«Кожны чалец «Хамасу» – мярцвяк». Прэм’ер Ізраілю паабяцаў знішчыць групоўку


Прэм’ер-міністр Ізраілю паабяцаў знішчыць «Хамас», заявіўшы, што кожны чалец групоўкі – мярцвяк. Бэньямін Нэтаньягу сказаў пра гэта падчас звароту ўраду нацыянальнага адзінства, перадае «The Times Of Israel».

Наступствы абстрэлу сектару Газа ізраільскім войскам. 11 кастрычніка 2023 года.
Фота: Khaled Omar / Xinhua News Agency / Forum

Як заявіў прэм’ер-міністр Ізраілю, ягоная краіна зазнала варварства.

«Мы бачылі звяроў. Мы бачылі, з якімі варварамі сутыкнуліся. Мы ўбачылі жорсткага ворага, ворага, страшнейшага за «Даіш». Мы бачылі хлопчыкаў і дзяўчатак, звязаных, з прастрэленымі галовамі, мужчынаў і жанчын, якія згарэлі жыўцом, згвалтаваных і забітых маладых жанчын», – сказаў Бэньямін Нэтаньягу.

Ён паабяцаў знішчыць «Хамас», назваўшы кожнага чальца групоўкі мерцвяком:

«Мы змагаемся на ўсю моц, на ўсіх франтах, мы перайшлі ў наступ. Кожны чалец «Хамасу» – мярцвяк».

Армія абароны Ізраілю працягвае серыю маштабных удараў па сектары Газа, яна атакуе аб’екты, звязаныя з тэрарыстычнаю групоўкаю. У тым ліку знішчаецца сетка тунэляў, пабудаваных пасля прыходу «Хамасу» да ўлады ў 2007 годзе. Гэтыя падземныя камунікацыі баевікі выкарыстоўваюць дзеля транспартавання грузаў і рыхтавання нападаў на Ізраіль, кажуць у войску.

Палестынскае Міністэрства аховы здароўя інфармуе, што лік ахвяраў у выніку бамбаванняў вырас да 1200, параненых ужо 5600.

У Ізраілі – 1200 загінулых і 2800 параненых.

Агляд
Што чакае мірных жыхароў сектару Газа – і колькі людзей там не падтрымліваюць тэрарыстаў
2023.10.10 19:09

Тым часам міністр аховы здароўя Ізраілю пастанавіў не лячыць баевікоў, якія атрымалі раненні падчас нападу на габрэйскую дзяржаву. Чыноўнік заявіў, што цяпер дапамогу мусяць атрымліваць ізраільскія вайскоўцы і цывільныя.

«Задача запэўнівання бяспекі і лячэння подлых тэрарыстаў у сістэме аховы здароўя істотна шкодзіць гэтым намаганням, і таму, на маё ўказанне, сістэма аховы здароўя не будзе займацца іх лячэннем», – цытуе міністра выданне «The Jerusalem Post».

Hавiны
Ізраільскія вайскоўцы кажуць пра 1500 забітых баевікоў «Хамасу»
2023.10.10 12:58

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў