Сёння Сяргею Ціханоўскаму спаўняецца 45 гадоў


18 жніўня Сяргею Ціханоўскаму спаўняецца 45 гадоў. У свой дзень нараджэння блогер застаецца за кратамі.

Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, жонка палітзняволенага, напісала кранальны зварот да Сяргея, адзначыўшы, што «ніхто і ніколі не зможа адабраць нашую любоў да цябе».

Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня 2020 года ў Горадні падчас перадвыбарчага пікету за вылучэнне на прэзідэнцтва ягонай жонкі – Святланы Ціханоўскай. У 2021-м яму вынеслі прысуд паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і прыгаварылі да 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней Сяргею дадалі яшчэ 1,5 года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Такім чынам, агулам яму прысудзілі 19,5 года.

Святлана Ціханоўская кажа, што з 9 сакавіка да 4 ліпеня 2023  года ад Сяргея не было ніякіх звестак. 4 ліпеня яна атрымала паведамленне, што ейны муж нежывы. І на наступны дзень пасля гэтага праўладныя каналы паказалі відэа з Ціханоўскім, якое мусіла пацвердзіць, што з ім усё ў парадку.

Таксама Святлана Ціханоўская расказвала, што іхная з Сяргеем малая дачка збірае грошы на танк, «каб тату ісці вызваляць».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў