Міліцыя затрымала каталіцкіх святароў Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха 8 траўня ў Шуміліне. Парафія Маці Божай Фацімскай у мястэчку Шуміліна ў Віцебскай вобласці засталася без святароў ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, якую католікі адзначаюць 9 траўня, а святароў затрымлівалі адразу тры машыны міліцыі. Пра гэта піша «Katolik.life».
Як распавялі выданню вернікі, затрыманне адбылося пасля таго, як у Шуміліне прайшла сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі:
«Калі ўсе раз’ехаліся, у касцёл прыбылі тры машыны з міліцыяй, усе былі ў цывільным. Агледзелі памяшканні і забралі айца Паўла. У той жа час айца Анджэя затрымалі ў дарозе – ён ехаў на сустрэчу».
Цяпер святары ў ізалятары ў Віцебску. Чакаецца, што суд над імі адбудзецца 10 траўня.
«Гэта азначае, што іх абвінавачваюць па адміністрацыйным артыкуле», – адзначае «Katolik.life».
Абвінавачванне пакуль невядомае.
«Мінімум двое сутак, да суда, святары правядуць за кратамі. Звычайна абвінавачаных па падобных артыкулах трымаюць у асабліва цяжкіх умовах: без матраца, у перапоўненых камерах, даюць вельмі сціплую ежу», – піша «Katolik.life».
Анджэй Юхневіч і Павел Лемех – грамадзяне Беларусі. Яны не першыя святары, якія трапілі пад рэпрэсіі.
Пасля выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі не саромеецца караць святароў і вернікаў за выказванні ці нават малітвы, якія лічацца рэжымам непажаданымі.
Арсен Рудэнка belsat.eu