Прарасейскія крыніцы заявілі пра захоп сяла Первамайскае. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 776-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 9 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы ўскладаюць сцягі на труны з целамі сваіх паплечнікаў Сяргея Канаваля і Тараса Петрышына, якія загінулі ў баях з расейскімі войскамі. Кіеў, Украіна. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё шэрагу атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Тэрны, Верхнякаменскае і Спірнае на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што каля Тэрнаў контратакавалі самыя ЗСУ, у выніку чаго яны вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў.

У гэты ж час, паводле крыніцы, войскі РФ занялі некаторыя апорныя пункты на адвалах мелавога кар’еру пад Белагораўкай.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва застаецца за Узброенымі сіламі РФ, асноўныя намаганні якіх засяроджаныя ў ваколіцах гораду Часаў Яр.

Аналітыкі праекту «Deepstate» пішуць, што войскі РФ цягам апошніх содняў прасунуліся ў сяле Багданаўка, а таксама на поўначы ад сяла Іванаўскае ў бок Часавага Яру. Пры гэтым адзначаецца, што ЗСУ па-ранейшаму захоўваюць пазіцыі на захадзе Багданаўкі і Іванаўскага.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» удакладняе, што каля Іванаўскага УС РФ прасунуліся амаль на кіламетр. Разам з тым крыніца фіксуе прысутнасць украінцаў у крайніх дамах Багданаўкі і Іванаўскага. Нагадаем, раней тэлеграм-канал «Рыбарь» заявіў, што Багданаўка перайшла пад поўны кантроль расейцаў.

Праўкраінскі «Говорять Снайпер» паведамляе, што сітуацыя ў ваколіцах Часавага Яру цяжкая: расейцы хоць і маюць вялізныя страты, але паступова прасоўваюцца да гораду, пры гэтым ЗСУ ўдаецца кантраляваць фронт дзякуючы перавазе ў FPV-дронах.

У Генштабе ЗСУ гавораць, што на бахмуцкім кірунку расейцы атакуюць таксама каля сёлаў Ступачкі, Клішчыеўка і Андрэеўка, але поспеху не маюць.

Яшчэ адна праўкраінская крыніца – тэлеграм-канал «Офіцер» – піша, што ў Клішчыеўцы і Андрэеўцы сітуацыя стабільная.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку войскі РФ паступова рухаюцца на захад ад аднайменнага гораду.

У «Deepstate» гавораць, што расейцы прасунуліся ў сяле Сямёнаўка, а таксама з захаду ад Танэнькага ў бок Уманскага.

Удзень 9 красавіка расейскі ваенкар Сямён Пегаў заявіў, што Узброеныя сілы РФ цалкам занялі Первамайскае.

Між тым, у Міністэрстве абароны РФ пакуль не пацвердзілі гэтай інфармацыі.

Генштаб ЗСУ піша, што праціўнік атакуе таксама ў ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы і Невельскае.

Тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што пакуль войскам РФ не ўдаецца паскорыць тэмпаў наступу на кірунку, бо ЗСУ маюць істотную перавагу ў FPV-дронах, з дапамогаю якіх знішчаюць бранятэхніку расейцаў.

Акрамя гэтага ўкраінцы контратакуюць на ўсёй лініі сутыкнення, імкнучыся адкінуць праціўніка.

На суседнім, навапаўлаўскім кірунку ўкраінскае камандаванне фіксуе 26 безвыніковых атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка і Новамыхайлаўка.

Між тым, выданне «Bild» паведамляе, што Узброеныя сілы РФ зайшлі з паўднёвага ўсходу ў горад Краснагораўка і цяпер займаюць шэраг дамоў на поўнач і поўдзень ад мясцовай чыгуначнай лініі.

Аналітыкі «Deepstate» гавораць, што расейцы чарговы раз прасунуліся ў Новамыхайлаўцы.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку войскі РФ ціснуць на так званым урэмаўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў. У Мінабароны РФ заявілі пра паляпшэнне становішча на пярэднім краі каля сёлаў Уражайнае і Старамаёрскае.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе на фронце паміж населенымі пунктамі Вэрбовае і Работына (на поўдзень ад гораду Арэхаў), але істотных зменаў лініі сутыкнення не адзначаецца.

На херсонскім кірунку расейцы ціснуць на левабярэжжы Дняпра, імкнучыся выбіць сілы абароны Украіны з занятых плацдармаў – Генштаб ЗСУ піша прынамсі пра шэсць няўдалых атак праціўніка за апошнія содні.

Прарасейскія крыніцы паведамляюць, што пакуль ЗСУ ўдала абараняюцца дзякуючы перавазе ў FPV-дронах, з дапамогаю якіх загадзя знішчаецца тэхніка УС РФ.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў