Ціск з боку войскаў РФ па ўсім фронце. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 801-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Пажарныя працуюць на месцы ўдару расійскага беспілотніка падчас нападу Расіі на Украіну ў Харкаве, Украіна, 4 мая 2024 г.
Фота: Vitalii Hnidyi / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 9 атак праціўніка на купянскім кірунку ў ваколіцах населеных пунктаў Петрапаўлаўка і Кіслоўка ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Андрэеўкі і Стэльмахаўкі ў Луганскай.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што найбольшая актыўнасць расейцаў засяроджаная ў сяле Кіслоўка, частка якога знаходзіцца пад іхным кантролем.

На суседнім ліманскім кірунку цягам апошніх содняў войскі РФ прынамсі 7 разоў атакавалі каля Макееўкі, Неўскага і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне, а таксама на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці каля сёлаў Церны і Торскае. Паводле Генштабу ЗСУ, паўсюль абышлося без зменаў па лініі сутыкнення.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» адзначае, што самыя ЗСУ засяродзіліся на знішчэнні артылерыі праціўніка ў ваколіцах торскага выступу.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На поўначы бахмуцкага кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на тэрыторыі Белагораўкі ў Луганскай вобласці. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што расейцы намагаюцца залятаць на транспартных сродках у тылавыя пазіцыі сілаў абароны і замацоўвацца, але пакуль ЗСУ ўдаецца выбіваць праціўніка з дапамогай FPV-дронаў.

Пры гэтым крыніца сцвярджае, што войскі РФ маюць велічэзныя страты на гэтым участку фронту: за апошнія пяць месяцаў у адной з дывізіяў УС РФ засталося каля 1500 вайскоўцаў, хоць прыбыла яна цалкам укамплектаванай (каля 12-14 тысяч чалавек).

Далей на поўдзень па лініі сутыкнення баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Часаў Яр. Паводле тэлеграм-каналу «Бахмутський Демон», тут расейцы ціснуць на сам населены пункт, а таксама намагаюцца абысці яго з флангаў.

Прарасейскі «Рыбарь» паведамляе, што на паўночным фланзе, дзе пад кантролем Збройных сілаў застаюцца населеныя пункты Грыгораўка і Калінаўка, войскі РФ пакуль не могуць прасунуцца, пры гэтым самыя ЗСУ контратакуюць, імкнучыся адкінуць праціўніка.

На цэнтральным участку, паводле крыніцы, расейцы завязалі баі на ўсходніх ускрайках Часавага Яру (мікрараён за каналам Северскі Данец – Данбас) за тэрыторыю мясцовай вучэльні, але прабіцца ўглыб забудовы пакуль не могуць.

Тым часам на паўднёвым фланзе фіксуюцца прасоўванні Узброеных сілаў РФ па тэрыторыі заказніка «Ступкі-Галубоўскія-2» (з поўначы ад трасы Т-0504) да канала.

Акрамя гэтага «Рыбарь» адзначае рух войскаў РФ на ўчастку паміж сёламі Іванаўскае і Клішчыеўка, дзе пад іхны кантроль перайшла лесапаласа на заходніх ускрайках былога аэрадрому.

Канал «Два майора» піша пра сцягванне рэзерваў ЗСУ ў ваколіцы Часавага Яру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook 

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ застаецца і на аўдзееўскім кірунку, дзе яны цягам апошніх содняў прынамсі 34 разы атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Архангельскае, Новааляксандраўка, Сокал, Новапакроўскае, Уманскае і Нятайлава, а таксама на захадзе ад Сямёнаўкі.

«Рыбарь» сцвярджае, што на паўночным фланзе кірунку расейцы цалкам захапілі сяло Архангельскае, а таксама занялі ўчастак паміж гэтым населеным пунктам і суседнімі Ачэрэтына і Керамік.

«Говорять Снайпер» піша, што таксама войскі РФ паступова прасоўваюцца з ваколіцаў Ачэрэтына да трасы Пакроўск – Канстанцінаўка.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што таксама УС РФ прасунуліся на паўднёвым фланзе ў сяле Няйталава.

На навапаўлаўскім кірунку баі фіксуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Парасковіеўка і Вадзяное.

«Рыбарь» паведамляе, што расейцы замацаваліся на тэрыторыі цагельнага заводу ў Краснагораўцы, і цяпер сілы абароны Украіны намагаюцца не дапусціць далейшых прасоўванняў праціўніка.

На іншых участках расейскім вайскоўцам пакуль не ўдаецца дасягнуць заўважных поспехаў.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку захоўваецца актыўнасць Узброеных сілаў РФ на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў. Тэлеграм-канал «Два майора» заяўляе пра чарговыя прасоўванні расейцаў у сяле Ураджайнае – да 300 метраў.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў), але лінія сутыкнення таксама застаецца нязменнай. Праўкраінскі «Офіцер» піша, што войскі РФ пакуль ніяк не могуць замацавацца ў Работыне, большая частка якога праз зруйнаванасць цяпер знаходзіцца ў так званай шэрай зоне.

У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы цягам содняў прынамсі 11 разоў атакавалі плацдармы сілаў абароны, але прасунуцца не здолелі.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што паралельна з гэтым ідуць сустрэчныя баі за кантроль над астравамі ў рэчышчы Дняпра.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў