Экстрэмісцкае фармаванне «Хватит бояться!» і экстрэмісцкія матэрыялы «Грустного Коленьки»


Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца. Працягваецца, на вялікі жаль, і штодзённая рубрыка, якую вядзе «Белсат». Прыводзім факты ўціску беларусаў за 22 жніўня.

Таццяна Мартынава. Фота facebook.com/tatiana.martynova.35

Сёння ў Беларусі стала больш на адно «экстрэмісцкае фармаванне». Такі статус надало МУС групе блогеркі Таццяны Мартынавай «Хватит бояться!», паведамляе канал ГУБАЗіК. Згодна з паведамленнем, яна была ўнесеная ў спіс «за арганізацыю падрыхтоўкі пасягальніцтваў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Беларусі, а таксама дыскрэтызацыю і абразу службовых асоб». Дзейнасць «Хватит бояться» забароненая на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Таксама стала вядома, што Міністэрства ў чарговы раз абнавіла рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іх аказаліся групы ў сацсетках гумарыстычнага праекта «Грустный Коленька». У спіс таксама ўключаныя тэлеграм-каналы «Валанцёры Офіса», «Good morning Gruchevka», «Беларускі Дом ва Украіне», «КААРДЫНУЮЧАЯ УПРАВА НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ», «Домбровка-3 – чат квартала», сайт і сацсеткі праекту «Shakal.Today», стыкерпак «Дзякуй» і інш.

Праваабаронцы паведамляюць, што 31 ліпеня суд Браслаўскага раёна пастанавіў арыштаваць на 10 содняў кіроўцу-дальнабойшчыка Дзмітрыя Жарскага, які, як палічыў суддзя, займаўся распаўсюджваннем у сацсетках экстрэмісцкіх матэрыялаў.

21 жніўня Гомельскі абласны суд прыгаварыў да 5 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму палітзняволенага мазырскага прадпрымальніка Пятра Старацітарава. 65-гадовага мужчыну затрымалі за антываенныя паведамленні, у якіх сярод іншага знайшлі абразу Лукашэнкі, кваліфікаваўшчы ягоныя паведамленні паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Палітвязня Ягора Лянкевіча, асуджанага да пяці з паловай гадоў і ўключанага ў чэрвені 2022 года ў спіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Суд над Ягорам, які адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі №1, павінны адбыцца 5 верасня.

Васіль Дземідовіч.
Фота: «Вясна» – Правы чалавека ў Беларусі» / Telegram

23 жніўня мае адбыцца чарговы суд над 71-гадовым палітзняволеным Васілём Дземідовічам. Гэта будзе ўжо шосты суд над мужчынам, абвінавачаным у напісанні каментароў у «Карніках Беларусі». Справу будзе разглядаць суддзя Дзмітрый Гвозд.

Берасцейцу, які пакінуў каментар у чаце «Лухтавікінгі» пра Мікалая Карпянкова (кіраўніка ГУБАЗіКа ў 2020 годзе), прызначылі два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі») і штраф памерам 1850 рублёў.

21 жніўня былі затрыманыя пасля вяртання з Літвы наваполацкі стаматолаг Аляксандр Грудніцкі і ягоная жонка. Яны вярталіся пасля наведвання свайго сына. Прычына, паводле якой затрымалі сужэнцаў, а таксама месца іх утрымання невядомыя.

Жыхару Паставаў Дзянісу Цыбульскаму далі 22 содняў арышту і адабралі тры тэлефоны за лайкі экстрэмісцкіх матэрыялаў у «Аднакласніках». Як вядома, спачатку мужчыну асудзілі на 15 содняў, а пасля дадалі яшчэ 7. Сваёй віны Дзяніс не прызнаў, адзначыўшы падчас суду, што не пераследаваў мэты распаўсюду матэрыялаў, калі лайкаў іх, і не рабіў іх рэпостаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў