Прызнанне экстрэмісцкімі твораў беларускіх класікаў, затрыманні і суды. Рэпрэсіі 17 жніўня


Публікуем штовечаровы агляд фактаў рэпрэсіяў і палітычнага пераследу ў Беларусі.

Аляксандр Кулікоў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Суд Ленінскага раёну Магілёва 13 ліпеня вынес прысуд Аляксандру Кулікову. Мужчыну абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.2 арт. 368 КК РБ) і паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367 КК). У траўні 2023 года, ужо пасля ўзбуджэння крымінальнай справы, мужчына выехаў у Польшчу, дзе прабыў каля месяца і вярнуўся ў Беларусь, дзе і быў затрыманы.

У судзе Жлобінскага раёну 4 жніўня разглядалася крымінальная справа Дар’і Караблінай, абвінавачанай паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у акцыі пратэсту, якая адбылася ў горадзе 9 жніўня 2020 года. Суд пакараў дзяўчыну абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў.

Генадзь Палянін.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У судзе Баранавіцкага раёну і Баранавічаў 26 ліпеня разглядалася крымінальная справа супраць 71-гадовага мясцовага мясцовага жыхара Генадзя Паляніна. Пенсіянера абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Суд, з улікам узросту абвінавачанага, прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Улады прызналі «экстрэмісцкімі» матэрыяламі прадмову Язэпа Янушкевіча да выдання твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, а таксама вершы «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда», напісаныя ў 1861 годзе, аўтарства якіх прыпісваецца Дунін-Марцінкевічу. У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў таксама трапілі творы Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Уладзіміра Някляева.

У Бярозаўцы затрымалі не меней за 9 чалавек. Пра гэта паведаміў брат Вітольда Ашурка Андрэй. Паводле яго звестак з дзевяці затрыманых тры – супрацоўнікі мясцовага шклозаводу «Нёман». Андрэй Ашурак дадаў, што на мінулым тыдні на завод прызначылі ідэолагам колішняга супрацоўніка КДБ, які цікавіцца асабістымі справамі завадчанаў.

Стала вядома, што 14 жніўня ў судзе Заводскага раёну Менску агучаныя прысуды мужу і жонцы Сяргею і Аксане Ясючэням і Андрэю Капышаву. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 КК і прызначылі кожнаму па два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – «хатняй хіміі». Вядома, што іх судзілі за ўдзел у Маршах у 2020 годзе. Іх апазналі па фотаздымках на тэлефоне і затрымалі 8 чэрвеня.

Арсеній Кузьменчук.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Сілавікі затрымалі блогера Арсенія Кузьменчука. Хлопец у TikTok мае 40 тыс. падпісантаў. Яго абвінавацілі ў публічнай дэманстрацыі свастыкі. На «пакаяльным відэа» у праўладным тг-канале ён кажа, што публікаваў у сацсетках відэа «неналежнага характару».

Палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута перавялі ў ПКТ. Пра змену ўмоваў утрымання напісала яго жонка ў сацсетках. Журналіста пакаралі за адмову ад працы, якую нельга выканаць.

Беларусу Дзянісу Хахлову пагражае выдварэнне з Расеі ў Беларусь. На мужчыны заведзеная крымінальная справа паводле арт.342 КК. Ён прасіў у Расеі палітычны прытулак, аднак атрымаў адмову.

Сілавікі затрымалі байкера, які вярнуўся з Літвы ў Беларусь. У «пакаяльным відэа» у адным з праўладных тэлеграм-каналаў затрыманы мужчына кажа, што працаваў у офісе EPAM у Літве. Таксама ён паведаміў, што «удзельнічаў у пратэсных акцыях, ездзіў на горадзе на матацыкле з пратэснай сімволікай і быў падпісаны на дэструктыўныя каналы».

Юрый Ташкінаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Гомельскага прадпрымальніка асудзілі за падтрымку Украіны і данаты ў фонд салідарнасці. Пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну прадпрымальнік з Гомля Юрый Ташкінаў у сацыяльных сетках выказваўся супраць вайны і публікаваў справаздачы аб гуманітарнай дапамозе жыхарам Чарнігаўшчыны, якая была акупаваная ў пачатку вясны 2022 года.

Гомельскі абласны суд 17 жніўня прысудзіў Ташкінаву пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады, абвінаваціўшы яго ў распальванні сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт.361-2 КК).

Журналіст Павел Падабед. Крыніца: spring96.org

Асуджанага відэааператара-фрылансера Паўла Падабеда этапавалі з менскага СІЗА № 1 у следчы ізалятар пры магілёўскай турме, адтуль накіруюць у папраўчую калонію. Дзе журналіст будзе адбываць прысуд пакуль невядома. 30 чэрвеня Менскі гарадскі суд прыгаварыў Паўла Падабеда да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў