Прыгожын распачаў вывад наймітаў з Бахмуту. Што далей будзе з ім і ПВК Вагнэра?


Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын заявіў, што 25 траўня найміты пачалі выходзіць з Бахмуту і перадаваць пазіцыі падраздзяленням расейскай арміі. Які лёс цяпер чакае бізнесоўца і ягоных наймітаў? І ці азначае гэта, што канфлікт Прыгожына і Мінабароны РФ завершаны? 

Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын выступае ў Бахмуце. 25 траўня 2023 года.
Фота: concordgroup_official / Telegram / AFP / East News

«Калі зноў спатрэбімся…»

Публічны канфлікт заснавальніка ПВК Вагнэра Прыгожына і Мінабароны РФ цягнецца з 2022 года. У пачатку траўня ён рэзка абвастрыўся: бізнесовец абвінаваціў міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генштаба Валерыя Герасімава ў тым, што яны нібыта наўмысна не даюць групоўцы боепрыпасы, мацюкаў генералаў апошнімі словамі і прыгразіў пакінуць фронт, калі сітуацыя не зменіцца. Дэ-факта гэта была адкрытая пагроза вайсковага мяцяжу.

Сваю пагрозу Прыгожын тады не зрэалізаваў – наадварот штурм Бахмуту працягнуўся з яшчэ большай інтэнсіўнасцю. 20 траўня ён абвесціў, што горад цалкам узяты (Украіна факт падзення Бахмуту не прызнае), аднак падкрэсліў, што зроблена гэта было насуперак каляваеннай расейскай бюракратыі, «якая ўстаўляла нам палкі ў колы».

«Іх імёны часткова вядомыя – гэта Шайгу і Герасімаў, якія ператварылі вайну ва ўласную забаўку, якія вырашылі, што іх капрызы на вайне будуць выконвацца. Але з-за іх капрызаў загінула ў пяць разоў больш хлопцаў, чым мусіла загінуць. І калі-небудзь яны адкажуць за свае злачынствы», – паабяцаў ён.

Тады ж Прыгожын заявіў, што неўзабаве распачнецца вывад падраздзяленняў ПВК Вагнэра з Бахмуту «на адпачынак і перападрыхтоўку», а пазіцыі будуць перададзеныя падраздзяленням Мінабароны. 25 траўня бізнесовец апублікаваў новае відэа, дзе распавёў, што вывад войскаў ужо ідзе.

«Да 1 чэрвеня ўсе выходзім, адпачываем, рыхтуемся…А потым атрымаем новую задачу», – падкрэсліў ён, звяртаючыся да сваіх наймітаў.

Што гэта можа быць за задача – Прыгожын не ўдакладніў. Наконт вяртання на вайну ў будучыні ён выказаўся вельмі туманна: «калі зноў спатрэбімся нашай краіне, нашаму народу і нашым сем’ям…» То бок ніякіх тэрмінаў вяртання на фронт не пазначана. Бізнесовец заўсёды падкрэсліваў, што ПВК Вагнэра ваююць добраахвотна, а не паводле загаду генералаў. Раней ён наогул папярэджваў, што калі вагнэраўцы стануць не патрэбныя, то яны сыдуць у Афрыку.

Аналітыка
Што ПВК Вагнэра робіць у Афрыцы? Тлумачым, у чым інтарэс РФ
2023.03.27 07:31

Майстэрства піяру

У плане піяру бітву за Бахмут і канфлікт з Мінабароны Прыгожын адназначна выйграў. Складаецца ўражанне, што скандальнае відэа на фоне трупаў і ўльтыматум 5 траўня задумваліся выключна дзеля таго, каб прынізіць вайсковае кіраўніцтва і потым забраць усе лаўры пераможцы сабе. У інфармацыйнай прасторы Прыгожыну атрымалася прэзентаваць захоп Бахмуту як сваё асабістае дасягненне: доказ узорнай эфектыўнасці ПВК Вагнэра і поўнай неэфектыўнасці расейскай арміі.

Рэальнасць моцна адрозніваецца ад прапагандысцкай карціны Прыгожына.

Па-першае, гэта не была прыватная перамога вагнэраўцаў. Без расейскай арміі, якая аказвала ПВК Вагнэра агнявую падтрымку і забяспечвала флангі, наўрад ці найміты здолелі бы захапіць большую частку горада.

Па-другое, назваць дзеянні вагнэраўцаў пад Бахмутам эфектыўнымі вельмі цяжка. Штурм гораду плошчай у 40 кв. км цягнуўся семь месяцаў і па прызнанню Прыгожына каштаваў ПВК Вагнэра 20 тысяч чалавек толькі забітымі (больш, чым страціў увесь СССР за 10 гадоў вайны ў Афганістане). Прычым гэта самыя мінімальныя ацэнкі. Хутчэй за ўсё, Прыгожын занізіў рэальныя лічбы: Ігар Гіркін (Стралкоў) кажа, што вагнэраўцы страцілі забітымі мінімум у 1,5 разы болей, а разведка ЗША сцвярджае, што з улікам параненых страты пад Бахмутам склалі 100 тысяч чалавек. У выніку ПВК Вагнэра была абяскроўленая ў гэтых баях і цалкам страціла свой наступальны патэнцыял. З улікам таго, што Бахмут ніякага стратэгічнага значэння не мае (што прызнаваў раней сам Прыгожын), такія вынікі трэба прызнаць піравай перамогай.

Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын (злева) ў Бахмуце. 25 траўня 2023 года.
Фота: concordgroup_official / Telegram / AFP / East News

Аднак у Прыгожына атрымалася навязаць дзяржаве свой парадак дня. Расейскія федэральныя тэлеканалы распавядалі пра захоп Бахмуту як пра вялікую перамогу «рускай зброі», падзею гістарычнага маштабу і параўноўвалі яе са штурмам Берліну ў 1945 годзе. Уладзімір Пуцін павіншаваў ПВК Вагнэра з перамогай і паабяцаў захопнікам дзяржаўныя ўзнагароды.

Асабістыя віншаванні Пуціна і прапагандысцкую істэрыю вакол захопу Бахмуту можна лічыць пэўнай «ахоўнай граматай» для Прыгожына. Раней, 9 траўня, бізнесовец раскрытыкаваў парад на Краснай плошчы і дазволіў сабе выказацца пра нейкага «шчаслівага дзядулю», які можа аказацца «скончаным мудаком». Медыі адназначна ўбачылі ў гэтых словах нападкі асабіста на Пуціна. Некаторыя прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта РФ на ўмовах ананімнасці казалі журналістам, што Прыгожын такім чынам перайшоў «чырвоную лінію» і калі так пойдзе далей, то яго спыняць сілавікі. Аднак цяпер, імаверна, Прыгожыну нічога не пагражае.

«Маршала бахмуцкай перамогі пакуль чапаць не будуць, што б ён ні рабіў», – піша «Медуза» са спасылкай на крыніцу, блізкую да Крамля.

Ці сапраўды сыдуць вагнэраўцы?

Пакуль нельга адназначна сцвярджаць, што атрады ПВК Вагнэра сапраўды цалкам перададуць пазіцыі расейскаму войску ў Бахмуце. Мінабароны Украіны па стане на 25 траўня фіксуе замену наймітаў на вайскоўцаў толькі ў прыгарадзе паселішча. Даследчая група «Conflict Intelligence Team» сумняецца, што поўны вывад вагнэраўцаў у прынцыпе магчымы.

«Цяжка ўявіць, кім бы іх магло замяніць Мінабароны РФ (акрамя мабілізаваных, якія наўрад ці змогуць супрацьстаяць украінскаму контрнаступленню)», – адзначае CIT.

Так ці інакш, Прыгожын вельмі добра падстрахаваўся. Ён абвесціў пра перамогу ў Бахмуце і вывад з фронту сваіх войскаў напярэдадні ўкраінскага контрнаступлення. Крывадушнасць Прыгожына пры гэтым відавочная. Апошнім часам ён шмат разоў казаў, што ўкраінскае контрнаступленне ўжо пачалося, што «флангі сыплюцца, фронт правальваецца» і існуе рэальная пагроза атачэння Бахмуту. А цяпер, замест таго, каб кінуць усе сілы на ўтрыманне фронту, ён абвяшчае пра адыход сваіх атрадаў (якія называе «найлепшай арміяй у свеце») у тылавыя лагеры на невызначаны тэрмін.

З ваеннага пункту гледжання такое рашэнне выклікае шмат пытанняў, але з пункту гледжання піяру ўсё зроблена майстарскі. Цяпер што б не здарылася на фронце, вінаватым будзе выключна Мінабароны: Прыгожын зможа сказаць, што Шайгу і Герасімаў разбазарылі ягоную перамогу.

Вельмі сумнеўна, што ў бліжэйшы час Прыгожын зноў будзе гуляць ролю «палявога камандзіра», які запісвае эфектныя відэаролікі з фронту, дакладае пра прасоўванне сваіх байцоў і захопы чарговай сотні метраў украінскай тэрыторыі. Хутчэй за ўсё, ад чыста франтавых справаў ён будзе старацца дыстанцыявацца, нават калі атрады ПВК Вагнэра працягнуць актыўна ўдзельнічаць у баях. Лёгкіх перамогаў у бліжэйшай будучыні не прадбачыцца, а для арганізацыі новай бахмуцкай мясарубкі проста няма рэсурсаў. Наўрад ці ПВК Вагнэра ў прынцыпе здолее аднавіць свае сілы ў поўным аб’еме, улічваючы, што вербаваць наймітаў у турмах Прыгожын цяпер не можа. А звязваць сваё імя з аперацыямі, асуджанымі на няўдачу, «маршал бахмуцкай перамогі» не стане.

Разам з тым, гэта не значыць, што Прыгожын перастане быць публічнай асобай.

Праграма Прыгожына

Неўзабаве пасля абвяшчэння пра ўзяццё Бахмуту «кухар Пуціна» даў праграмнае інтэрв’ю пракрамлёўскаму паліттэхнолагу Канстанціну Далгову, дзе прызнаў правальны ход «спецыяльнай ваеннай аперацыі». Прыгожын зноў жорстка крытыкаваў Шайгу з Герасімавым ды наогул расейскія эліты, для якіх, паводле бізнесоўца, усё можа скончыцца рэвалюцыяй і разнёй. Як заўсёды, не абышлося і без асабістых абразаў: заснавальнік ПВК Вагнэра назваў сына прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова «адмарозкам», а зяця Шайгу «у*бком». «Жыроўства дзяцей эліты скончыцца тым, што людзі іх на вілы паднімуць», – заявіў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News

Наконт украінскай арміі Прыгожын наадварот выказваўся кампліментарна, назваўшы яе адной з найлепшых у свеце. Пры гэтым ён цалкам дапускае, што ЗСУ сапраўды правядзе паспяховы контрнаступ і выйдзе да межаў 2014 году. А вось у станоўчыя для РФ вынікі вайны бізнесовец мала верыць. Таму, каб не «прас…ць» Расею патрэба поўная мабілізацыя, перавод эканомікі на ваенныя рэйкі і наогул жорсткія меры ўнутры краіны.

Такім чынам, Прыгожын даў зразумець, што яго публічная дзейнасць і канфлікт з Мінабароны не скончаныя. Ён яўна будзе імкнуцца скінуць Шайгу і Герасімава, каб паставіць на іх месца генералаў Сяргея Суравікіна і Міхаіла Мізінцава, з якімі ў бізнесоўца добрыя стасункі. Аўтарытэт Пуціна пад сумнеў пры гэтым не ставіцца, але і як на выратавальніка Расеі Прыгожын на яго, мяркуючы па інтэрв’ю, не разлічвае. Сваё палітычнае крэда заснавальнік ПВК Вагнэра сфармуляваў наступным чынам: «Радзіму люблю, Пуціна слухаюся. Шайгу – на мыла. Ваяваць будзем далей».

Цікава, што на наступны дзень Канстанцін Далгоў заявіў, што яго за гэта інтэрв’ю з Прыгожыным звольнілі.

Пуцінскі блазн ці будучы ваенны дыктатар?

Рэальны ўплыў і роля Прыгожына ў пуцінская сістэме, а таксама ягоныя амбіцыі і сапраўдныя планы на будучыню – застаюцца прадметам для дыскусіяў.

Паводле адной з версіяў, заснавальнік ПВК Вагнэра дзейнічае строга ў дазволеных Крамлём рамках. У адпаведнасці з гэтым пунктам гледжання, Пуціну выгадны канфлікт паміж рознымі фракцыямі «партыі вайны», а сам Прыгожын разглядаецца як процівага генералам з Мінабароны. Такой думкі прытрымліваецца частка экспертаў і медыяў. Гучаць і больш катэгарычныя меркаванні: напрыклад, паводле аўтарытэтнага ўкраінскага журналіста і палітолага Віталя Портнікава, Прыгожын фактычна выконвае ў пуцінскай вертыкалі ролю блазна.

Але калі гэта сапраўды так, то ўзнікае пытанне: ці не загуляўся сам Пуцін у штучнае распальванне канфліктаў унутры праўладных элітаў? Апошнім часам Прыгожын адкрыта прасоўвае наратыў, паводле якога галоўны вораг расейскага салдата сёння не ЗСУ, а здраднікі ў тыле, якія «хочуць прадаць Расею». Усю агрэсію, усю незадаволенасць «кухар Пуціна» накіроўвае не на ўкраінскіх салдат і НАТО, а на эліты, якія адарваліся ад народу. Для краіны, якая вядзе вайну, гэта вельмі небяспечны шлях. Гісторыя Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году паказвае, што пашырэнне падобных ідэяў спрыяе разлажэнню войска і можа стаць палівам для рэвалюцыйнага выбуху. Прыгожын, дарэчы, у інтэрв’ю Далгову і сам адкрыта кажа, што скончыцца ўсё ў Расеі можа менавіта паўтарэннем 1917 году.

Аналітыка
«Наш вораг не ЗСУ». Прыгожын не сыходзіць з Бахмуту, але працягвае павышаць стаўкі
2023.05.11 18:30

Паводле іншай версіі, Прыгожын – гэта самастойная або часткова самастойная фігура, якая сапраўды ірвецца да ўлады і з якой частка крамлёўскіх элітаў «вырошчваюць» ледзь не будучага «ваеннага дыктатара». Такога пункту гледжання прытрымліваецца частка ўльтрапатрыётаў: напрыклад, былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) і ягоныя паплечнікі. Сам Гіркін (вядомы песімыст наконт будучыні пуцінскай Расеі) бачыць у прасоўванні Прыгожына вялізарную пагрозу. «Смута ўжо пачалася», – заявіў ён у адным з апошніх допісаў, каментуючы сітуацыю з «кухаром Пуціна».

Размовы Гіркіна пра «ваеннага дыктатара» на дадзеным этапе здаюцца занадта фантастычнымі. Але сама версія, што Прыгожын і ягоныя заступнікі ў крамлёўскіх элітах вядуць самастойную гульню, выглядае цалкам рэальна. Пытанне толькі ў тым, як далёка распасціраюцца амбіцыі самога «кухара Пуціна» ў гэтай гульні.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў