У Нагорным Карабаху адбылася перастрэлка паміж армянамі і азербайджанцамі. Ёсць забітыя


5 сакавіка ў Нагорным Карабаху адбыўся канфлікт паміж вайскоўцамі Азербайджану і армянскай паліцыяй. Ёсць загінулыя і параненыя.

Сутыкненне 5 сакавіка ў Нагорным Карабаху.
Фота: police.nk.am

У паліцыі непрызнанай армянскай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі паведамілі, што каля 10:00 дыверсійная група Збройных сілаў Азербайджану з засады адкрыла агонь па машыне змены пашпартна-візавага аддзелу паліцыі ў раёне Хайпалу. У выніку загінулі трое армянскіх паліцыянтаў і яшчэ адзін быў паранены.

Адзначаецца, што «азербайджанскі бок таксама мае загінулых і параненых і быў адкінуты на зыходныя пазіцыі».

Тым часам у Мінабароны Азербайджану заявілі, што атрымалі інфармацыю пра тое, што з Арменіі ў Нагорны Карабах, у месца знаходжання расейскага міратворчага кантынгенту, павінны былі перавозіць вайсковую тэхніку, боепрыпасы і асабовы склад. Для праверкі азербайджанскія вайскоўцы паспрабавалі спыніць і праверыць аўтамабілі, але ў адказ па іх адкрылі агонь. У ведамстве пацвердзілі забітых і параненых з абодвух бакоў.

Азербайджан ужо апавясціў камандаванне расейскага міратворчага кантынгенту. У Мінабароны падкрэслілі, што «інцыдэнт, які адбыўся сёння, яшчэ раз пацвярджае неабходнасць стварэння Азербайджанам адпаведнага кантрольна-прапускнога пункта на дарозе Лачын-Ханкендзі».

Адказнасць за сутыкненне Баку ўсклаў на «вайскова-палітычнае кіраўніцтва Арменіі».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў