Расейскае войска працягвае тэрарызаваць Харкаў: у выніку чарговай атакі пацярпелі 4 асобы


У ноч на суботу Расея атакавала Харкаў беспілотнікамі. Усе яны былі збітыя, паведамляюць Паветраныя сілы ЗСУ, аднак праз падзенне абломкаў здарылася некалькі пажараў. У выніку ўдару пацярпелі 4 асобы, праінфармаваў кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сынегубаў.

Пажар у выніку падзення абломкаў расейскага беспілотніка. Украіна, Харкаў. 4 траўня 2024 года.
Фота: suspilne_kharkiv / Telegram

Паветраную трывогу абвесцілі ў Харкаве позна ўвечары 3 траўня. Расейскія вайскоўцы запусцілі дзве групы беспілотнікаў з тэрыторыі Белгародскай вобласці.

Кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сынегубаў напісаў у сваім Telegram-канале, што ў выніку атакі пацярпелі 4 асобы, у тым ліку 14-гадовая дзяўчынка. Яе і адну жанчыну шпіталізавалі. Яшчэ двум жанчынам дапамаглі на месцы.

Праз падзенне абломкаў у горадзе загарэліся некалькі аб’ектаў цывільнай інфраструктуры.

Паветраныя сілы ЗСУ паведамілі, што ў ноч на суботу ў Харкаўскай і Днепрапятроўскай вобласці былі знішчаныя ўсе 13 дронаў-камікадзэ «Shahed», якімі атакавала Расея.

Таксама з Белгародскай вобласці запусцілі 4 зенітныя ракеты С-300 – пра перахопліванне гэтых цэляў інфармацыі няма.

Пажар у выніку падзення абломкаў расейскага беспілотніка. Украіна, Харкаў. 4 траўня 2024 года.
Фота: suspilne_kharkiv / Telegram

Напачатку красавіка выданне «The Economist» напісала, што Расея хоча зрабіць з Харкава «шэрую зону», непрыдатную для пражывання, і рыхтуецца да штурму гораду.

3 траўня прадстаўнік ГУР Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што расейскае войска плануе наступ на Харкаўскую і Сумскую вобласці. Атака можа пачацца напрыканцы траўня або напачатку чэрвеня.

На мяжы з Харкаўскай вобласцю, паводле Скібіцкага, сфармаваная групоўка з 35 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, імаверна, яе павялічаць да 50–70 тысячаў. Аднак усё адно рэсурсаў на захоп буйнога гораду ў агрэсара бракуе, упэўнены прадстаўнік ГУР.

Hавiны
Сітуацыя ва Украіне: поўная ініцыятыва расейцаў на ўсходзе краіны
2024.05.03 17:24

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў