


Уначы і раніцай 29 кастрычніка на расейскія караблі ў анексаваным украінскім Севастопалі (Крым) была здзейсненая атака беспілотнікамі.

Расейскі губернатар Севастопалю Міхаіл Разважаеў у Telegram-канале паведаміў, што караблі Чарнаморскага флоту РФ адбіваюць напад беспілотнікаў. Паводле яго, ніякія аб’екты ў горадзе не пашкоджаныя.

Тым не менш, паводле ТАСС, быў часова перакрыты рэйд праз Севастопальскую бухту, які забяспечвае сувязь паміж паўночнай і паўднёвай часткамі гораду. Не ходзяць паромы і катары, рух паміж раёнамі магчымы толькі на аўтобусах.

Украінскі тэлеграм-канал «Крымский ветер» піша, што рэйд закрылі, бо расейскія вайскоўцы ў бухце спрабуюць знайсці рэшткі беспілотнікаў. Таксама мяркуюць, што ў акваторыі маглі застацца выбуховыя прыстасаванні.

Паводле аўтараў каналу, гучныя выбухі, што было чуваць амаль ва ўсім горадзе, раздаліся ў 04:32. У дамах дрыжалі шыбы.

«Атака БПЛА на абʼекты Чарнаморскага флоту працягвалася больш за тры гадзіны, але паветраную трывогу ўлады Севастопаля так і не абвясцілі», – паведамляе «Крымский ветер».

?single

Паводле крыніц каналу, БПЛА ўзарвалі склад.

Пазней Разважаеў паведаміў, што атака БПЛА ў акваторыі Севастопаля была самай масавай з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Паводле яго, мэтай ЗСУ былі вайсковыя аб’екты Чарнаморскага флоту.

Паводле непацверджаных звестак, мог быць пашкоджаны расейскі фрэгат «Адмірал Макараў».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў