Расейскія войскі 17 красавіка атакавалі ўкраінскі Чарнігаў прынамсі трыма ракетамі, расказалі чарнігаўскія чыноўнікі. Удар, як паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі, прыйшоўся па аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры амаль у цэнтры гораду, прынамсі 13 чалавек забітыя.
Са словаў кіраўніка Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслава Чавуса, у выніку ўдару загінулі мірныя жыхары, ёсць шмат параненых, працуюць ратавальнікі і медыкі, створаны адмысловы штаб для дапамогі. Ён звярнуў увагу на заклік абласнога цэнтру крыві здаваць кроў для дапамогі параненым – асабліва патрэбная кроў адмоўнага рэзусу.
Удар і наяўнасць забітых пацвердзіў і выканаўца абавязкаў мэра Чарнігава Аляксандр Ламака. У эфіры нацыянальнага тэлемарафону ён паведаміў, што вядома ўжо пра чацвярых забітых. Адна з ракетаў трапіла ў 8-павярховы будынак, пашкодзіла адразу тры паверхі.
Абноўлена. Міністр унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка паведаміў: вядома ўжо пра 13 загінулых, 60 траўмаваных. Сярод пацярпелых двое дзяцей.
Пра выбухі паведамляюць таксама ў Крывым Рогу, Адэсе і Адэскай вобласці, колькасць ахвяраў і маштабы разбурэнняў невядомыя.
За мінулы дзень расейскія войскі нанеслі дзясяткі ўдараў толькі па Чарнігаўшчыне, мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы вялі ў бок дзясятка паселішчаў.
Лінія фронту цяпер далёка ад Чарнігаўскай вобласці, але Расея працягвае біць па гарадах у цэнтры і нават на захадзе Украіны. Так, 14 красавіка Расея ўчыніла ракетную атаку на Дняпро, 11 красавіка біла па Мікалаеве і разбурыла Трыпільскую ЦЭС пад Кіевам.
Алесь Наваборскі belsat.eu